Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Стваралі цуд на куфрах

Количество просмотров:

Непаўторная і самабытная экспазіцыя куфэркаў, скрынак, скарбонак і дэкаратыўнага фарбаванага посуду і шмат усяго таго, што зроблена рукамі працавітых і нястомных жыхароў маленькай вёсачкі Агова, адкрылася на мінулым тыдні ў Ляхавіцкім сельскім Доме культуры. 

Шаноўных гасцей, якія прымалі ўдзел у наваселлі экспазіцыі «Агоўскі куфэрак», шчыра вітаў  персанаж чалавека Гова, які калісьці пачаў цікавую і ўнікальную справу роспісу куфэркаў.  
– Сваю прапіску экспазіцыя «Агоўскі куфэрак» атрымала невыпадкова. У першую чаргу гэта было прадыктавана неабходнасцю задзейнічаць тэрыторыю Ляскавіцкага сельсавета як турыстычнага аб’екта. Улічваючы наяўнасць памяшкання было прынята рашэнне размясціць у ім экспазіцыю куфэркаў, шкатулак, скарбонак і дэкаратыўнага размаляванага посуду і прадоўжыць добрую справу нашых продкаў – выраб і роспіс куфэркаў, чым сёння займаюцца вучні і настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзякуючы таленавітым, самаадданым людзям і нарадзілася такая непаўторная і самабытная экспазіцыя, якую будуць наведваць не толькі вучні школ, але, спадзяюся, і вялікая колькасць турыстаў,  – паведаміла начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвы-канкама Валянціна Барадзінчык, якая выступіла ініцыятарам праекта па адраджэнні ўнікальнага промыслу – роспісу куфэркаў.


Былая работніца Агоўскай фабрыкі сувеніраў Жана Ярмац, якая прымала ўдзел у мерапрыемстве, узгадала цяжкую і складаную працу па стварэнню і роспісу куфэркаў. Жанчына падкрэсліла, што эскізы трафарэтаў, па якіх уручную распісваліся куфэркі, прыходзілі на Агоўскую фабрыку з Брэста. Кожны элемент меў асабісты знак.
– Як паказвае час, агоўскія куфэркі займаюць значнае месца ў інтэр’еры, яны запатрабаваныя і сёння. Улічваючы гэта, на базе ўстановы культуры, дзе знаходзіцца экспазіцыя, неўзабаве будзе створана майстэрня па роспісу куфэркаў. Яны будуць вырабляцца рукамі вучняў і настаўнікаў школы бондарства, – рэзюмавала Валянціна Андрэеўна. 
Для блаславення і асвячэння пакоя слова было дадзена настаяцелю храма Узнясення Гасподняга вёскі Ляхавічы Міхаілу Усцімчуку. 
Варта зазначыць, што экспазіцыя, прадстаўленая старадаўнімі куфэркамі і шкатулкамі (самы старэйшы куфар датуецца 1917 годам) будзе рэгулярна папаўняцца куфрамі, посудам і іншымі вырабамі мясцовых жыхароў, а таксама вучняў і выкладчыкаў школы.
Шмат шчырых і цёплых слоў падзякі гучала ў гэты святочны дзень у адрас людзей, якія палову свайго жыцця прысвяцілі мастацкай справе, чый талент заслугоўвае ўвагі і пашаны, а вынікам іх працы з’яўляюцца экспанаты экспазіцыі. Шчырыя словы падзякі былі выказаны людзям, якія не пашкадавалі і падарылі Ляхавіцкаму сельскаму Дому культуры вырабы, што з’яўляюцца для іх вялікім скарбам і багаццем на ўсё жыццё. Адарваўшы ад сэрца прыгожыя,  непаўторныя куфры і скарбонкі, яны зрабілі карысную справу дзеля таго, каб іх убачылі многія пакаленні. У рамках мерапрыемства быў арганізаваны майстарклас па роспісу куфэркаў. 


Анастасія Цалюк.