Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

«Не люблю цёплых людзей!», альбо Фантастычнае ў будзённым

Количество просмотров:

Выхад у свет новага выдання – заўжды падзея нерадавая, прынамсі, для аматараў мастацкага слова, для тых, хто здольны цаніць не толькі выгоды матэрыяльныя, але і скарбы духоўныя. 
Магчымасць сустрэцца з кнігай, а таксама ж пазнаёміцца з унікальным чалавекам надарылася ў тых, хто, адклаўшы справы будзённыя, завітаў у цэнтральную раённую бібліятэку імя Ф.І. Панфёрава на сустрэчу з вядомай беларускай і ўкраінскай пісьменніцай Наталляй Васільеўнай Бабінай (Наталкай Бабінай), карані роду якой трывала павязаныя з Брэстчынай.

– Я приїхала сюди, тому що маю відношення до цієї землі: в Бошні моя сім’я жила. Хотілось мову почути рідну. Я вже спостерігала перед зустріч, як ви тут щебечете, – так пяшчотна, па-ўкраінску, пачала гутарку з янаўцамі пісьменніца.
Наталля Васільеўна расказала пра сваю невялічкую вёсачку Заказанка, якая размяшчалася на беразе Буга за паўтара дзясятка кіламетраў ад Брэста, дзе прайшлі першыя гады яе маленства, пра паляшуцкую гаворку, якую лічыць дыялектам украінскай мовы, пазнаёміла прысутных з адметнасцямі ўкраінскага алфавіта. Пасля паспрабавалі чытаць вершы на роднаснай беларусам мове, змешчаныя ў чарговым, шостым па ліку, выпуску беларуска-ўкраінскага альманаха «Справа», які выдае Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
У рамках мерапрыемства аўтарка прэзентавала свой новы твор, фантастычны трылер, «Бодай, будка. Хтось тихий мовчить у темряві», напісаны 
па-ўкраінску. Крытыкі вылучылі ў ім рысы прыгодніцкага, жаночага, дэтэктыўнага і нават палітычнага рамана.
– Шчыра кажучы, ствараючы кнігу, я зусім не думала пра палітыку, – заўважыла аўтарка. – Мне хацелася напісаць пра нашу верагодную будучыню. Мы з вамі жывём у звышімклівы час, калі чалавецтва перажывае глабальныя цывілізацыйныя зрухі. Змяняецца клімат, змяняецца сам чалавек. Прызнацца, я адчуваю ўнутраную трывожнасць ад усіх гэтых ператварэнняў. Якімі будуць іх наступствы? Ці ёсць у людства перспектыва? Усё гэта знайшло адгалосак у маіх творчых памкненнях.
Дзеянне твора (своеасаблівага рамана ў рамане) адбываецца пад Брэстам. Галоўная гераіня – пісьменніца, якая піша гісторыю Берасцейшчыны. У жыцці яе адбываюцца непрыемныя падзеі. Паступова становішча набліжаецца да катастрафічнага: на зямлю нападаюць грозныя антыгомы, якія здольныя знішчыць жыццё. Ці змогуць героі трылера процістаяць злым сілам?
Аб фінале рамана аўтарка не распавяла заінтрыгаванаму слухачу. «Тады не цікава будзе чытаць» – патлумачыла яна і прадоўжыла: «Ён пісаўся на адным дыханні. Вы не ўяўляеце, што творыцца ў галаве ў хвілі натхнення! Часам я і сама дакладна не ўяўляла, як будзе развівацца дзеянне – кніга вяла мяне за сабой».
Дарэчы, згаданы твор – не адзіны ў пісьменніцкай скарбонцы Наталкі Бабінай: у 2007 годзе выйшаў з друку зборнік апавяданняў «Крыві не павінна быць відна», шырокую папулярнасць прынёс беларускамоўны раман «Рыбін горад», перакладзены на ўкраінскую, англійскую і польскую мовы.
Насуперак меркаванням, што дыялог падчас сустрэчы пойдзе пераважна аб фантастычным, згодна з жанравымі асаблівасцямі прэзентуемага твора, суразмоўцы, акрамя літаратурных, закранулі надзённыя пытанні нацыянальнага самавызначэння, ролі мовы як фактара кансалідацыі нацыі, сэнсу жыцця.

Ірына  Саломка.