Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Прайшла прэзентацыя кнігі пра янаўцоў

Количество просмотров:

З 5 па 9 лютага лютага ў Мінску праходзіла 27 Міжнародная кніжная выстаўка. Больш за чатырыста ўдзельнікаў экспанавалі кніжную прадукцыю ў гэтыя дні. Ганаровым госцем выстаўкі стала Расійская Федэрацыя, а цэнтральным экспанентам – Злучаныя Штаты Амерыкі. У рамках выстаўкі 7 лютага адбылася прэзентацыя кнігі «Людзі Янаўскага краю», аўтарам і ўкладальнікам якой з’яўляецца галоўны рэдактар іванаўскай «раёнкі» Ігар Гетман.  

Аўтар расказаў прысутным пра ідэю і гісторыю стварэння кнігі. 
Фармат выдання быў падказаны Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Карлюкевічам. Меркавалася, што праз кнігу будуць паказаны не толькі паэты і пісьменнікі раёна, дзе меўся прайсці чарговы, 25 Дзень беларускага пісьменства. Мэтаю выдання было паказаць сённяшняе месца кнігі і друкаванай перыёдыкі ў жыцці розных сацыяльных груп і прафесій рэгіёна праз канкрэтных людзей. Таму ў кнізе можна сустрэць настаўніка і журналіста, доктара і пенсіянера, паштальёна і свяшчэнніка.
Сярод тых, хто прыйшоў на прэзентацыю кнігі, былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Днепра-Бугскай акрузе Святлана Барташ, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Вадзім Лакіза, загадчык аддзела археалогіі гэтага ж Інстытута Вадзім Кошман, навуковы сакратар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Трафімчык, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч» Андрэй Янушкевіч.


Прэзентацыя кнігі праходзіла на трэці дзень выстаўкі. Здавалася, цікавасць да яе павінна была б да гэтага часу зменшыцца. Але на самой справе мы былі прыемна здзіўленыя  шматлюднасцю. Ледзь не кожны стэнд быў проста акружаны людзьмі. І было чаму: кнігі самых розных краін і самай рознай тэматыкі маглі задаволіць любыя густы. 
Калі час ад часу ўзнікаюць дыскусіі на тэму «застанецца або знікне друкаваная газета», то адносна друкаванай кнігі выстаўка дае адназначны адказ: ніякая электронная кніга або інтэрнэт яе не знішчаць. У тым ліку беларускую і беларускамоўную кнігу. Яскравым пацверджаннем гэтага з’яўляецца хаця б той факт, што лідарам продажаў у сетцы кнігарань «Белкніга» стала беларускамоўная першая кніга з серыі пра Гары Потэра. 
Выдавец «Потэра», Андрэй Янушкевіч, зыходзячы з такога поспеху, будзе старацца прыспешыць выхад другой часткі кнігі. Таксама цешыць той факт, што большасць з тых, хто купляў выданне, ўжо даўно з ім знаёмы па рускай версіі, але палічылі неабходнасцю мець і беларускамоўны варыянт.


 Алег Кунец.