Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Талент як песня

Количество просмотров:

Вёска Кончыцы. Маленькая кропка на карце Пінскага Палесся. Кропка невялічкая, але прыгажосць яе акаляе сапраўды велічная. З поўначы, адразу за ваколіцаю, паўз яе працякае галоўная водная артэрыя нашай мясцовасці — рака Піна. З захаду раскінулася люстраная роўнядзь возера. Наўкола — Завышанскі лясны масіў, які стаў слынным, як цэнтр партызанскага краю, яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такая раскоша прыроды не магла не паўплываць на характары мясцовых жыхароў.

Абсалютная большасць з іх — таленавітыя людзі. Не буду распыляць увагу чытачоў на многіх. Раскажу толькі пра сям’ю Ермаковых. І толькі па той прычыне, што з адным з яе прадстаўнікоў — Генадзем — мне пашчасціла стаць не проста знаёмым, а нават таварышаваць. Справа ў тым, што воляй лёсу ён з жонкай Інай і дзецьмі закінуты ў маё роднае Хамічава. Жыве Гена тут, а працуе ў Іванаўскім філіяле прыватнай фірмы ТАА “Інтэрнэшнл”, забяспечвае трансляцыю кабельнага тэлебачання для горада, спецыялізуецца таксама на рамонце камп’ютарнай тэхнікі, любой электронікі.
Але пачнем па парадку, вернемся ў яго родныя Кончыцы.
Я сказаў, што там шмат таленавітых людзей. Дык вось: сям’я Генадзя якраз з такіх, адораных Богам і палескай прыродай.
Бацька яго, Уладзімір Аляксеевіч, — першы на вёсцы музыка і мастак, рэзчык па дрэву. Гэта яго стараннымі рукамі аформлены мясцовыя школа і Дом культуры. А мастацкія творы “разбегліся” па родных, сябрах і знаёмых, падораных ім з самай рознай нагоды.
Маці — Кацярына Якаўлеўна — слынная рука-
дзельніца, працавала прадаўшчыцай мясцовага магазіна. Але асабліва любяць і паважаюць яе за цудоўны голас. Яна — спявачка, выступала за хор мясцовага Дома культуры, удзельнічала ў шматлікіх канцэртах, конкурсах. Да гэтай пары, калі Генадзь з сям’ёю наведваецца ў Кончыцы, у яго роднай хаце збіраюцца суседкі, на падворку ладзіцца салодкі стол. І доўга разносяцца па наваколлі мелодыі народных песень.
Атмасфера высокай творчасці, якая панавала ў сям’і, заканамерна адбілася на фарміраванні характару і рознабаковых здольнасцяў маленькага Генадзя. За музычныя інструменты пачаў брацца, як толькі стала хапаць сіл, каб расцягнуць іх мяхі.
— З-за баяна ці акардэона, якія былі ў вялікай пашане ў маёй сям’і, — з усмешкай згадвае Генадзь, — мяне і відаць не было, а ўжо “пілікаў”, спрабаваў падбіраць мелодыі песень ці танцаў, якія былі тады ў вёсцы сама больш любімымі. І атрымлівалася. Прычым, без усялякіх нот. Пра іх тады я і не чуў. Проста на слых. Націсну на клавішу, другую. Калі адчуваю, што не тое, спрабую іншыя варыянты. Але ж мае малечыя пальчыкі самі па сабе адшуквалі патрэбныя. Такое вось адчуванне мелодыкі заклалі бацькі ў маёй душы разам з радзіннымі генамі. Гэтак жа на слых авалодаў ужо падчас службы ў арміі духавымі інструментамі, піяніна, захапіўся гітарай. Зараз асаблівую цікавасць выклікаюць суперсучасныя электронныя “Ямахі”. Любую мелодыю “зводжу” на іх проста жартачкамі.
На лірызм характару, на склад душы Генадзя, несумненна, паўплывала і хараство родных мясцін. Дзе яшчэ можна было знайсці лепшыя забавы і ўцехі, як на Кончыцкім возеры, рацэ Піна. Летам — ад ранку да вечара (калі быў вольны час ад спраў па гаспадарцы) — вясковая дзятва аж да пасінення губ, да дрыжыкаў ва ўсім целе, плёскалася на азёрным мелкаводдзі. Зімою, калі Кончыцкае скоўваў моцны лёд, а позняй восенню, ранняй вясною, як толькі паспявалі набухнуць і разліцца навакольныя балоты, іх зноў жа пакрывала, месцамі празрыстая, а месцамі брудна-жаўтаватая наледзь, лепшай насалодай было катанне на каньках.
Во, прастора тады надавалася! Па закутых у хрусткі, здрадніцкі, слабаваты, але такі вабны лёд балотных разліваў можна было слізгаць на каньках да такіх таемных мясцін, куды ўлетку, па багноцці ды непраходнай мулі, дабрацца не мог нават старажыл…
Грыбы. Яны былі і застаюцца таемнай і бясконцай радасцю Гены. Крыніцай музычнага і жыццёвага натхнення. І гэта ад дзіцячых захапленняў! Такіх грыбных мясцін, як у старажытных Завышанскіх пушчах, што ўшчыльную падступаюць да Кончыц, яшчэ пашукаць трэба. Нават цяпер, перасяліўшыся ў Хамічава, ён хутка асвоіў усе лясныя наваколлі (заходнюю частку тых жа Завышанскіх лясоў), стаў дастойным канкурэнтам для мясцовых грыбнікоў.
Але не толькі музыкай жыў у дзяцінстве Генка.
Прыкладна з сямі гадкоў у ягоны лёс прыйшло радыё. Як тое здарылася, ён і сам дакладна ўспомніць не можа. Пачуў некалі радыёпрыймач, знайшоў нейкі напаўразвалены прыбор, і запаліўся жаданнем: разбяру яго, сам дакапаюся да ўсіх драбніц, якія прымушаюць яго гаварыць чалавечым голасам, ды яшчэ музыку граць, песні спяваць.
Мясцовая дзетвара, даведаўшыся пра такое захапленне, пачала збіраць і прыносіць яму ўсялякі “радыёхлам”. А Генка выпайваў з яго ўсё карыснае для яго творчасці і думаў, як што куды прыладзіць…
Так Генадзь самастойна і высокапрафесійна прыйшоў у таямнічы для іншых, а для яго цяпер такі зразумелы, захапляльны і бясконца цікавы свет электронікі.
А для дасканалага спазнання той свет, на мой погляд, патрабуе развіцця самага шырокага спектру здольнасцяў чалавека. Таму згадаем яшчэ пра адзін бок захапленняў Ермакова. Здаецца, зусім нечаканы. Але цесна звязаны з творчасцю, як і музыка, спевы, электроніка…
У маладосці Гена захапляўся будаўніцтвам… Толькі не ў агульнапрынятым паняцці, як узвядзенне дамоў, хлявоў, іншых вясковых будынін. Ён па сваіх фантастычных праектах, народжаных у яго ўяўленнях планах, клеіў са звычайных запалкаў, маленькіх брусочкаў макеты будынкаў.
Адзін з яго твораў стаў сапраўдным шэдэўрам, які бясконца здзіўляў усіх вяскоўцаў, сяброў і знаёмых, якім пашчасціла яго бачыць. Гэта была родная хата Генадзя: усе яе пакоі, дзверы, вокны, нават дробныя прадметы мэблі і газавая пліта былі ўвасоблены ў мініяцюры з выключнай дакладнасцю. Нават асвятленне тут уключалася і выключалася па ўсіх законах электрычнасці. Пазней макет быў удасканалены: да хаты былі “дабудаваны” іншыя надворныя “хібаркі”, нават плот з працякаючай за ім канаўкай. Той самай, з якой падчас розных сямейных урачыстасцяў можна было, не выходзячы з падворку, вудай нацягаць карасёў для наварыстай юшкі…
Для поўнага праяўлення таленту асобе патрэбен і яшчэ адзін вельмі важны аспект — асабістае чалавечае шчасце. А яно Генадзя сустрэла таксама ў роднай вёсцы. Працаваць у мясцовую сярэднюю школу сюды прыехала маладзенькая настаўніца рускай мовы Іна Краўчук. Прыгожанькая, вабная, вясёлая характарам, яна прыцягнула ўвагу многіх кончыцкіх хлопцаў. Але здарыўся вечар. Здарылася, што запала яна ў яго душу. Здарылася і тое, што чакаў яе на аўтобусным прыпынку, каб праводзіць да дому іншы хлопец… Але Гена проста “перахапіў” яе на выха-
дзе з аўтобуса, узяў пад ручку… Іна, быццам пад гіпнозам, паддалася гарачаму імпэту амаль незнаёмага хлопца…
— З першых уражанняў, якія сыгралі галоўную ролю ў нашым лёсе, запомнілася яго непаўторная ігра на гітары, спевы, — згадвае Іна, — а таксама ўпэўненасць у сабе, нейкая няўлоўная надзейнасць, галантнасць, як кавалера. Так і склалася ў нас усё. Праз два месяцы, у студзені 1994 года, згулялі вяселле ў маёй роднай вёсачцы Краснае. Праз дзевяць месяцаў нарадзілася дачка Марынка (заканчвае філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, нядаўна выйшла замуж). Ёсць у нас яшчэ сын Дзяніс, зараз праходзіць тэрміновую армейскую службу, разведчык).
Першыя два гады пасля вяселля сям’я жыла ў Кончыцах. Іна настаўнічала, Генадзь працаваў у мясцовым лясніцтве, дзяжурыў на вышцы, назіраў за пажарным станам навакольных лясоў. Але работа, шматлікія і бясконцыя паўсядзённыя вясковыя клопаты не перашка-джалі творчасці. Генадзь працягваў жыць у сваім электронным свеце. Тады толькі-толькі ў нашыя мясціны пачало з вялікай цяжкасцю прабівацца спадарожнікавае тэлебачанне. Жаданне ж падключыцца да яго, спазнаць новую таямніцу, убачыць на сваім тэлеэкране навіны з усяго свету, прычым на многіх дзясятках каналаў, было настолькі неадольным, што Ермакоў, паднапружыўшы ўсе свае мазгі, падключыўшы інтуіцыю, знайшоў вельмі простае выйсце. На невысокі слупок ён прымайстраваў звычайнае веласіпеднае кола, даладзіў да яго некалькі просценькіх элементаў, укамплектаваў прыёмнай галоўкай (прывезлі знаёмыя з Германіі, бо ў СССР яны тады нідзе не вырабляліся), — і ўся вёска пачала збягацца да яго, каб паглядзець любы з сотні транслюемых спадарожнікамі тэлевізійных каналаў. Гэта нічога, што агучванне перадач было на замежных мовах, але “карцінка” была цудоўная. А для моладзі, якая найчасцей прыбягала на “вечарыны” да Ермаковых і больш любіла глядзець спартыўныя ці музычныя праграмы, перакладу асабліва не патрабавалася.
Для няўрымслівага Генадзя гэтага было мала. Яго душа патрабавала работы па прызванню. Тым больш, што жонка ва ўсім падтрымлівала, жадала, каб талент яго знайшоў дастойнае прымяненне.
Крутому павароту ў лёсе сям’і Ермаковых паслужыў іх візіт да родных Іны ў санаторый “Алеся”. Тут яго здольнасцямі зацікавіўся галоўны інжынер здраўніцы, намеснік галоўнага ўрача Уладзімір Жушма. Лячэбніцы якраз патрабаваўся радыёмеханік. Хоць у Генадзя і не было адпаведных кваліфікацыйных дакументаў, яго адразу ж прымаюць на адказную пасаду.
Такі давер літаральна акрыліў чалавека. Нарэшце ён атрымаў шырокае поле дзейнасці: тут ён мог ажыццявіць усе свае задумкі, ідэі.
Пачыналася пара камп’ютарызацыі. Ва ўкараненне новых тэхналогій дзейнасці санаторыя Генадзь укладвае ўсе свае веды і здольнасці. Ён стаў ініцыятарам і стваральнікам мясцовай сістэмы кабельнага тэлебачання. Нават да гэтай пары зманціраванае і наладжанае ім абсталяванне дзейнічае без збояў. Запрацаваў  у “Алесі” і свой тэлевізійны канал, па якім трансліраваліся навіны з жыцця санаторыя, шматлікія відэазамалёўкі, фотарэпартажы, якія адлюстроўвалі прыгажосць навакольных мясцін, фотазастаўкі, мультфільмы. Перадачы канала карысталіся вялікай папулярнасцю ў адпачываючых.
18 гадоў адпрацаваў Генадзь у санаторыі “Алеся”. За гэты час сям’я купіла невялічкі домік у суседняй вёсцы Хамічава (бліжэй да Краснага, радзімы Іны). Зараз, як і ўпаміналася ў пачатку нарыса, Ермакоў перайшоў на больш маштабную працу ў Іванава. Але па-ранейшаму ў яго доміку жыве творчасць і музыка. На пачэсным месцы — навейшая “Ямаха”, забяспечаная ўсімі камп’ютарнымі тэхналогіямі. Не забываецца гаспадар і пра старэнькія гармоню, балалайку, гітару… Яны ў хаце не як музейныя экспанаты. Яны спяваюць. Як толькі выдасца Генадзю вольная хвілінка, — так і гучаць тут лірычныя мелодыі: то народныя, то эстрадныя напевы радуюць суседзяў ці гасцей, якім у гэтай гасціннай сям’і заўсёды рады.
Многа іншых добрых слоў яшчэ можна было б сказаць пра Генадзя Ермакова, пра яго сям’ю. Але талент бязмежны, і расказаць пра ўсе яго грані немагчыма. Таму, заканчваючы гэты нарыс, скажу адно: дзякуй, што дастойна нясеш талент, атрыманы ад бацькоў. І тым радуеш людзей, тым карысны для грамадства.

Васіль ЖУШМА,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
НА ЗДЫМКУ: Генадзь Ермакоў.
Фота аўтара.