Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

“Птушка” падарыла перамогу юным джазмэнам

У апошні час рэдакцыя “Янаўскага краю” рэгулярна прымае радасныя весткі пра перамогі юных зорачак Іванаўшчыны – вучняў дзіцячых школ мастацтваў раёна. На мінулым тыдні мы паведамлялі нашым чытачам пра поспехі ансамбля акардэаністаў “Смайл” і харэаграфічнага калектыву Dance Life. Сёння ў нас ёсць чарговая падстава, каб падзяліцца з вамі прыемнымі навінамі.

Напрыканцы красавіка на базе ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў”  праходзіў абласны адкрыты джазава-эстрадны фестываль-конкурс “Птушка”, які праводзіцца з 2013-га года. Асаблівасцю фестываля-конкурса ў гэтым годзе стала намінацыя “Эстраднае выканальніцтва”, дазволіўшая пашырыць межы, колькасць удзельнікаў і гасцей мерапрыемства. За ўзнагароды змагалася 297 удзельнікаў з 45 устаноў краіны – навучэнцы дзіцячых музычных школ мастацтваў, школ мастацтваў, Дамоў культуры, музычных студый, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з усіх абласцей нашай рэспублікі. З каштоўным багажом вярнуліся і нашы землякі.
Настаўнік Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды Яўген Шыршоў, дазнаўшыся пра конкурс, вырашыў падрыхтаваць да ўдзелу двух сваіх навучэнцаў – бас-гітарыста, вучня шостага класа Данііла Максімчука і вучня сёмага класа, які займаецца на акустычнай гітары, Паўла Лося.
– Удзел у конкурсе такога маштабу мае вучні прымалі ўпершыню. Гэта накладвала на нас асаблівую адказнасць. Хлопцы выступалі ў намінацыі «Джазавае выканальніцтва» саліст-інструменталіст. Данііл трапіў у сярэднюю, а Павел – старэйшую ўзроставую катэгорыю. Паўлу было трохі цяжэй ў сувязі з тым, што на акустычнай гітары ён займаецца ўсяго пару месяцаў. Да гэтага часу ён іграў на класічнай гітары, развучваў адпаведную музыку. Інструмент вучань змяніў у сувязі з жаданнем паступаць на эстраднае аддзяленне Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, – адзначыў настаўнік Яўген Шыршоў. Пасля чаго растлумачыў, што ў акустычнай і класічнай гітары зусім розныя спосабы гуказдабыцця. Данііл, дарэчы, таксама нядаўна гуляе на бас-гітары ўсяго два гады. У наступным годзе хлопчык будзе спрабаваць паступаць у Баранавіцкі музычны каледж.
Гаворачы аб конкурсе, малады педагог адзначыў цікавы падыход конкурсу, падчас удзелу ў якім яму пашчасціла ўбачыць шмат таленавітых дзяцей. У асноўным, удзел прымалі духавікі і піяністы, аднак строгае журы судзіла ўсіх аб'ектыўна.
– Амаль усе  ўдзельнікі выступалі пад фанаграму. Мы вырашылі пайсці іншым шляхам разам з некаторымі дзецьмі з іншых рэгіёнаў. Нашы нумары суправаджаліся жывым акампанементам. Данііл выступаў пад суправаджэнне электра-піяна Івана Засімовіча, электра-гітары, на якой іграю я, а таксама ўдарнай устаноўкі, за якой знаходзіўся Вадзім Сай.  Павел выступаў пад акампанемент электра-гітары. Якасна наладзіць гук для выступлення нам дапамог гука-
аператар раённага Цэнтра культуры і народных традыцый Ігар Панасовіч, які, дарэчы, падтрымліваў нас на працягу ўсяго конкурсу. За што хачу выказаць яму словы ўдзячнасці, – адзначыў мой суразмоўца.
Па выніках конкурсных выступленняў Павел Лось і Данііл Максімчук былі ўзнагароджаны Дыпломамі 3 ступені, а іх настаўнік Яўген Аляксандравіч Шыршоў –  Граматай за высокае педагагічнае майстэрства.
– Хачу выказаць словы вялікай падзякі за дапамогу ў арганізацыі паездкі начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціне Андрэеўне Барадзінчык, дырэктару Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Орды Святлане Міхайлаўне Калодзіч. А таксама акампануючай групе – Вадзіму Саю, Івану Засімовічу і Ігару Панасовічу – за дапамогу ў падрыхтоўцы вучняў, – дадаў Яўген Шыршоў.
Зараз хлопцы працягваюць развіваць сваі ўменні, актыўна рыхтуючыся да іншых музычных конкурсаў.
Упэўнена, у хуткім часе з'явіцца чарговая падстава для віншаванняў нашых музыкантаў і расказ аб іх поспехах на старонках раённай газеты!

Анастасія ЦАЛЮК.