Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

На шляху да Гняздоўя Жар-птушкі

Количество просмотров:

Што такое паэзія: «Пагібель?.. Надзея?.. Збавенне?.. Нязграбная ноша?.. Ці крыж?» І дзе шукаць яе: у гаманкім захапленні вясны, бурлівым, няўрымслівым плёсе, у паланенні журбы? На гэтыя мудрагелістыя пытанні пакутліва шукае адказ паэтка з Піншчыны Марыя Кобец, для якой, па яе ж асабістым прызнанні, творчасць стала ладам жыцця, яна для яе і «любоў… да шаленства… ўтрапення», і «нянавісць… да ўедлівых слёз», і «Веры Святой наталенне», і «споведзь, і каянне ўслых»… Паэзія – гэта надзвычай трапяткая сфера. Найчасцей мелодыя радка нараджаецца ў моманты глыбокіх душэўных узрушэнняў, калі пачуцці – радасныя альбо тужлівыя – цераз край. Паэзія – вынік бур душэўных і прыстанішча яе – у душы.

Пра гэта творца расказала падчас чарговага пасяджэння клуба «Гара-
джанка» ў раённай бібліятэцы імя Ф.І. Панфёрава, прымеркаванага да Сусветнага дня паэзіі, які штогадова адзначаецца 21 сакавіка згодна з рэзалюцыяй трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ад 15 лістапада 1999 года.
Дыялог з прыхільнікамі мастацкага слова вёўся даверны, шчыры, так бы мовіць, «вочы ў вочы». А іначай, як мне здаецца, і немагчыма размаўляць паэту са сваёй аўдыторыяй: толькі праз давер і шчырасць можна пракласці сцежку да сэрцаў людскіх, толькі тады музыка верша знойдзе водгук у слухачоў.
Пакручастай была сцяжына Марыі Кобец у паэтычны свет. Не адразу жанчына адшукала яе між зваблівых спакусаў жыцця. Перш, чым прынесці душу сваю на алтар творчасці, Марыя прысвяціла сябе не меней важнай справе: шчыравала ў роднай вёсцы Валішча фельчарам. Але, напэўна, кожнаю жылкай сваёй адчувала пакліканне да паэзіі. Ці не таму кардынальным чынам змяніла напрамак дзейнасці, узначаліўшы Валішчанскі сельскі Дом культуры? Паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ. Працавала рэдактарам карэспандэнцкага пункта г. Пінска РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія «Брэст», цяпер намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– Палескай Мадоннай з Валішча называюць Марыю Уладзіміраўну, – паведаміла вядоўца мерапрыемства супрацоўнік бібліятэкі Валянціна Іванаўна Пашко. – Вершы яе друкаваліся ў перыядычных выданнях Беларусі, калектыўных зборніках. Яна аўтар паэтычных зборнікаў «Кроплі» (адзначаны літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама), «Палыновая квецень» і «У белым ветразі завей», які, дарэчы, Мінскім абласным аддзяленнем Саюзам пісьменнікаў Беларусі вылучаны на рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія» па выніках 2018 года ў намінацыі «Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii».
Аўтарка аўтарытэтна заявіла пра сябе як на прасторах роднай краіны, так і за яе межамі. Яна не толькі член Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Вершы паэткі перакладзены на англійскую, італьянскую, іспанскую, нямецкую, нідэрландскую, украінскую, польскую, румынскую, сербскую, славенскую, азербайджанскую, туркменскую, кіргізскую, албанскую, балкарскую, башкірскую, кітайскую, тайваньскую, пенджабі, хіндзі, чарнагорскую, чачэнскую, чувашскую і інш. мовы.
Да таго ж, майстар слова і сама актыўна займаецца перакладамі паэзіі з іншых нацыянальных літаратур.
Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў нашым горадзе Марыя Уладзіміраўна была ўзнагаро-
джана Ганаровай граматай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» за ўмацаванне міжнародных літаратурных кантактаў і папулярызацыю беларускай літаратуры за мяжой. Пазней пісьменніца стала залатым лаўрэатам Еўразійскай міжнароднай прэміі ў намінацыі «Мастацкая літаратура».
– Вы – прыклад таго, як трэба прадстаўляць нашу Беларусь за мяжой, – уражаны рупнасцю творцы на перакладчыцкай ніве, зазначыў удзельнік імпрэзы Анатоль Дзенісейка. Анатоль Іванавіч падкрэсліў адметнасць творчасці Марыі Кобец, у вершах якой ёсць месца і мяккаму лірызму, і філасофскаму асэнсаванню рэчаіснасці. Зрэшты, гэта яскрава пацвердзілі і творы ў выкананні аўтара.
У рыфмаваных радках, экспрэсіўных, кранальных, узнёсла-лірычных, нібы ў чароўным люстэрку, адвображвалася чуйная душа паэткі, знітаваная трывалай повяззю з малой радзімай, дзе неба найяснейшае і хмаркі найчысцейшыя, дзе дожджык асенні цяплей і поле найвальней. Слухачы адчулі ў паэтычным слове красу навакольных краявідаў, глыбіню інтымных перажыванняў, спрадвечнае імкненне чалавека знайсці адказы на пытанні аб сэнсе жыцця.
«Колеры яе паэзіі падобныя да тых красак і фарбаў, якімі расквечаны атуляючы паэтэсу край», – выказаўся пра талент Марыі Уладзіміраўны ў прадмове да кнігі «Палыновая квецень» Алесь Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Называючы жанчыну «вандроўніцай па Палескаму свету», Алесь Мікалаевіч сцвярджаў, што яна прыносіць да чытача з гэтых вандровак «святло і цемень, туманы і світанні, колеры вады і неба, прыносіць усю прастору, за якую яшчэ і нясе адказнасць як Паэт. Адказнасць за рэкі і лясы, за зямлю і неба, за Чалавека, якому верыць, на якога спадзяецца, ад якога чакае дабрыні і пяшчоты, разумення і спагады».
Вытанчаныя радкі Марыі Кобец з задавальненнем прачыталі ўдзельнікі ўзорнага тэатра «Папугай» РЦКіНТ. А «іванаўскі Ясенін» Уладзімір Гетманчук далучыў да поліфанізму паэзіі аўтаркі свой непаўторны пранікнёны голас, а таксама, натхнёны творчасцю госці, прачытаў вершы-перапевы. Гэтыя з дасціпным гумарам «перапетыя» радкі ўнеслі ў лірычна-філасофскую плынь размовы гарэзлівыя ноткі, але па сваёй сутнасці сутрэча ўсё ж уяўляла жаночую споведзь аб патаемным, шчымлівым.
– Я жонка, маці двух дарослых сыноў, – прызнавалася Марыя Уладзіміраўна і з адценнем скрухі каялася: – Але яны страцілі мяне, калі я прыйшла ў паэзію. Я ўвесь час думаю пра… творчасць. Думаю раніцай, увечары, ноччу ў хвіліны бессані. Без гэтага не ўяўляю свайго жыцця.
Я ж мяркую, што творца дарэмна дакарае сябе за тое, што мала часу ўдзяляе сям’і. Значыць, у самадастатковых мужчын Марыі няма пільнай патрэбы ў пастаяннай яе прысутнасці ў хаце. Калі б гэтая прысутнасць была жыццёва неабходнай, жанчына, упэўнена, была б поруч з роднымі. Бо сэрца яе, несумненна, любіць. Пра гэта сведчыць яе паэзія. А паэзія, як вядома, калі яна сапраўдная, не можа нараджацца ў душы без любові. Магчыма Сам Усявышні парадкуе лёс Марыі Кобец такім шчаслівым чынам, каб яна магла без перашкодаў займацца творчасцю, каб настойліва шукала маршрут да вялікага Гняздоўя Жар-птушкі (як пра гэта піша ў вершы-вярлібры «Сонца», перакладзеным на 32(!) мовы свету), які адшукваюць толькі адзінкі з сотняў тысяч праміж мільёнаў падманных прыстанішчаў, каб хапіла ёй моцы ў нагах, зроку, слыху ці разумення адолець гэты шлях і застацца ў Святасці Яго назаўсёды прасветленай.

Ірына САЛОМКА.
 Фота аўтара.