Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Паклікала песня ў дарогу

borodinchikРозныя надараюцца нагоды для далёкіх вандровак у замежныя краіны: адны едуць на сустрэчу з сябрамі ці родзічамі, іншыя гараць жаданнем адкрыць для сябе неспазнаны свет. Ёсць і такая катэгорыя падарожнікаў, якіх кліча ў далёкую дарогу… творчасць. Менавіта так найчасцей бывае ў асяроддзі культурнай эліты: артысты выязджаюць у разнастайныя камандзіроўкі з мэтай наладжвання дружалюбных кантактаў і творчых сувязей з іншымі народамі.
Днямі з чарговай іншаземнай паездкі – у сонечную Італію, дзе ладзіўся Міжнародны фестываль традыцыйнай культуры,– вярнуліся Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» раённага Цэнтра культуры і народных традыцый і народны ансамбль танца “Янаўцы” Іванаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў.
Каларытнае выступленне нашых артыстаў стала гожай візіткай краіны, той краіны, дзе “крылы ўздымаюць буслы”, дзе жывуць людзі, улюбёныя ў айчынны куточак.
Аб фестывальных мерапрыемствах, незабыўных сустрэчах і знаёмствах, непаўторнай паўднёва еўрапейскай краіне – словам, аб усім, чым уразіла і зачаравала вандроўка, гутарым з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Валянцінай БАРАДЗІНЧЫК.

 

– Валянціна Андрэеўна, зразумела, запрашэнні на такія прэстыжныя ўрачыстасці атрымлівае далёка не кожны творчы калектыў: для гэтага павінны быць сапраўды важкія падставы? Значыць, будзе дарэчным павіншаваць Вас з такой знамянальнай падзеяй, што і раблю з прыемнасцю. Як сталася, што якраз нашым артыстам выпаў гонар прадстаўляць Беларусь на міжнародным фестывалі?

– Сапраўды, гэта вялікі гонар для нас. Да таго ж, мы былі адзіныя дэлегаты ад Беларусі на гэтым шыкоўным культурным форуме. Чаму менавіта мы?.. Паездка стала магчымай, дзякуючы падтрымцы секцыі ЮНЕСКА па арганізацыі міжнародных фестываляў G.I.О.F.F. Трэба зазначыць, што гэта даволі ўплывовае аб’яднанне, ад вердыкту якога ў многім залежыць творчы лёс калектыву ў плане яго ўдзелу ў мерапрыемствах міжнароднага маштабу. Здарылася так, што прадстаўнікі секцыі паглядзелі відэаролік выступлення “Палешукоў” на Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Славянскі вянок” у Бабруйску. Самабытныя песні і музыка “палешукоў”, як кажуць, узялі за жывое. Пасля гэтага арганізатарам фестывалю быў накіраваны яшчэ адзін відэаролік выступлення ансамбля, аздоблены зухаватым “танцам” “янаўцоў”. І нам даслалі запрашэнне на фестываль. Так што можна сцвярджаць, што мы паспяхова прайшлі своеасаблівую творчую экспертызу.

– Уласна якой мясціне Італіі пашчасціла чуць непаўторны голас Беларусі, дзе канкрэтна праходзілі ўрачыстасці? Прадстаўнікі якіх краін бралі ўдзел у свяце фальклору?

– Асноўная праграма фестывалю ладзілася на плошчы С. Стэфано горада Буя, у паўночнай частцы Італіі, дзе, акрамя беларускіх артыстаў, прадставілі сваю творчасць калектывы з Македоніі, Босніі і Герцагавіны і, канечне ж, Італіі. Уразілі не толькі асаблівасці традыцыйных культур, прадстаўляемых удзельнікамі, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і яркія народныя строі, пашытыя людзьмі, якія з пашанай зберагаюць старадаўнія тэндэнцыі стварэння касцюмаў. Што асабліва кранальна, дык гэта тое, што ў кожным ансамблі ўдзельнічае моладзь. А за моладдзю – будучыня. Гэта значыць, што традыцыйная культура будзе жыць.

– Што ўяўляла сабой выступленне іванаўцаў?

– Кожнаму калектыву была прадастаўлена магчымасць прадэманстраваць самабытную культуру сваіх народаў на канцэртнай пляцоўцы на працягу 35 хвілін. Гэта было свята жывой музыкі, жывых харэаграфічных выступленняў. Ніякай фанаграмы.
Нашы артысты падрыхтавалі цэласную праграму, якая складалася з беларускіх твораў, народнай музыкі ў апрацоўцы мясцовых кампазітараў і народна-сцэнічных сюжэтных танцаў.

– Дазвольце, здагадаюся: іванаўцы, несумненна, пакарылі італьянскую публіку!

– Так, Вы не памыліліся: выступленне нашых артыстаў прайшло на “УРА!”. Уражаныя італьянцы крычалі “Беларусія! ОК! Гуд!” Фатаграфаваліся з намі. Нават моўны бар’ер не збіваў з панталыку. Па вялікім рахунку, для творчага чалавека моўных бар’ераў не існуе. Там, дзе цяжка было падабраць слова, у ход ішлі міміка, жэсты. Межы неразумення сцірала і сардэчная ўсмешка.
Такім чынам, мы годна прадставілі нашу краіну. Скарбонка нашых узнагарод папоўнілася чарговым Дыпломам і экзатычным сувенірам.

– Валянціна Андрэеўна, якой Вам адкрылася Італія, з якімі славутасцямі пазнаёміла?

– Скажу шчыра: гэта былі пяць незабыўных дзён. Праграма фестывальных дзей прадугледжвала экскурсійныя туры. Наша дэлегацыя ў складзе 33 чалавек правяла цудоўны дзень на беразе Адрыятычнага мора ў курортным горадзе Лігнана. Прысутнічалі на імшы ў касцёле. Шмат захапляльных эмоцый перажылі падчас экскурсіі ў Альпы. Выступілі з невялічкай канцэртнай праграмай перад жыхарамі горада Равасккета.
Спадабаліся гасціннасць італьянцаў, іх нацыянальная кухня. У захапленні ад прыроды, каларыту навакольнага свету.
На зваротным шляху завіталі ў Вену – культурны, эканамічны і палітычны цэнтр Аўстрыі, прайшліся па надзвычай прыгожых вуліцах старога горада, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, наведалі палацы каралеўскіх сем’яў, дзе ўсё захавалася ў першародным выглядзе, пастаялі ў пашане ля помніка Вольфгангу Амадэю Моцарту.

– Канечне ж, не магу не пацікавіцца: чым, акрамя пазітыўных уражанняў, узбагаціла паездка калектыў.

– Удзел  у мерапрыемствах такога кшталту – гэта заўжды неацэнны вопыт, які не дасць нават самая дасканалая метадычная літаратура. Гэта не проста нагода на людзей паглядзець і сябе паказаць, але й найдасканалейшы працэс вучобы: з’яўляецца магчымасць прааналізаваць свае дасягненні, убачыць недапрацоўкі. Гэта заўжды магутны стымул для ўдасканалення, крэатыўных ідэй і задумак, новага вітка ў творчым развіцці.
А яшчэ – гэта ўстанаўленне новых сяброўскіх стасункаў. Не выключаю, што ў будучых фестывалях на Іванаўшчыне возьмуць удзел нашы новыя знаёмыя – артысты з Македоніі, Босніі.
Карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць нашым спонсарам, спрыяннем якіх адбылася паездка шляхам амаль у дзве тысячы кіламетраў: мясцоваму фонду развіцця і падтрымкі адоранай моладзі “Паляшук” (дырэктар  Мікалай Міхайлавіч Ярмалюк), заснавальніку фонда Рамуальду Свёнтаку, Іванаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” (старшыня Канстанцін Міхайлавіч Ваўрук).

– Дзякуй і Вам, Валянціна Андрэеўна, і артыстам за плённую працу на неабсяжнай ніве культуры, на падставе чаго замежны глядач (не кажучы ўжо пра сваю публіку) яскрава бачыць Беларусь унікальнай, шчырай, заўжды адкрытай для сяброўскага дыялогу краінай.

Інтэрв’ю ўзяла
Ірына САЛОМКА.