Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Свята музыкі і мастацтва

Количество просмотров:

Вялікая культурная падзея адбылася ў мінулыя выхадныя. Адзінаццаць калектываў аматарскага мастацтва, у склад якіх уваходзяць сапраўды таленавітыя ўраджэнцы Іванаўшчыны – музыканты, салісты, артысты тэатра, – пацвердзілі ганаровыя званні «народны». 

Увазе кампетэнтнага журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, і гледачоў была прадстаўлена яркая насычаная праграма. Гучнымі галасамі здзіўлялі прысутных удзельнікі народнага хора «Агні Ясельды» Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, які па выніках раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў занесены на раённую Дошку гонару. 
Віртуознае выкананне давялося пачуць ад сапраўдных талентаў – народнага ансамбля «Мужыкі» і народнага ансамбля народнай песні «Ярыца» сельскага Дома культуры аграгарадка Моталь. Нельга ўявіць ніводнае свята маталян без гэтых творчых калектываў, якія, дарэчы, за час свайго існавання паспелі заваяваць любоў іванаўцаў і набыць вядомасць далёка за межамі раёна. 
Традыцыйна ўразіў прысутных сваім выступленнем народны ансамбль танца «Янаўцы» дзяржаўнай установы адукацыі «Іванаўская дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў» – пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў, уладальнік шматлікіх дыпломаў і кубкаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па танцах. 
Порцыю авацый і сімпатый гледачоў заслужана атрымаў народны ансамбль песні «Асалода» раённага Цэнтра культуры і народных традыцый – гурт, які сапраўды спявае для народа, а яго выступленні пакідаюць пасля сябе прыемную асалоду.  
У гэты ж час на высокім узроўні праходзіла абарона творчых калектываў Іванаўскага раёна – народнага вакальнага ансамбля «Дзіва» сельскага Дома культуры аграгарадка Адрыжын, народнай вакальнай групы «Рудляначка» сельскага Дома культуры аграгарадка Рудск, народнай вакальнай групы «Бліскавіца» сельскага Дома культуры вёскі Махро, народнага вакальнага ансамбля «Беларусачка» сельскага Дома культуры аграгарадка Моладава. Званне «ўзорны» ў гэты дзень пацвердзілі дзіцячыя калектывы – узорны хор сярэдніх класаў «АсСоль», узорны музычны тэатр ДУА «СШ №4 г. Іванава», аркестр народных інструментаў Іванаўскай школы мастацтваў. Творчыя нумары вышэйназваных калектываў знайшлі водгук у душы кожнага з прысутных у канцэртнай зале і фае раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, дзе сёлета праходзіла цырымонія пацверджання калектывамі званняў. 
Асобна хочацца спыніцца на выступленні народнага тэатра «Золак» дзяржаўнай установы культуры «Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый», які ў гэты дзень таксама пацвердзіў званне «народны». На працягу амаль дзвюх гадзін, пакуль працягвалася камедыя-вадэвіль «Бяда ад далікатнага сэрца», прысутнічала адчуванне, што дзея адбываецца не на сцэне раённай установы, а ў Вялікім тэатры Беларусі. Акцёрскае майстэрства кожнага з артыстаў заслужана атрымала высокую ацэнку членаў журы і авацыі ад гледачоў.
Падводзячы вынікі выступленняў творчых калектываў, варта адзначыць, што кожны з музыкантаў і артыстаў заслугоўвае самых шчырых слоў захаплення і падзякі, бо менавіта работнікі культуры дораць кожнаму з нас добры настрой, ствараюць святочную атмасферу на мерапрыемствах, нягледзячы на поры года і жыццёвыя абставіны. Кожны здзівіў у гэты дзень 
па-свойму, пакінуўшы ў душы яскравыя, прыемныя ўражанні.
Па выніках сустрэчы ўсе калектывы пацвердзілі свае званні.  

podtveprzhdenie-zvanij-dshi

podtverzhdenie-zvanij-janovcy

podtverzhdenie-zvanij-motoljane

Анастасія Цалюк.