Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Сустрэча з песняй

Количество просмотров:

Імя гэтага калектыву вядома не толькі шырокаму колу аматараў песеннага мастацтва, але і прафесіяналам. Выдатнымі самабытнымі песнямі і непаўторнай манерай выканання «Палешукоў» у розны час былі ўражаны слухачы блізкага і далёкага замежжа. Дзякуючы значнаму ўкладу ў культуру ў 2004 годзе калектыў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». На мінулым тыдні «Палешукі» ў чарговы раз пацвердзілі гэтае высокае званне. 


Творчыя нумары калектыву ацэньвала спецыяльная камісія, у склад якой увайшлі заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры беларускай народнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля «Грамніцы» У.К. Зіневіч (старшыня камісіі), кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь І.І. Галабурда, мастацкі кіраўнік заслужанага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш» В.Ф. Гладкая, дырэктар ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» С.В. Каржук, загадчык аддзела аматарскай творчасці абласнога грамадска-культурнага цэнтра М.Д. Аласюк, метадыст па вакальна-харавым мастацтве аддзела аматарскай творчасці грамадска-культурнага цэнтра М.Г. Шапялевіч, кіраўнік народнага ансамбля песні «Спадчына» СДК аг. Тэльмы У.І. Літвінчук, начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама В.А. Барадзінчык. 


Падтрымаць «Палешукоў», у сэрцы якіх не згасае іскрынка светлай любові да песняў, жаданне прыносіць людзям радасць, адраджаць каштоўны нацыянальны скарб, у гэты дзень прыйшлі шматлікія прыхільнікі народнага мастацтва. 
На працягу амаль дзвюх гадзін гучалі чароўныя гукі народных палескіх, беларускіх, рускіх, аўтарскіх песень у апрацоўцы Івана Засімовіча. Асаблівы каларыт выступленню дадавалі харэаграфічныя кампазіцыі ўдзельнікаў ансамбля танца «Янаўцы». Варта адзначыць, што нумары прыйшліся даспадобы як гледачам, 
так і членам журы.
Шчырыя словы падзякі ў адрас «Палешукоў» гучалі ў гэты дзень ад кампазітара Валянціна Перапёлкіна: 
– У першую чаргу хачу падзякаваць за тое, што ў вашым творчым рэпертуары прысутнічае палескі фальклор. Па-другое, мне вельмі прыемна, што вы выконваеце на сцэне мае творы. Дзякуй мастацкаму кіраўніку калектыву Івану Засімовічу за неабыякавасць да творчасці, – зазначыў выступоўца. Падтрымаць калектыў у гэты дзень прыйшлі былыя калегі і ўдзельнікі «Палешукоў». 
Не змаўкалі гучныя апладысменты прыхільнікаў народнага мастацтва, для якіх канцэрт стаў сапраўдным падарункам ад талентаў нашай зямлі. 
– Дзеля гледачоў мы і працуем. Развітваючыся, хочацца сардэчна падзякаваць усім прысутным і запрасіць на новыя сустрэчы з песнямі. А яны абавязкова будуць! – рэзюмаваў мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь  Іван Засімовіч. 

Анастасія Цалюк.