Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Сын Расіі, улюбёны ў Беларусь

Количество просмотров:

Зазвычай таленавіты чалавек, народжаны на сваёй зямлі, ускормлены ёю, лепшыя памкненні сваёй душы аддае менавіта ёй – непаўторнай Бацькаўшчыне. Людзей гэтых называюць патрыётамі, іх – большасць. Нашмат меней тых, хто, любячы родны край, разам з тым праяўляе непадробную цікавасць да жыцця іншых краін, умее захапляцца іх красой, адчувае ў сабе вялікую патрэбу ў пазнанні іх унікальнасці.

У ліку такіх інтэрнацыяналістаў – Аляксандр Чаромін, прафесар, гісторык, пісьменнік, эксперт па гісторыі Расіі і сумежных дзяржаў.

Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч у 1958 годзе ў Астрахані. Скончыў факультэт “Архіўная справа” Маскоўскага дзяржаўнага гісторыка-архіўнага інстытута і аспірантуру гэтай жа вышэйшай навучальнай установы.
У свой час загадваў архівам. У яго была цудоўная магчымасць дакранацца да гісторыі, прапускаць яе праз сваё сэрца. Архіўныя матэрыялы адкрывалі яму таямніцы, закрытыя для іншых. Такім чынам у архівіста сфарміраваўся ўласны пункт погляду на многія факты і па-
дзеі, якія адбываліся ў мінулым. Магчыма, гэтая акалічнасць і дала штуршок да напісання дакументальных кніг, у якіх аўтар шчыра дзеліцца з чытачом сваімі ведамі і развагамі.
У творчай кайстры пісьменніка – больш за 110 публікацый па гісторыі Расіі і суседніх краін, зніклых дзяржаў, гісторыі дзяржаўных устаноў, краязнаўстве, ваеннай гісторыі, генеалогіі, тапаніміцы, паліталогіі, геапалітыцы, біяграфіі выбітных дзеячаў. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу манаграфій, сярод якіх – «Туровское княжество (X-XIV века)», «Полоцкое княжество (IX-XIV века)», “Брест. История приграничного города».
Менавіта гэтую (апошнюю са згаданых) кнігу прэзентаваў Аляксандр Аляксандравіч іванаўцам. На сустрэчу з творцам, якая ладзілася ў раённай бібліятэцы імя Ф.І. Панфёрава, былі запрошаны настаўнікі гісторыі, мясцовыя краяведы, тыя, для каго мінуўшчына – не тое, што знікла бясследна, а тое, што стварае сучаснасць, вызначае арыенціры будучыні.
Падчас размовы аўтар цёпла гаварыў пра горад над Бугам, узнёсла распавядаў пра яго шматвекавую гісторыю, грунтоўна аналізаваў кожны з перыядаў развіцця (слаўныя часіны і гады ліхалецця), данёс да чытача каштоўную інфармацыю, якую здабыў, вывучаючы архіўныя дакументы, і якую наўрад ці знойдзеш у кнігах па гісторыі, выстраіў сваю інтэрпрэтацыю многіх падзей мінулага.
– Хочу, чтобы город не замкнулся в своем кругу, имел длинную жизнь и процветал, – выказаў сардэчныя пажаданні Брэсту расіянін. – Пусть всегда он будет многолюден, пусть не иссякает поток туристов со всех уголков земли, направляющихся в этот древний город героизма и славы, самобытной культуры.
Аляксандр Аляксандравіч паведаміў, што зараз ён завяршае працу над сваёй новай кнігай, прысвечанай Беларусі, – “Полесье”. Ён прыехаў у наш Янаў, каб зрабіць фотаздымкі для гэтай кнігі. Канешне ж, на старонках выдання абавязкова знойдуць месца невядомыя гістарычныя факты, запазычаныя з архіўных крыніц. А ў наступным годзе, па прызнанні аўтара, убачыць свет кніга “Мінск”, якой, дарэчы, серыя кніг беларускай гісторыі не скончыцца.
Дык чаму ж у душы расійскага гісторыка жыве апантанае жаданне даследаваць гістарычныя вехі менавіта нашай краіны? Падчас сустрэчы мы атрымалі адказ на гэтае пытанне з вуснаў самога пісьменніка.
– Белорусская земля меня вдохновила своей богатой и интересной историей. Это «коридор». Сюда с юга и севера, запада и востока кто только ни приходил, но никто надолго здесь не оставался. Поэтому белорусский народ не ассимилировался и не исчез. Заезжая в деревни, я слышал местную речь, видел трепетное отношение к многовековым традициям. А еще, встречаясь с белорусами, я пришел к выводу, что здесь – заинтересованный читатель, с которым приятно вести беседу.
Не выключана, што Аляксандр Чаромін ужо зусім хутка – у Дзень беларускага пісьменства – наведае наш горад у чарговы раз: на свята яго шчыра запрасілі ўдзельнікі сустрэчы.

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.