Свята беларускага слова адбудзецца ў Івацэвічах. Успомнім, як гэта было ў нас
Дзень беларускага пісьменства заўтра стартуе ў Івацэвічах. На працягу двух дзён свята – 31 жніўня і 1 верасня – будзе арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак грамадскіх аб’яднанняў, публічных бібліятэк Брэсцкай вобласці, рэгіянальных СМІ і г.д. Свае экспазіцыі прадставяць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і іншыя музеі.
У час мерапрыемства пройдзе Фестываль кнігі і прэсы, дзе будуць прадстаўлены чатыры тэматычныя павільёны: «Сучасная Беларусь», «Беларусь памятае», «Зроблена ў Беларусі» і «Слова пісьменніка». На пляцоўцы «Зроблена ў Беларусі» госці ўбачаць лепшыя беларускія выданні, якія з’яўляюцца пераможцамі нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі». Упершыню на свяце так шырока пакажуць найбольш цікавыя беларускія кнігі, якія атрымалі міжнароднае прызнанне. А на пляцоўцы «Слова пісьменніка» пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі і творчыя сустрэчы з аўтарамі.
Напачатку верасня 2018 года свята беларускага слова адбылося ў Іванаве. Пры падрыхтоўцы да такой значнай падзеі наш горад практычна ператварыўся ў вялікую будаўнічую пляцоўку. А колькі новых аб’ектаў з’явілася ў горадзе: новы выгляд здабыла пешаходная вуліца 17 Верасня, на якой быў усталяваны памятны знак, прысвечаны XXV, юбілейнаму Дню беларускага пісьменства ў Іванаве, адчыніў дзверы кніжны магазін «Верасень», дзякуючы пленэру разьбяроў уваход у гарадскі парк упрыгожылі цудоўныя скульптуры, новае футбольнае поле ў гарадскім парку падарылі юным спартсменам!
Аматараў літаратуры чакаў фестываль кнігі і прэсы, у рамках якога праходзілі прэзентацыі кніг, кніжныя выставы, аўтограф-сесіі пісьменнікаў, творчыя праекты Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, творчыя конкурсы чытальнікаў і шмат іншых цікавых сустрэч.
Конкурсная праграма абласнога свята-конкурсу духавой музыкі «Фанфара-2018» сабрала аматараў музыкі. На галоўнай пляцоўцы свята выступілі лепшыя творчыя калектывы раёна, вобласці, краіны.
Сёлета Брэстчына зноў прымае творчых людзей з усёй Беларусі. Адкладзіце ўсе свае справы, завітайце ў Івацэвічы, каб натхніцца творчасцю, паэтычным словам і добрым настроем!
Дзіяна Крэс.