Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Прывабны свет бібліятэкі

Количество просмотров:

70 гадоў таму расчыніла дзверы для наведвальнікаў сельская бібліятэка ў Адрыжыне. З тае пары па запаветнай сцяжынцы да кнігасховішча прайшло не адно пакаленне местачкоўцаў, бо кніга, якімі б спакусамі ні зачароўваў цывілізаваны свет, заўжды была і застаецца невычэрпнай крыніцай мудрасці, а бібліятэка нязменным асяродкам культуры, які лучыць людзей, мацуе сувязь пакаленняў, афарбоўвае жыццё вяскоўцаў прывабнымі адценнямі.

Нядаўна бібліятэка сустракала шматлікіх гасцей з нагоды святкавання юбілею. На ўрачыстасць завіталі тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без шолаху кніжных старонак і цішыні чытальных залаў.
Юбілярка прайшла шлях ад хаты-чытальні да інфармацыйнага цэнтра, у яе летапісе цесна перапляліся гісторыя краіны, роднага куточка і людскіх лёсаў. Работнікі бібліятэкі ў розныя перыяды імкнуліся не заставацца ў баку ад новых веянняў часу, здзейснілі шмат цікавых творчых задум.
70 прыступак наверх. Вышыня, з якой добра бачны пройдзены шлях. Ён быў цяжкі, цярністы, але ж лёгкіх дарог да вяршыняў не бывае.
З удзячнасцю ўдзельнікі сустрэчы ўшаноўвалі тых, хто многія гады сваёй працоўнай дзейнасці аддаў на карысць служэння чытачам: Андрэя Цыральчука, Пятра Міхальчука, Аксенція Клімовіча, Анастасію Званько, Іосіфа Гутніка, Ганну Цыральчук, Тамару Клімовіч (Кавальчук), Ларысу Адамовіч (Козіну), Валянціну Карповіч, Тамару Федарук (Талатыннік), Валянціну Вашчалюк, Валянціну Цямчык, Наталлю Гарбацкую.


Яны, тыя, што сумленнай, карпатлівай працай унеслі сваю лепту ў развіццё культуры раёна, успаміналі незабыўныя падзеі, мерапрыемствы, бібліятэкар Ларыса Козіна прыгадала асаблівасці работы ў мінулыя гады. Вядучымі Сяргеем Ганчуком і Ірынай Кацко адзначалася, што сучасны дзень бібліятэкі не менш прывабны, чым яе мінуўшчына: сёння ўстанова забяспечвае годны ўзровень інфармацыйна-бібліяграфічнага абслугоўвання, знаходзіцца ў няспынным пошуку крэатыўных формаў работы з чытачамі, неаднаразова станавілася пераможцам у конкурсах сярод сельскіх бібліятэк раёна, адзначалася ганаровымі граматамі.
З прывітальным словам да гасцей звярнулася Алена Данількевіч, дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава». Віншаванні ў адрас юбіляра прагучалі ад работнікаў сельскіх бібліятэк раёна, старшыні Адрыжынскага сельвыканкама Уладзіміра Клімука, прадстаўнікоў працоўнага калектыву Адрыжынскай школы ў асобе Наталлі Палуянавай. Творчы падарунак падрыхтавалі ўдзельнікі клуба па інтарэсах «Афрадзіта». Дадалі святу ўзнёсласці музычныя нумары ў выкананні Таццяны Шумілавай, Дзмітрыя Леанчука, дуэта ў складзе Галіны Дашкевіч і Марыі Цямчык, народнага ансамбля «Дзiва», дзіцячага ансамбля «Вясёлыя ноткі».
У ходзе свята былі ўзнагароджаны самыя руплівыя чытачы бібліятэкі: Валянціна Медзвядзюк, Ева Ізотава, Анастасія Леанчук і Дзіяна Дрычыц, а таксама самая чытаючая сям’я – Валянціны і Мікалая Марчукоў.
Як аднойчы перагортваецца апошняя старонка кнігі, так была перагорнута і  апошняя старонка юбілейнай імпрэзы. Але няма сканчэння шляху да творчасці, пошукаў, шляху да мудрай кнігі, якая і надалей будзе асвячаць жыццё ісцінай, дабрынёй, надзеяй, а запалІць кніжнае святло ў сэрцах чытачоў дапаможа, вядома ж, бібліятэка.

Ірына САЛОМКА.