Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Новы творчы поспех «Крынічкі»

На працягу многіх гадоў на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» дзейнічае ўзорны тэатральны калектыў «Крынічка», у якім займаюцца 15 таленавітых дзяцей.

У творчай біяграфіі калектыву – шмат яркіх старонак. Нядаўні творчы поспех прынёс новы спектакль па п’есе Ксеніі Сцяпанычавай «Ружовы банцік», з якім калектыў на высокім узроўні ў чарговы раз, 13 сакавіка, і пацвердзіў званне «Узорны». 
Павучальны спектакль у дзвюх дзеях распавядае пра тое, што дабро заўжды перамагае зло, прыгажосць і дружба знаходзяцца вакол нас – варта толькі захацець іх убачыць. На працягу дзеяў настрой спектакля змяняецца, падкрэсліваючы тое, што чалавеку трэба памятаць пра светлае, імкнуцца рабіць толькі добрыя справы.
Маленькія зорачкі, якія рэалізоўваюць свой творчы патэнцыял і ўносяць уклад у развіццё тэатральнага мастацтва, – гэта вучні 6-7 класаў сярэдняй школы №3 г. Іванава. Дзеці з задавальненнем выконваюць свае ролі: ружовы банцік – Злата Дарагакупец, жоўты аловак – Кацярына Рынкевіч, сіні аловак – Антон Лівіцкі, барабан – Мілана Сергейчук, мышка – Кіра Замкавец, алоэ – Таццяна Леанчук, месячнае святло – Дар’я Крыпіневіч, лятучая мыш – Кацярына Барычэўская, пыл – Аліна Чудзіновіч, павуціна – Маргарыта Мядзведская. 
Хочацца адзначыць, што, дзякуючы плённай працы і творчаму патэнцыялу рэжысёра Таццяны Васільеўны Казека, у тэатральным калектыве пануе ўнікальная атмасфера душэўнай цеплыні, а на рэпетыцыях – творчасць і дружалюбнасць.
Касцюмы, якія пашылі да спектакля педагог дадатковай адукацыі Галіна Мікалаеўна Дашкевіч і ўдзельнікі гуртка «Волшебная иголочка», не перанасычаны дробязямі, 
а падкрэсліваюць галоўнае ў кожнай асобе.
Не менш важнымі атрыбутамі спектакля з’яўляюцца дэкарацыі, якія намалявала педагог дадатковай адукацыі Валянціна Мікалаеўна Вядзёрчык. 
Займаючыся тэатральнай дзейнасцю, мы імкнемся зрабіць жыццё нашых навучэнцаў больш цікавым і змястоўным, напоўненым яскравымі ўражаннямі і радасцю творчасці. 
І хочацца пажадаць ім плёну ў творчасці, а іх бацькам і класным кіраўнікам выказаць вялікую падзяку, што дапамагаюць нам развіваць і  падтрымліваць юныя таленты.

Нэлі Гарнастай, 
кіраўнік тэатральнага калектыву «Крынічка».