Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Наша спадчына – мова бацькоў

Количество просмотров:

І вось аднойчы збылося: у сэрцы з’явілася Слова.
І ў Слове тым быў Бог. А потым… узнікла мова…
Ігар Пракаповіч.

Даўно лічыцца аксіёмай сцвярджэнне, што родная мова – неацэнны скарб, які перадаўся нам ад продкаў. Як правіла, у звыклай жыццёвай мітусні, калі за дзень неадкладна трэба выканаць мноства спраў, значных і дробязных, мы пра гэта забываем. А яшчэ кажуць, што мова яднае людзей. Па-сапраўднаму адчуць і ўсвядоміць гэту магнетычную сілу лучнасці матчыным словам можна тады, калі надоўга пакідаем межы роднай краіны. І калі выпадае спаткаць на чужыне земляка, пачуць знаёмую з маленства гаворку, то ўжо выпадковы стрэчны здаецца найбліжэйшым родзічам, а імгненні, азораныя сустрэчай, надоўга, калі не назаўжды, застануцца ў памяці.
Некалі Францішак Багушэвіч вобразна назваў мову “адзежай душы”. У шыкоўную вопратку, сваю вопратку, сатканую з мілагучнай беларускай мовы апрануліся душы ўдзельнікаў тэматычнай праграмы “З любоўю да роднага слова”, якую падрыхтавалі і правялі ў рамках Дня беларускага пісьменства работнікі сельскага Дома культуры аг. Моталь сумесна з работнікамі мясцовай бібліятэкі.
На свята завіталі аматары прыгожага пісьменства, актыўныя чытачы, людзі, улюбёныя ў малую радзіму. Чароўны свет роднай мовы адкрыўся для іх экскурсам у даўніну, калі плённа шчыравалі на неабсяжнай ніве беларускага пісьменства слынныя пачынальнікі беларускай гісторыі і культуры Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі... Ушаноўвалася імя найбольш яркага прадстаўніка нацыянальнай культуры эпохі Адраджэння, чалавека выключна шырокай эрудыцыі Францыска Скарыны.
Праз стагоддзі да сучаснікаў данеслі свае непаўторныя галасы, увасобленыя ў друкаваным слове, Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і іншыя майстры слова, якімі для дзяцей і дарослых створаны казкі, вершы, апавяданні, аповесці.
Багата літаратурнымі талентамі і наша Берасцейшына. Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Георгій Марчук, Анатоль Крэйдзіч, Надзея Парчук… У мастацкім слове пісьменнікі не раз выказвалі кранальную любоў да роднай мовы.

Z Ljuboschju Da Slova 2


У ходзе сустрэчы прыгадваліся таксама імёны літаратараў Іванаўшчыны: Аляксея Каўко, Анатоля Дзенісейкі, Васіля Жушмы, Валерыя Кухарчука, Уладзіміра Гетманчука і інш.
Вялася зацікаўленая размова пра мотальскіх самабытных аўтараў. Сярод местачкоўцаў жывуць вершы паэта-самавучкі Сяргея Каляска, які нарадзіўся ў 1901 годзе ў сям’і каваля. На першы погляд, творы могуць здацца прымітыўнымі, але ў іх столькі шчырасці, замілаванасці роднымі мясцінамі.
І зараз жывуць у Моталі людзі, якія апяваюць прыгажосць дарагіх сэрцу краявідаў, стваральную працу вяскоўцаў, гераізм людзей у гады вайны. Гэта Валянціна Кульбеда-Бакун, аўтар паэтычных зборнікаў «Гарыць над Ясельдай заранак», «І поўніцца сэрца малітвай», якая па-жаночы пяшчотна піша пра жытнёвыя нівы і рамонкавыя лугі, ружовыя заранкі над Ясельдай, майстравітых землякоў-умельцаў, спаконвечныя святыні продкаў.
Пранікнёна гучала на мерапрыемстве паэтычная ліра маталянкі Таццяны Дзямковіч. Жанчына ў вершаваных радках выказала сваё захапленне Радзімай, распавяла пра сябе.
Ведучы жывы дыялог з землякамі, вядучыя не маглі не засяродзіць увагу прысутных на асаблівасцях мясцовай гаворкі. А яна ў маталян, зразумела (бо і самі гэтыя людзі своеасаблівыя, з характарам), адметная, каларытная, насычаная трапнымі прыказкамі і прымаўкамі, што пацвердзіла тэатралізаваная пастаноўка “Чы ваша Хема дома”. Дарэчы, тэатралізаваныя фрагменты, міні-спектаклі, а яшчэ паэтычныя творы, музычныя нумары, харэаграфічныя замалёўкі, адмыслова ўплеценыя ў канву свята, не толькі надзвычай хораша аздобілі яго, але і сталі яскравым сведчаннем высокага майстэрства артыстаў СДК, сярод якіх салісты Ігар Чугаеў, Надзея Кахавец, ансамбль “Мужыкі”, дзіцячага хора і вакальнага ансамбля “Гулкі” Мотальскай дзіцячай школы мастацтваў.
У зале панавала цёплая атмасфера беларускасці, якую стварылі ўпрыгожаная беларускім арнаментам, блакітнымі валошкамі і каласамі сцэна, а найбольш за ўсё людзі, зраднёныя родным куточкам, незвычайна прыгожым у любую пару года: ці то завірушнай зімой, ці то далікатна-лагоднай вясной, сонечна-залацістым летам, ліставейнай восенню.
– Размаўляйце па-беларуску, размаўляйце па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя, – на развітанне звярталіся да ўдзячнай аўдыторыі вядучыя. – Толькі тады цябе будуць шанаваць як чалавека, калі не адкінеш свайго ўласнага нацыянальнага багацця.
Сэрцы ўдзельнікаў імпрэзы чуйна адгукаліся на гэтыя праўдзівыя словы. Так, сапраўды, мова з’яднала людзей. І гэта было цудоўнае яднанне, яднанне душэўна-шчымлівае, ад якога мацнее перавясла пераемнасці пакаленняў, мацуецца сувязь часоў.

Ірына САЛОМКА.