Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Музычныя «агеньчыкі» жывуць у Іванаве

Количество просмотров:

У Драгічыне прайшоў ІІІ Міжнародны конкурс юных музыкантаў «Палескі агеньчык», які сабраў 98 піяністаў, 46 баяністаў, 7 маладых кампазітараў з 14 краін свету. Карэспандэнт «ЯК» сустрэлася з арт-дырэктарам конкурса Юрыем Бліновым, які расказаў многа цікавага пра свой шлях у краіну пад назвай Музыка, пра ўдзел у «Палескім агеньчыку» маладых талентаў увогуле і з нашага горада таксама.

Трэба сказаць, што прозвішча Юрый Бліноў добра вядомае не толькі ў беларускім музыкальным асяроддзі, таму пра яго часта пішуць у СМІ, інтэрнэце, праўда, піяніст-віртуоз, які родам з Драгічына, мае не надта многа часу, каб сачыць за публікацыямі, што прысвечаны яго асобе. Станаўленню свайго таленту, вялікай маральнай падтрымцы, вераю ў яго сілы ён вельмі ўдзячны тром жанчынам – бабулі, Ганне Карпаўне Луцэвіч, якая жыла ў Драгічыне і спявала ў царкоўным хоры, маці, Ларысе Гаўрылаўне Бліновай і настаўніцы музыкі, Людміле Сяргееўне Шэламенцавай. Трохгадовы Юрый меў адно захапленне: надта любіў слухаць радыё, вінілавыя пласцінкі. За гэтаю справай, бывала, не заўважаў, як мінаў дзень. Сёння яго спадчыннік, сын Міраслаў, якому чатыры гады, таксама праяўляе цікавасць да спеваў, але робіць гэта асаблівым чынам – час ад часу сядае і спрабуе свае сілы ля хатняга фартэпіяна, які з’явіўся ў бацькі значна ў пазнейшым узросце. Нягледзячы на выбітнасць свайго імя, Юрый Бліноў, уладальнік шматлікіх прэстыжных прэмій, першы з беларусаў, які даваў канцэрт у Карнэгі-Хол у Нью-Ёрку (2006), доктар музычных мастацтваў (атрымаў у Вышэйшай школе музыкі Істмэна (ЗША, 2009), прызнаецца, што перад любым выступленнем таксама хвалюецца, аднак, сцвярджае, што з першай нотай гэтае пачуццё знікае, музыка завалодвае сутнасцю артыста. Агульную колькасць выступленняў Ю. Бліноў ніколі не лічыў, многа было іх як на Радзіме, так і за мяжой, але краінай нумар адзін, дзе на высокім узроўні існуе музычная культура, беларускі піяніст называе Германію. Там з боку багатага бізнэсу мастацтву аказваецца вялікая падтрымка. Заможныя людзі ладзяць канцэрты, спансіруюць выставы, падтрымліваюць пачаткоўцаў-музыкаў – у Еўропе гэта вельмі прэстыжна. Як дадатнае ў Беларусі Юрый Уладзіміравіч называе тое, што стаўленне нашых суайчыннікаў да класічнай музыкі больш глыбіннае і духоўнае. За мяжой жа вельмі часта адносяцца да класікі, як да спосабу добра правесці час.


Наша размова праходзіць у перапынку паміж выступленнямі – ігру на фартэпіяна чатырнаццацігадовага Цімафея Бранавіцкага (г. Пінск), Юрый Бліноў ацаніў вельмі высока: «Добры хлопец, я думаю, ён пройдзе ў фінал». Прафесіянал не памыліўся – Цімафей не толькі прайшоў у другі тур турніра, ён яшчэ і стаў Лаўрэатам ІІІ ступені «Палескага агеньчыка». У інтэрв’ю Ц. Бранавіцкі прызнаўся, што кожная перамога ў конкурсах такога кшталту ўпэўнівае яго ў тым, што ў будучым неабходна прысвяціць сябе музыцы. А для таго, каб адбываўся прафесійны рост, неабходна, на думку Юрыя Блінова, акрамя прыроджанага таленту, яшчэ сіла волі, вялікая любоў да музыкі, і, абавязкова, вера ў сябе. Да таго ж, каб быць добрым музыкантам, трэба мець шырокі светапогляд, чалавек павінен цікавіцца рознымі з’явамі, прапусціць гэта ўсё праз сябе, каб мець сваю ідэю ў жыцці. Амаль як у беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага, які сцвярджаў, што чалавек – гэта цэлы свет. Нездарма таму, Юрый Бліноў, шчыльны канцэртны графік якога не дазваляе стопрацэнтна прысвяціць сябе многім іншым справам, спартыўны аматар: з нядаўняга часу ён з’яўляецца сузаснавальнікам беларускага футбольнага клуба «Крумкачы», пастаянна ўдзельнічае ў марафонах і паўмарафонах. «Спорт – вялікая сіла», – лічыць Юрый Уладзіміравіч. – «Асабіста мне ён дапамагае, у тым ліку ў творчасці». Так, Ю. Бліноў напісаў канцэрт «Concerto-Krooso» у пяці частках, прысвечаны чэмпіёну свету па футболе Тоні Кроасу, гульцу ФК «Рэал Мадрыд». Але не толькі аднаму гэтаму спартсмену пашанцавала. Поспехі нашага дзесяціборца Андрэя Краўчанкі натхнілі
Ю. Блінова на стварэнне «Дэкатлона». І калі наш зямляк, А. Краўчанка, ужо паспеў ацаніць «падарунак», то сустрэча з Т. Кроасам, спадзяецца піяніст-віртуоз, абавязкова здарыцца ў хуткім часе.
Ацэньваючы ўзровень выступоўцаў сённяшняга «Палескага агеньчыка», яго арт-дырэктар адразу ж гаворыць пра новаўвядзенне – пераможцы старэйшай групы ў намінацыі «Фартэпіяна» давалі канцэрт у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. «Са свайго вопыту магу сказаць, што гэта сур’ёзнае выпрабаванне для маладых артыстаў. Аднак яны адолелі яго на высокім узроўні», – дае сваю ацэнку Ю. Бліноў. – Аднак у будучым на «Палескім агеньчыку» я хацеў бы бачыць больш моцных выступоўцаў-баяністаў, акардэаністаў, фартэп’яністаў. Такіх, напрыклад, як уладальніка Гран-пры Сіманаса Мікнюса з Каўнаса (Літва). Хлопец у няпоўныя пятнаццаць год паказаў цудоўную ігру на фартэпіяна, здавалася, што перад намі – сталы і вопытны музыкант. Акрамя таго, з дапамогай музыкі ён перадаў свой светапогляд, паказаў добрую якасць гучання і тэхніку выканання. Больш таго, ён вельмі добра сцэнічна падрыхтаваны».
Удзельнічалі ў конкурсе тры піяністкі з гарадской СШ №4. Дзве дзяўчынкі – Ніка Рэуцкая і Марыя Старавойтава (настаўнік Ларыса Перчанка) – выступалі ў намінацыі «Дэбют» (Лаўрэаты ІІ і ІІІ ступені), Марыя Апольская была ўзнагароджана Дыпломам І ступені. Н. Рэуцкая, удзельніца і пераможца шматлікіх музыкальных мерапрыемстваў, прызналася, што з чатырох твораў, якія грала на «Палескім агеньчыку», больш за ўсё любіць іграць «Жартачкі» У. Селіванава. Чаму? Ёй пакуль цяжка пэўна аргументаваць свой выбар. Жыццясцвярджальны настрой твора сугучны настрою маленькай фартэп’яністкі, якая хоча стаць такой жа, як і Юрый Бліноў, адданай музыцы і апантанай ёю.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара.