Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Справаздачныя канцэрты

Количество просмотров:

Шчыра кажу, без сумненняў, што іванаўская моладзь вельмі таленавітая і актыўная. І спецыяльна для таго, каб яе патэнцыял не згінуў марна, у раёне створаны ўстановы дадатковай адукацыі, якія займаюцца паўнацэнным развіццём дзяцей і юнацтва. Напрыканцы навучальнага года гэтыя ўстановы традыцыйна дзеляцца з жыхарамі Іванаўшчыны сваімі здабыткамі і поспехамі навучэнцаў.

«Жыву і дыхаю табой, мой родны край»

Так называўся справаздачны канцэрт Іванаўскай дзіцячай харэагра-
фічнай школы мастацтваў, які адбыўся напрыканцы мая ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый. Жадаючых пацешыцца творчымі поспехамі юных танцораў было столькі, што ў зале не засталося свабодных месцаў. А на сцэне ў гэты час сабраліся ўсе выхаванцы і настаўнікі харэаграфічнай школы. Больш за 230 чалавек радавалі гледачоў святлом свайго таленту. Па задумцы арганізатараў свята было прысвечана Беларусі і ўсім людзям, якія шчыруюць дзеля яе дабрабыту. Таму і танцы адлюстроўвалі ўсю прыгажосць, мультыкультурнасць і гасціннасць роднага краю. Полька-трасуха, народныя, сучасныя, гумарыстычныя танцы, аўтарскія харэаграфічныя кампазіцыі паказалі найвышэйшы ўзровень майстэрства дзяцей і педагогаў, іх крэатыўны падыход да навучальнага працэсу. Аднак, галоўнае, што ўсе ўдзельнікі атрымалі вялікую асалоду ад выступленняў. Нават навучэнцы падрыхтоўчай групы дэманстравалі сваё шчырае жаданне спасцігаць вяршыні харэаграфічнага мастацтва.
Асабліва кранальнымі былі нумары, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Мовай танца юныя выканаўцы змаглі перадаць трагедыю беларускага народа, а таксама данесці да гледача ідэю няскоранасці і гераізму нашых людзей.
Апагеем свята сталі флэшмоб і дэфіле выпускнікоў харэаграфічнай школы. У гэтым годзе пасведчанні аб заканчэнні навучальнай установы атрымалі 37 хлопчыкаў і дзяўчынак. Уручаючы выпускныя дакументы, кіраўнік школы Алена Старавойтава падзякавала ўсім за шматгадовае супрацоўніцтва, за сапраўднае сяброўства і ўзаемную павагу. Яна таксама выказала пажаданне, каб выпускнікі абралі правільны жыццёвы шлях, сталі годнымі грамадзянамі нашай краіны і, безумоўна, не забывалі сваіх настаўнікаў.

Otchetnye 1
Otchetnye 2
Otchetnye 3
Otchetnye 4
Otchetnye 5
Otchetnye 6
Otchetnye 7
Otchetnye 8
Otchetnye 9
Otchetnye 10
Otchetnye 12
Otchetnye 13
Otchetnye 14

Музыка на ўсе часы

На наступны дзень свой справаздачны канцэрт пад назвай «Увага, вас здымаюць, або Фільм... фільм... фільм!» на суд гледачоў прадставіла дзіцячая школа мастацтваў імя Напалеона Орды. Як вы, напэўна, здагадаліся па назве, ён быў прымеркаваны да Года кіно, а ўсе паказаныя на сцэне музычныя і вакальныя кампазіцыі запазычаны з нашых любімых кінастужак і мультфільмаў. Вы проста не ўяўляеце, як арыгінальна і самабытна гучаць вядомыя песні ў выкананні дзяцей на духавых інструментах, балалайках або цымбалах! Пры гэтым арганізатарам удалося арганічна спалучыць на сцэне нумары навучэнцаў усіх аддзяленняў школы, педагогаў і творчых калектываў. Дарэчы, канцэрт прайшоў у выглядзе пастаноўкі мастацкага фільма з удзелам рэжысёра, сцэнарыста і асістэнта з хлапушкай-нумаратарам.
Падчас канцэрта словы ўдзячнасці за добрасумленную працу, прафесіяналізм і высокае творчае майстэрства ўдзельнікам адрасавалі дырэктар школы Святлана Калодзіч і яе намеснік Ірына Гардашук. Яны таксама
падзяліліся поспехамі ўстановы ў канцэртнай і фестывальнай дзейнасці і ўзнагародзілі дыпломамі і граматамі педагогаў ДШМ, выхаванцаў і бацькоў. Святлана Міхайлаўна падкрэсліла, што калектыў школы штодня працуе, каб з яе сцен выходзілі прафесійныя музыканты, вакалісты і мастакі, а доказам выніковай дзейнасці ў гэтым накірунку сталі 64 выпускнікі, якія сёлета паспяхова здалі экзамены і атрымалі пасведчанні аб дадатковай адукацыі. Ужо дыпламаваныя спецыялісты таксама падзяліліся з гледачамі сваімі ўменнямі, якія яны атрымалі за час навучання.
Канцэрт, які доўжыўся больш за дзве гадзіны, праляцеў як адно імгненне, пакінуўшы пасля сябе адчуванне радасці, шчасця і гонару за наша маладое, такое таленавітае пакаленне.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.