Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Опальскі фальварак вітаў гасцей

Количество просмотров:

Сапраўднае свята народнай песні і творчасці аматараў фальклору Іванаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў адбылося ў мінулыя выхадныя на гасціннай Опальскай зямлі. Дзякуючы мерапрыемству, якое праходзіць другі год запар, прысутныя змаглі не толькі дакрануцца да гісторыі, але і пачуць аўтэнтычнае выкананне музычных твораў розных куткоў Брэстчыны.  

Гудзеў фальваркавы кірмаш

Опальскі кірмаш шырока разгарнуўся непадалёку ад канцэртнай пляцоўкі. Майстры народнага промыслу здзіўлялі апалян і шматлікіх гасцей сваімі вырабамі: самаплеценымі кашамі, аўтэнтычнымі стылізаванымі касцюмамі, гліняным посудам, драўлянымі бочкамі і маслабойкамі, цікавымі цацкамі, псышчаўскімі сырамі, якія па густу свайму не саступаюць хатняму сыру. Рознымі вырабамі частавала гасцей Іванаўскае райспажыўтаварыства. Жадаючыя прынялі ўдзел у бяспройгрышнай латарэі, спартыўных спаборніцтвах.

Да Залеўскіх у госці

Распачалася святочная праграма ўрачыстым шэсцем. Шчырая гаспадыня фэсту пані Габрыэла Залеўская вітала ўсіх удзельнікаў, запрашаючы да сябе ў маёнтак. Варта адзначыць, што асноўнае дзеянне разгарнулася на некалькіх канцэртных пляцоўках. Гістарычная пастаноўка, якая суправаджалася музычнымі выступленнямі творчых калектываў, здзівіла не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь. Хлопцы і дзяўчаты з вялікім задавальненнем назіралі за дзеяннем, якое праходзіла ў маёнтку. А паглядзець было на што. Яснавяльможная пані Габрыэла Залеўская з Польшчы, пані Дзізічка, паны ўраднікі, пан Ян Ласовіч з Янава, пан Пузын са Стрыгаўскіх зямель, Матыль і Рохля, панства і сялянства, пераапранутае ў гістарычныя касцюмы вялі гутарку на некалькіх мовах: адныя – на опальскі манер, другія – на мотальскі, трэція наогул размаўлялі па-польску. Цікава было назіраць за гасцямі, якія прыехалі з розных маёнткаў Янаўшчыны і прылеглых тэрыторый і адорвалі яснавяльможную пані Залеўскую рознымі падарункамі: мяхамі, саджанцамі, мотальскімі прысмакамі. Аднак галоўным падарункам для паважанай кабеты сталі музычныя нумары ў выкананні творчых калектываў, якія прыехалі са сваімі панамі. Добра гралі і спявалі, віруючы песнямі, танцамі і скокамі народны ансамбль «Мужыкі» (СДК аг. Моталь), заслужаны аматарскі калектыў ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» (ЦКіНТ г. Іванава), народныя фальклорна-этнаграфічныя ансамблі «Панёвы» (СДК аг. Опаль), «Жураўка» (Спораўскі СДК, Бярозаўскі раён), ансамбль песні «Ясніца» (Стрыгаўскі СДК, Кобрынскі раён), узорны ансамбль фальклорнага танца «Ліпачка» (Ліпнікскі СДК, Драгічынскі раён). У рамках раённага свята адбылося ўрачыстае адкрыццё гістарычнай карты Опальскага фальварка «Маўклівыя сведкі гісторыі». Права адкрыць гістарычную карту сядзібнага комплексу Залеўскіх на месцы, дзе калісьці быў уваход у панскі маёнтак, было прадастаўлена старшыні Опальскага сельвыканкама Галіне Варашылавай, а таксама самым маленькім жыхарам аграгарадка, якія ў будучым будуць захоўваць гістарычную спадчыну Опальскай зямлі.
Пасля цікавай канцэртнай праграмы ўдзельнікі фэста накіраваліся на опальскі кірмаш, дзе зазірнулі на маслазавод і бровар, пачаставаўшыся мясцовымі напоямі і прысмакамі, прагуляліся па тэрыторыі фальварка, пакаталіся на конях.  

Opalski Falvarak 1
Opalski Falvarak 2
Opalski Falvarak 3
Opalski Falvarak 4
Opalski Falvarak 5
Opalski Falvarak 7
Opalski Falvarak 8
Opalski Falvarak 9

Опальская саля  

Прадоўжылася свята этна-вечарынай «Опальская саля», на якую, нарэшце, прыбыў сам пан Багуслаў. Запрасілі на свята гарманістаў заўзятых, і танцораў, і акцёраў, і прыпевачніц вясёлых. Перад тым, як танчыць, вядучая абвесціла ўмовы гульні ў стужкі. Кожны гарманіст падчас выхаду на сцэну павязваў стужку на кола і граў свае музычныя кампазіцыі. Астатнія ў гэты час танчылі і весяліліся, змагаючыся за званне лепшага танцора салі. Выдатна і весела гучалі гармонікі ансамбля «Грай, гармонік» сям'і Якушыкаў, братоў Яўгена і Васіля Юхнікаў, баяніста з вёскі Сухое Пятра Струка, музыкі і пчалавода Мікалая Шаўчука. Госці фэсту танчылі пад запальныя гукі гармоніка нягле-дзячы на спякоту, што азначала толькі адно: свята арганізавалі нездарма.

Хай льецца песня звонка

Дзявоцкія песні, мужыцкія танцы, розныя шляхецкія і сялянскія гульні, шыкоўны бровар можна было знайсці ў гэты дзень на свяце. Ураджэнцы аграгарадка Віталь Клышко, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама, і Пётр Дабра-дзей, старшыня раённай арганізацыі КПБ, звяртаючыся да прысутных, падкрэслілі значнасць правядзення такога фестывалю на Опальскай зямлі.
– Ведаеце, няма лепш жыцця, у якім гучыць музыка, як сёння на фестывалі. Наш абавязак – упрыгожыць аграгарадок, зрабіць жыццё ў ім утульным і прыемным, – адзначыў падчас свайго выступлення Віталь Рыгоравіч. Да яго слоў далучыўся таксама Пётр Уладзіміравіч:
– Опаль – наша родная вёсачка, месца, дзе мы нарадзіліся, хрысціліся, пусцілі карані. Я заўсёды вучыўся жыццю ў апалян, пераймаў лепшыя якасці чалавека, парткама, гаспадарчыя струны. Дзякуй вялікі і нізкі паклон за вашу працу. Паверце, мы зробім усё магчымае, каб жыццёвы агеньчык апалян не згас.
Старшыня Опальскага сельвыканкама Галіна Варашылава падчас свайго выступленння выказала словы падзякі дырэктарам адкрытых акцыянерных таварыстваў «Опаль- Агра» і «Псышчава Агра» Віталю Бучыку і Віктару Андрусевічу, начальніку аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціне Барадзінчык, творчым калектывам.
– Сёння мы пабывалі ў цудоўным мястэчку – Опальскім фальварку. Гасцінная Габрыэла і тутэйшыя паны запрасілі нас сюды, каб мы ўзгадалі сваю гісторыю, дакрануліся да яе сваім сэрцам. Прыемна
адзначыць, што гэта адбылося менавіта ў Год малой радзімы. Дзякуй вам, дарагія госці, за тое, што знайшлі час пабываць на свяце, якое ўжо набрала свае маштабы. Веру, што гэты творчы праект прыжывецца на Опальскай зямлі, – адзначыла Валянціна Андрэеўна.  
Не абышлося ў гэты дзень без узнагароджвання за нястомныя сэрцы, залатыя рукі, палаючыя творчасцю душы. Дыпломамі за ўдзел у свяце «Опальскі фальварак вітае гасцей» атрымалі ААТ «Псышчава Агра» і «Опаль-Агра», Іванаўскі раённы ЦКіНТ, калектыў СДК аг. Опаль, ДУК «Музей народнай творчасці Бездзежскі фартушок», Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная, Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў дэкаратыўна-народнай творчасці, Рыгор Клімук (пляценне кашоў), Васіль Давідовіч і Мікалай Шаўчук (пчалаводства), Міхаіл Марзан, Мікалай Калько і Фёдар Верэніч (разьба па дрэву). Дыпломы і падарункі атрымалі творчыя калектывы і вакалісты, якія прынялі ўдзел у свяце: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі», народны ансамбль народнай песні «Мужыкі», узорны ансамбль фальклорнага танца «Ліпачка», ансамбль песні «Ясніца», фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Жураўка», ансамбль гарманістаў «Грай, гармонік», фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Панёвы», маладзёжная студыя «Натхненне», народны тэатр «Золак», а таксама Ларыса Савонік, Мікалай Шаўчук, Аляксандр Білецкі, Раман Барычэўскі, Аляксандр і Таццяна Якушка, Пётр Струк, Іван Мазур і Юрый Мандрык.
***
Вакол гавораць: «Калі не спявалі, то і не весяліліся». А ў Опальскім фальварку весялосці хапала. Бо кожны панок прывёз сваіх спевакоў, якія падтрымалі ідэю фэста і павесялілі ўсіх прысутных. Дзякуй арганізатарам за тое, што традыцыі захоўваюць, што добрыя песні спяваюць, што на музычных інструментах іграюць.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.