Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Памяці віртуоза

Количество просмотров:

Мінуў год, як заўчасна абарвалася жыццё Юрыя Блінова – беларускага віртуоза-піяніста, якому апладыравалі аматары класічнай музыкі ў лепшых залах свету. Сімвалічна, што яго сэрца перастала біцца за некалькі метраў да фінішу падчас забегу ў паўмарафоне(21 км) у Гомелі. Ён пражыў толькі 43 гады, якія былі падобны на марафон: Юрый Бліноў увесь час спяшаўся паспець ажыццявіць задумананыя праекты, ідэі, планы.Спыніць музыканта было немагчыма, бо інакш ён не мог.

У Драгічын – хоць пешшу

Два гарады, Драгічын і Мінск, раўназначныя для Блінова па сваім уплыве. У палескім горадзе, дзе жыла любімая бабуля Ганна Карпаўна Луцэвіч, Бліноў нарадзіўся, як, дарэчы, і яго малодшы брат Гаўрыіл. Там жа маленькі хлопчык і пачаў здзіўляць усіх. Напрыклад, праводзячы разам з бабуляй маму Ларысу ў раддом,двухгадовы Юрачка цвёрда сказаў: «Мама, ідзі!». А яшчэ тады ён ужо ведаў алфавіт. Аднойчы ідучы паблізу школы, дзе на асфальце было напісана «СТОП», яго прывабіла «П», і ён пачаў падбіраць словы на гэтую літару. Дарослыя, хто быў побач, ухвалілі навуку малога. У чатыры ён ужо добра чытаў. Выхавальніца ў садку матывавала іншых дзяцей, просячы Юрыя пачытаць казку. І ўсе дзеці ўважліва слухалі.

Ужо ў раннім дзяцінстве ў хлопчыка праявілася незвычайная цяга да музыкі. Любімым заняткам было слуханне радыё і вінілавых пласцінак. За гэтаю справаю не заўважаў, як мінаў дзень. Асабліва падабалася яму песня «День Победы».Не вымаўляючы як след некаторых гукаў, ён ужо тады многа спяваў. З часам станавілася верагодным: у Юрыя ёсць музыкальныя здольнасці, якія былі ўласцівы яго продкам па бацькоўскай і мацярынскайліній. Абсалютным музычным слыхам валодалі драгічынская бабуля Ганна і дзед Юрый з расійскай Вяткі, у гонар якога, дарэчы, быў названы Юрый Бліноў.Прабабуляз бацькоўскага роду Лукія Акілаўна (родам з Урала)была рэгентам у царкоўным хоры. Тое, штогэта ўнікальны музычны дар, як сцвярджае маці Юрыя Блінова, стала зразумела крыху пазней.

З трохда чатырох год маленькі Юражыў разам з бабуляй у Драгічыне ці Дарагічыне, як называлі гэты правінцыйны гарадок старыя жыхары. Хутчэй за ўсё такая назва ад слова «дарога», але ў нашым выпадку гэты маленькі і ўтульны гарадок быў вельмі дарагім сэрцу ЮрыяБлінова. Ён жа лічыў сябе найперш палешуком. Кожнае лета на школьныя канікулы разам з братам прыязджаў да бабулі, якая чакала сталічных унукаў, а таксама многае ім дазваляла. Ларыса Гаўрылаўна часам рабіла заўвагі, нашто бабуля катэгарычна адказвала: «Бацькі ёсць у дзяцей, каб іх выхоўваць, а бабулі – балаваць». Зразумела чаму дзецям-Бліновым карцела ў Драгічын, куды б яны, як расказваемаці, згадзіліся пайсці, напэўна, пешшу.Нават калючы лопух, штопа-гаспадарску паважна рос ля хаты бабулі Ганны, і якога баяўся малы Юра, не быў перашкодай.Акрамя таго,будучы дарослым, у Драгічын прыязджаў музыкант перад адказныміканцэртамі. Цішыня, спакой, палеская аўра настройвалі Юрыя на патрэбны лад. Не менш важнымі былі іншыя «вітаміны»: мудры позірк, ласкавая ўсмешка, бабуліныразвагі і парады. Дарэчы, сувязь Ганны Карпаўны з Юрыем невытлумачальная. Калі жанчына памерла, унук-піяніст быў на конкурсе ў Польшчы. Яму ніхто не паведамляў аб яе смерці. Прыехаўшы з-за мяжы, Юрый заспеў маці ў калідоры. «Я ўсё ведаю», – скрушна прамовіў ён.

Суперздольнасці

У сярэдняй школе з музычным ухілам, куды Юрый пайшоў у першы клас, маладая настаўніца музыкі неяк прызналася маці: «Вашаму сыну патрэбны іншыя педагогі. Ён вельмі адораны ў музыцы».Маці адвяла яго на праслухоўванне, і з другога класа Юрый Бліноў займаўся ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі(ССМШ пры БДзК). Такім чынам у яго жыцці з’явіліся прафесійныя педагогі: спачатку ІнэсаІванаўна Барташэвіч, потым Людміла Сяргееўна Шэламенцава.

Дзякуючы добра развітаму аналітычнаму мысленню, Юрый таксама мог дасягнуць вялікіх поспехаўу матэматыцы. У пятым класе настаўніца раіла бацькам паказаць сына ў школу №50 г. Мінска, дзе на павышаным узроўні вывучаліся дакладныя дысцыпліны. Юрый быў непахісны: «Музыка – гэта маё жыццё».Ужо падчас вучобы ў ССМШ пачынаецца канцэртная дзейнасць. У 1986 годзе ён выканаў 2-і фартэпіянныканцэрт Д. Шастаковіча ў Вялікай зале Ленінградскай філармоніі зДзяржаўным сімфанічным аркестрам БССР пад кіраўніцтвам Юрыя Яфімава падчас дзён беларускай культуры.За жыццё піяніста канцэртаў і конкурсаў, якім папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка, часам па 8-10 гадзін у дзень, была незлічоная колькасць. Аднак у яго музычнай біяграфіі асобнае месца займаюць Усесаюзны конкурс вучняў спецыялізаваных музычных школ у Тбілісі (пятае месца); Першы міжнародны конкурс у гонар Сяргея Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбурзе (пераможца, 1992);гастролі ў Японіі па запрашэнні аднаго з членаў журы конкурса Пракоф’ева (1993); конкурс у Пекіне (1999), пасля якога яму прапанавалі стажыроўку ў Амерыцы; сольны канцэрт у рэзідэнцыі губернатара штата Юта для ганаровых гасцей Алімпіады ў Солт-Лэйк-Сіці;сольны канцэрт у 2006 годзе ў камернай зале Карнэгі-Хол; сольныя імпрэзы і выступленні з аркестрамі Расіі, Еўропы і Амерыкі; міжнародныя  конкурсы і фестывалі.  

Амерыка дала раяльі ўпэўненасць

Перад тым як паехаць у ЗША, Юрый Бліноў закончыў Беларускую дзяржаўную Акадэмію музыкі і магістратуру, працаваў нейкі час салістам філармоніі. Пабываў з канцэртамі ў многіх беларускіх гарадахі музычных школах, а таксама ў Расіі. Пасля быў плённы амерыканскі перыяд. Юрый Бліноў пражыў там з 2000 па 2009 г. Спачатку стажыраваўся ў Тэхасе, пасля вучыўся ў дактарантуры знакамітай Істмэнскай школы музыкі, дзе абараніў ступень доктара музычных мастацтваў. Злучаныя Штаты не сталі tabularasaдля Блінова. Звыклы да пераездаў, сустрэч з людзьмі рознага менталітэту, ён у Амерыцы адчуваў сябе ёмка. Вялікім бонусам была шыкоўная англійская. Нашаму выбітнаму піяністу не давялося здаваць TOEFL. Дарэчы, ён быў паліглотам –ведаў французскую, нямецкую, польскую, украінскую, разумеў італьянскую. Найбольш, праўда, любіў беларускую. Нягледзячы на сваё рускае прозвішча, ён атаясамліваў сябе беларусам. Як маленькае сведчанне – яго ўласны подпіс змяшчаў родныя«і»,«ў».

Амерыка ў тым ліку надала Блінову дадатковую ўпэўненасць у сваёй выключнасці як музыканта і кампазітара. Харызма, прафесіяналізм Блінова, яго артыстызм прываблівалі многіх музыкантаў, у яго з’явілася вялікая колькасць сяброў сярод калег у розных краінах свету. Ён удзельнічаў разам з імі ў імпрэзах у шматлікіх замежных краінах, арганізоўваў іх канцэрты ў Мінску.Быў аўтарам, арганізатарам і ўдзельнікам вялікай колькасці розных тэматычных канцэртаў і фестываляў, у тым ліку такіх, як канцэрты класа яго педагога Людмілы Шэламенцавай, фенаменальны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю выпуску рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (яго выпуск), фестываль Мікалая Набокава, канцэрты цыклу «Маладыя віртуозы» ды іншыя.

Юрый Бліноў шчыльна сябраваў са спортам, які, з аднаго боку, разгружаў ад шалёных нагрузак у прафесійнай музыцы, з  другога, натхняў на стварэнне музычных твораў на спартыўную тэматыку. Так з’явіліся цыкл п’ес «Дэкатлон», прысвечаны беларускаму дзесяціборцу Андрэю Краўчанку – срэбранаму прызёру Алімпіяды-2008, канцэрт для фартэпіяна, струннага аркестра і свістка «Concerto-Krooso», прысвечаны нямецкаму футбалістуТоні Кросу, музычная п’еса ў гонар футбольнага клуба «Крумкачы», сузаснавальнікам якога ён стаў у 2018годзе. Што да прафесіяналізму, Юрый быў выбітным піяністам: у яго рэпертуары болей трыццаці канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам, а пералік выкананых ім сольных твораў займае пяць старонак дробным шрыфтам. Ёнбыў лаўрэатам многіх конкурсаў, уключаючы першыя прэміі на Гран-Пры Шапэна (2005) у Тэхасе, конкурсе Бартака-Пракоф’ева ў Вірджыніі (2002) іУсеамерыканскім конкурсе піяністаў (2001). Ён быў сапраўдным даследчыкам музычнай класічнай спадчыны, напісаў шэраг навуковых даследванняў, супрацоўнічаў са Скрабінскіммузеем у Маскве, з Шапэнаўскімграмадскім аб'яднаннем у Дармштаце, кансультаваў  вучняў і калег.«Столькі ведаць і помніць, здаецца, немагчыма.Ён заўжды хутка глытаў любую інфармацыю», – гаворыць маці на гэты конт. Яго кумірамі ў музыцы былі Бетховен, Брамс, Шапэн, Пракоф’еў, Рахманінаў, Скрабін, Равель і іншыя кампазітары. З беларускіх маэстра асабліва любіў Анатоля Багатырова, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага. Аднойчы пранікнёнае выкананне Бліновым сімфоніі Смольскага для фартэпіяна з аркестрам высока ацаніў сам Дзмітрый Браніслававіч: «Юра, вы ігралі лепей, чым я напісаў. Дзякуй!».

За перамогу ў конкурсе ў Штатах у якасці прыза наш слынны зямляк атрымаў чорны раяль фірмы Стэнвэй. Яго Юрый Бліноў так і не паспеў забраць на радзіму. Ды колькі такіх «планаваў, але не паспеў»! Ён хацеў напісаць оперу «Ладдзя роспачы» па творы Уладзіміра Караткевіча, думаў арганізаваць у сваёй новай кватэры студыю, дзе будзе навучаць дзяцей і ладзіць хатнія канцэрты, у родным Драгічыне марыў паставіць помнік Элізе Ажэшка ля бібліятэкі ды закласці платанавы парк у раёне другой гарадской школы, а яшчэ хацеў высадзіць магноліі каля новай царквы, што будуецца ў гонар нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай… Адну з такіх мар ён усё-такі ажыццявіў– заснаваў міжнародны конкурс маладых музыкантаў у Драгічыне «Палескі агеньчык». Пры жыцці Юрыя Блінова, які быў арт-дырэктарам «Палескага агеньчыка»,ён быў праведзены тройчы. На драгічынскай сцэне выступіла больш за пяцьсот юных музыкантаў з трыццаці чатырох краін свету. У якасці журы там пабывалі шмат слынных у свеце музыкі асобз Беларусі, Германіі, Кітая, Ганконга, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Украіны, Францыі, Эстоніі.

Акрамя думак пра музыку, мастацтва Юрый Бліноў вельмі любіў збіраць баравікі, мог правесці займальную экскурсію па зорным небе, прафесійна прадказваў надвор’е, чытаў як класічную, так і сучасную беларускую, замежную прозу і паэзію, бегаў марафоны, многа фатаграфаваў, пёк на Новы год качку, пісаў вершы і апавяданні, любіў катоў, збіраў запісы класічнай музыкі і паштоўкі беларускіх гарадоў, на першага красавіка дасылаў знаёмым смешныя анкеты, а яшчэ часта паўтараў маці, што яна самая лепшая ў свеце…

«Мы ўсё жыццё беглі разам»

Матулі было прысвечана многае ў яго жыцці. Ларыса Гаўрылаўна была першым слухачом, галоўным крытыкам і матыватарам, сябрам, прадзюсарам, суцяшальнікам, настаўнікам па жыцці. Яна ведала ягоныя парыванні душы і клопаты, жыла і падзяляла творчыя сынавы задумкі… «Мы былі адным цэлым», – расказвае маці, якую часта ласкава сын называў «Мурык». Справа ў тым, што і Юрый, і маці, і родны братпа гараскопе Львы, якія, як вядома, з роду кашачых. Нават у тэлефоне, калі з Юрам здарылася бяда, міліцыянеры,знайшоўшы Мурыка, не падумалі, штогэта і ёсць самы важны чалавек у жыцці Блінова, таму пазванілі жонцы Анастасіі. У шлюбе з ёю нарадзіўся адзіны любімы сын Юрыя Блінова – Міраслаў, які на наступны год пойдзе ў школу. Якую сцежку ў жыцці абярэ Міраслаў – рана думаць, але тое, што ён наследаваў музычны талент –бясспрэчная ісціна. Не выключана, ён ажыццявіць нешта з таго, што не паспеў яго геніяльны бацька.

Аднойчы з Амерыкі Юра прывёз духі «Прывід оперы». Водар прыйшоўся маці даспадобы. Але спачатку было: «Мурык, глядзі, што я табе прывёз!». Пасля кожнага канцэрта першай фразай за кулісамі была: «Ну як?». Ларыса Гаўрылаўна, якая працуе ў сферы ІТ, таксама была самаадданай сыну: «Ён «бег» і я з ім». Хаця часам дакарае сябе за тое, што не стрымала, не спыніла сына. І ў той жа момант разумее, што ён не мог па-іншаму. Гэта было яго жыццёвым крэда, наканаваннем, лёсам.

Прароцкі сон, верш і праблемы геніяльнага чалавека

За два дні да Юравай смерці Ларыса Гаўрылаўна прысніла сон, які аказаўся прарочым: у вобласці сэрца нібыта яна адчувала спачатку невыносны боль, а потым там з’явілася незагойная рана. На экалагічным марафоне ў Гомелі 21 красавіка мінулага года медыкі безвынікова праводзілі амаль гадзіну рэанімацыйныя мерапрыемствы Юрыю Блінову, які грымнуў за некалькі метраў да фінішу. Стомленае сэрца зорнага піяніста сцішылася назаўжды.

Пасля некаторага часу Ларыса Луцэвіч, разбіраючы сынавы запісы, знайшла вельмі інтымны па сваім характары верш, напісаны яго каліграфічным почыркам недзе год таму. У ім – прадчуванне заўчаснага канца свайго неардынарнага, багатага на цікавыя падзеі, сустрэчы, падарожжы жыцця. Яркага жыцця вялікага чалавека, памяць пра якогабудзе прыкладам і нязгасным агеньчыкам для нашчадкаў назаўжды, таму што прозвішча Бліноў – гэта ўжо беларускі музычны брэнд.

Як сын ён быў ідэальны, лічыць Ларыса Гаўрылаўна. Ён многаму яе навучыў – ад таго, як прадказваць надвор’е і разбірацца ў каве, да іншага – любіць і разбірацца ў музыцы, будаваць адносіны з замежнымі гасцямі, цікавіцца футболам, ведаць свае «карані», берагчы палескі дыялект і паважаць сябе. Самае галоўнае было і тое, што любыя праблемы, якія ён ствараў, былі праблемамі геніяльнага чалавека.

«Пакінь мне кавалак «Кіеўскага»

Апошні дзень дома Юрыя Блінова быў падобны на іншыя. Захварэў Міраслаў і ён адвёз яму лекі, адмяніліся заняткі з кітайская вучаніцай, ён пазаймаўся сам, крыху адпачыў і паехаў на сустрэчу са сваімі сябрамі-паэтамі. Пасля па тэлефоне ён паведаміў маці, што ўвечары едзе ў Гомель,дзе з камандай «Крылы анёлаў» 21 красавіка будзе ўдзельнічаць у экалагічным забегу. Быў не ў стопрацэнтнай фізічнай форме – за тыдзень перад гэтым мужчына перахварэў на прастуду.

Вечарам нават гарбаты не папілі з любімым «Кіеўскім» тортам.  Кавалак яго Юра  прывёз з сустрэчы і папрасіў у маці: «Пакінь мне крыху, прыеду з Гомеля – даем». Ён  спяшаўся адказаць на пісьмы, яна – збірала сына ў дарогу.

Яшчэ разам абмеркавалі бліжэйшыя планы: 29 красавіка былі запланаваны «Маладыя віртуозы» ў канцэртнай зале «Верхні горад», у пачатку мая – праслухоўванне ўдзельнікаў на конкурс «Рускай музыкі», у сярэдзіне мая – канцэрт і майстар-класы ў Парыжы, 23-га мая – канцэрт з цыклу «Усе санаты Пракоф’ева» ў Гомелі, афішу для якога падрыхтаваў сам Бліноў і які, праз ягоную смерць так і не адбыўся.  На дзявяты дзень па смерці Блінова прайшоў канцэрт цыкла «Маладыя віртуозы», прысвечаны яго памяці – Юрый Бліноўбыў аўтарамгэтага праекта. Піяніст, кампазітар, ённа працягу некалькіх год збіраў вакол сябе таленавітых юных музыкантаў, даючы тым самым магчымасць паверыць ім у свае сілы, адчуць падтрымку старэйшага калегі, падпітацца яго творчай энергіяй. Сэрца Майстра спынілася назаўжды, але музыка ў памяць пра яго будзе гучаць так, як ён запланаваў сам – у выкананні «маладых віртуозаў Беларусі». Апошняй з блізкіх сяброў, з кім размаўляў Юрый у суботу 20 красавіка на чыгуначным вакзале, была Наталля Котава– салістка Белдзяржфілармоніі, лаўрэат шматлікіх прэстыжных прэмій, аднакласніца, калега.

21 красавіка 2019 года Юрый Бліноў адышоў у вечнасць.

Ён быў…

Інэса Барташэвіч –першы педагог Ю. Блінова ў ССМШ:«У Юрыя быў бліскучы талент, фенаменальная памяць, безумоўна, выдатная тэхніка, але яго галоўная выключная асаблівасць – ён быў піяністам- інтэллектуалам. Гэта даволі рэдкае спалучэнне майстэрскага піянізма і высокага інтэлекту. І яшчэ адна рыса выканаўцы – ён кожны твор выконваў згодна са сваёй канцэпцыяй. Можна доўга і многа гаварыць пра яго творчасць. Мяне ўразіла выкананне ўсіх санат Скрабіна ў двух філарманічных канцэртах. Гэта быў сапраўдны музычны подзвіг – толькі 10 піяністаў у свеце запісалі ўсе санаты Скрабіна ў студыі, яшчэ меней рызыкнулі выканаць іх у канцэртным цыкле».

Барыс Блох –вядомы піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар, старшыня журы першага «Палескага агеньчыка» (2014):«Юра мяне часта здзіўляў, і перш за ўсё, сваім уменнем падзяляць чужыя клопаты. Мне не забыць конкурс Шапэна ў Дармштаце ў 2013 годзе. Я быў у складзе журы, а сярод удзельнікаў былі два піяністы з майго класа ў Эсенскім універсітэце мастацтваў. Дык вось студэнтка з Балгарыі ў другім туры адыграла няўдала, але другі мой вучань цяжкую санату Шапэна сі мінор выканаў бездакорна. Пасля гэтага некаторыя калегі з журы перасталі са мной размаўляць. Я не магу сказаць дакладна, чаму так адбылося,хутчэй за ўсё гэта была прафесійная зайздрасць. Юрый адчуў мой стан разгубленасці, які хутка змяніўся роспаччу. Ён падышоў да мяне, паціснуў мне рукі, я аўтаматычна паклаў сваю галаву Юры на плячо і… нястрымна заплакаў. Гэтыя слёзы на плячы ў Юрыя Блінова супакоілі мяне. Яго ўдзел і чалавечнасць у такі момант пераацаніць немагчыма. У выкананні ж майго вучня была і асабістая велізарная работа, якую журы намагалася патаптаць. Мне здаецца, Юрый інтуітыўна адчуў такое стаўленне. Яго сяброўскі жэст у той момант я ніколі не забуду. Нават не ведаю, як бы я ўсё гэта перажыў без Юравай падтрымкі. Сваім шчырым суцяшэннем тады ён даказаў мне бескарыслівасць сваёй натуры».

Джыл Рабенау – віцэ-прэзідэнт Грамадства Шапэна ў Дармштадзе (Германія): «Мне вельмі падабалася ягошчырая, адкрытая, прыветная ўсмешка і яркія ззяючыя вочы, а таксама дзіцячыя эмоцыі, энтузіязм і цяпло, якое ён выпраменьваў. Я безумоўна захаплялася музычнай эрудыцыяй і аграменнымі піяністычнымі здольнасцямі Юрыя Блінова. Ён быў тым чалавекам, які заўжды будзе мець месца ў маім сэрцы». 

Наталля Котава-Громава – салістка Белдзяржфілармонііаднакласніца, калега:«Асабістае знаёмства з Юрыем адбылося, калі я ў 9-м класе прыйшла ўССМШ пры БДзК. Найперш здзіўляла фантастычная, у тым ліку, музыкальная памяць Юрыя. Частана занятках практыкаваліся так званыя музыкальныя «дыктоўкі-маланкі», калі педагогам ігралася мелодыя на інструменце (фартэпіяна), а мы, вучні, павінны былі гэтую мелодыю напісаць нотамі. У гэтай, як і ў многіх іншых справах Ю. Бліноў быў несумненным лідарам. Затым мяне захапляла яго «сквапнасць», у добрым сэнсе гэтага слова, да жыцця і розных яго праяў. Юрый цікавіўся метэаралогіяй і літаратурай, спортам і мастацтвам. Ён на дзіва выдатна паспяваў сябе праявіць у розных іпастасях. Безумоўна,ён быў шчодрым чалавекам. Сведчаннем гэтай якасці ў Юрыя з’яўляецца і заснаваны ім конкурс юных талентаў у Драгічыне «Палескі агеньчык», і супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі, і яго гатоўнасць падтрымаць розныя праекты, ідэі знаёмых яму людзей. Лічу, што не будзе пераўвелічэннем, калі скажу, што Юрый Бліноў быў на прыступку вышэйшы як па сваіх дасягненнях, так і па магчымасцях за нас – музыкантаў. І яго заўчасная смерць– велізарная страта не толькі для беларускага, але і сусветнага музычнага мастацтва».

Іна Падлужная – педагог па класе цымбалаўДрагічынскай дзіцячай школы мастацтваў, сябра Юрыя Блінова: «Выклікала захапленнеі тое, як Юрый валодаў сваім інструментам, і яго манера ігры. Вельмі складаную музыку ён умеў зрабіць зразумелай і прывабнай. Якасць гучання і меладызм заварожвалі. Музыка – гэта яго стыхія. Таксама Юра быў вельмі адукаваным, рознабаковым, нават няўрымслівым чалавекам. Валодаў некалькімі замежнымі мовамі. І ў той жа час быў простым у зносінах, вясёлым апавядальнікам, гумарыстам».

Сяргей Падлужны – дырэктар ДУА «Драгічынская школа мастацтваў»: «Юрый Бліноў – гэта Асоба! Ён захапляў многіх людзей і мяне асабіста сваімі выбітнымі якасцямі. Выдатны піяніст, кампазітар, добразычлівы і вельмі адукаваны. Пра такіх кажуць – чалавек-энцыклапедыя. А яшчэ ён быў сапраўдным сябрам. Ён вельмі пасябраваў з маім сынам Аляксеем. Мы ўсе былі між сабою на «ты». Ён быў лёгкі на пад’ём: мог імгненна сабрацца і паехаць туды, куды гэта было неабходна. Сваім спартыўным жыццём Юрый нішчыў стэрэатып, што музыканты – так званыя «ачкарыкі і хлюпікі». Ён жа быў выдатным спартсменам: бегаў на доўгія дыстанцыі, нават пераадолеў марафонскую, не аднойчы акунаўся на свята Хрышчэння. Яшчэ фантаніраваў ідэямі, якія спачатку здаваліся ўтапічнымі, апотым, пасля іх рэалізацыі, прыходзіла разуменне, што Юрый быў яшчэ і дальнабачным. Конкурс «Палескі агеньчык» – найлепшы доказ. Аднак галоўнае тое, што ён цаніў ілюбіў жыццё».

Хрысціна ШПАК

Фота з архіва сям’і Юрыя Блінова

Скрозь кросны пальцаў

дух iграе,

Блiшчыць

слязiнка нерухома.

Адкуль яна, журба такая,

Такая стома?

I зноў, як у абдымках мацi,

Знiкае боль i небяспека.

Так здольны

толькi Бог iграцi

На струнах чалавека.

Юрый Блiноў, 1995 г.