Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Сузор'е палескіх талентаў – у Тышкавічах

koncert antonovicha 01Сказаць, што тышкавіцкія гледачы, жыхары самай аддаленай ад райцэнтра вёскі, абдзелены ўвагай артыстаў, будзе няпраўдай. Сцэна мясцовага Дома культуры, якому не споўнілася нават дзясятка гадоў, за кароткі час свайго існавання прымала не адзін выбітны творчы калектыў. Традыцыйна тут праводзяцца конкурсныя праграмы знакавага фестывалю “Фальклор без межаў”, сюды наведваліся многія зоркі беларускай эстрады. Між тым, апошняя сустрэча зноў жа прыемна здзівіла і парадавала вяскоўцаў.

 Адбылася яна напярэдадні праваслаўнага свята Казанскай іконы Божай Маці – прастольнага свята Тышкавічаў, жыхары якіх лічаць гэтую праваслаўную святыню сваёй заступніцай. 4 лістапада 1943 года яна ўратавала вёску ад фашысцкага гвалту, калі ў агні магло знікнуць усё паселішча. Менавіта таму перад пачаткам канцэрта ўвагу напоўненай залы прыцягнуў слайд-фільм пра гісторыю цудадзейнага ўваскрашэння з-пад прысаку старажытнага абраза – цаліцеля і пакравіцеля рускага праваслаўя. Перад мясцовымі прыхаджанамі выступіў клірык Іванаўскага храма Пакрова Божай Маці пратаіерэй Уладзімір, удзел у праграме прыняў настаяцель Снітаўскай царквы іерэй Алексій.
Цудоўны настрой аўдыторыі перад самым пачаткам музычнага фэсту прыўзняло экспрэс-паведамленне аб тым, што спартыўны паядынак чэмпіёна Іванаўскага раёна 2010-2012 гадоў – футбольнага клуба “Тышкавічы” з чэмпіёнам раёна 2013 года камандай “Камерсант” толькі што скончыўся перамогай гаспадароў поля – тышкаўчан –  з лікам 4:0. А само сцэнічнае дзейства разгортвалася ў рамках аўтарскага праекта Анатоля Антановіча “Сузор’е палескіх талентаў” пад эгідай Мінскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў”.

koncert antonovicha 02


Варта падкрэсліць, што імя Анатоля Мікалаевіча Антановіча добра вядома жыхарам гэтага населенага пункта. Працяглы час ён узначальваў мясцовую гаспадарку – саўгас імя І.А.Паліўкі. І вось зноў з’явіўся на сустрэчу з блізкімі, знаёмымі людзьмі, але ўжо ў іншай якасці – прадзюсара, творчай асобы. І запрасіў да ўдзелу ў канцэрце любімых і пакуль яшчэ мала вядомых тутэйшым гледачам, але ўжо ўладальнікаў пэўных лаўрэацкіх тытулаў, артыстаў.
Адкрыла канцэртную праграму таленавітая юная вакалістка Анастасія Сярнова. Працяглымі апладысментамі сустрэлі прысутныя “залаты голас Іванаўшчыны” Валянціна Чугаева, якому сёлета спаўняецца семдзесят гадоў. Запаліла залу зухаватым выкананнем “Вясёлага краўца” і “Вясковых гульняў” выступленне народнага аматарскага ансамбля танца “Прыгажосць” з Драгічына. А келіх уражанняў і шчырых здзіўленняў перапоўніла сапраўды віртуозная ігра на балалайцы мінчаніна Аляксандра Варонішчава,
удзельніка такіх выбітных фестываляў і тэлевізійных шоу, як “Славянскі базар”, “Аншлаг”, “Камедзі-Клаб”. 

koncert antonovicha 03


Даспадобы прыйшоўся гледачам чысцейшы прыродны тэнар выканаўцы з Пінска Юрыя Пракаповіча. Вядучая праграмы Святлана Ксёнда адкрыла прысутным сакрэт пра тое, што Юрый нядаўна памяняў сваю халасцяцкую вольніцу на ўтульнае сямейнае гняздзечка, і на тышкавіцкай сцэне адбыўся яго сумесны творчы дэбют з маладой жонкай Дзіанай. Зноў радавала публіку лірычнымі ды цыганскімі песнямі ветэран іванаўскай сцэны (пяцьдзесят год выканальніцкай дзейнасці) Надзея Зялёнка. Сваё яркае выступленне вакалістка Ірына Кульбеда падарыла мясцовым пераможцам футбольнага матчу над мацнейшай камандай з райцэнтра. І ў каторы ўжо раз здзівіла аднавяскоўцаў тышкавіцкая “Знаходка”. Удзельнікі знакамітага фальклорнага калектыву з’явіліся на сцэне ў нязвыклых для іх блішчастых уборах з чорнымі акулярамі, і прадэманстравалі свой жартоўны нумар у стылі “Буранаўскіх бабулек”.
Асобнай часткай насычанай канцэртнай праграмы, якая на працягу болей чым дзвюх гадзін канцэнтравала ўвагу зачараваных гледачоў, стала бардаўскае выступленне галоўнага арганізатара шоу Анатоля Антановіча. Пад акампанемент гітары і аркестравую фанаграму ён праспяваў шэраг уласных твораў. Сумесным выкананнем усімі ўдзельнікамі канцэрта разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Людмілай Каспяровіч яго аўтарскай песні “Паляшучкі” і завяршылася гэтае свята творчасці, узаемнай павагі, цудоўнага настрою.

Валерый КУХАРЧУК.
НА ЗДЫМКАХ: моманты канцэртнай праграмы “Сузор’е палескіх талентаў” у Тышкавічах.       
 Фота аўтара.