Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Трое з шасці пераможцаў – іванаўцы

Количество просмотров:

luninskaia vosen 01Традыцыйнае лiтаратурнае свята «Лунiнская восень» вось ужо ў дзясяты раз прывiтальна адчынiла дзверы перад прыхiльнiкамi прыгожага пiсьменства вобласцi. Гэтым разам яно пачалося з узнёслай i жалобнай ноты – урачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкi ля ўваходу ў будынак Лунінскай сярэдняй школы ў гонар земляка, ураджэнца вёскi Лунiн, празаiка, публiцыста i журналiста, члена Саюзаў пiсьменнiкаў Беларусi і Расіі Мiкалая Елянеўскага, якi заўчасна пайшоў з жыцця на пачатку гэтага года. Удзел у шчымлівай цырымоніі прынялі жонка і сын пісьменніка.

 За свой кароткі (мог бы яшчэ жыць ды жыць, калі б не цяжкая, невылечная хвароба, радаваць нас новымі творамі, прыязнай тактоўнай усмешкай), але імкліва-насычаны жыццёвы шлях Мікалай Васільевіч шмат чаго зведаў-спазнаў. Яго вопыту і мудрасці можна было толькі пазайздросціць. Ваеннага карэспандэнта не мінулі вогненныя сухавеі афганскіх перавалаў. Неабыякавым да лёсу людзей, з якімі зводзілі шматлікія журналісцкія сцяжынкі, заставалася яго чулае сэрца і тады, калі рэдагаваў Пінскую раённую газету “Полесская правда”.

luninskaia vosen 02


Вярнуўшыся праз шмат гадоў у родную Лунiнскую школу, Мiкалай Васiльевiч не проста наведаў яе, але i назаўсёды застаўся з яе вучнямi i настаўнiкамi, з удзельнікамi свята «Лунiнская восень». Менавiта ён быў iнiцыятарам правядзення тут лiтаратурнага фэсту з удзелам пiсьменнiкаў Берасцейшчыны i пачынаючых лiтаратараў вобласцi, які даўно перарос межы аднаго толькі населенага пункта, нават раёна.

luninskaia vosen 03


І вось зноў, ужо каторы год запар, у адзiн з цудоўнейшых куточкаў Палесся – вёску Лунiн, што на Лунінеччыне, – прыйшла не проста восень-прыгажуня, а паэтычная восень. Аб ёй сведчылi вершы i песнi, якiмi сустракалi гасцей фэсту вучнi i настаўнiкi Лунiнскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам дырэктара Сяргея Курака. Ды і сама школа, яе калiдоры i ўтульныя залы патаналi ў залатой лiстоце, што лагодна шамацела пад нагамi, зiхацела на сценах, упрыгожваючы фотакарткi ўдзельнiкаў былых фэстаў, маляўнiчыя сукенкi вучанiц, якія чыталi вершы, спявалі песні i павольна кружылiся ў танцах. Па ўсiм было вiдаць, што гэты фэст тут заўсёды чакаюць, да яго рыхтуюцца вучнi i настаўнiкi, укладаючы душу i сэрца.

luninskaia vosen 04


Лiтаратурнае свята прывiтальным словам адкрыў старшыня Лунiнецкага райвыканкама Васiль Агiевiч. Ён пажадаў удзельнiкам лiтаратурных урачыстасцей натхнення, добрага здароўя, поспехаў. Да гэтых слоў далучыўся начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы, культуры i  па справах моладзi Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Цыральчук.
Напярэдаднi «Лунiнскай восенi» былi падведзены вынiкi абласнога лiтаратурнага конкурсу сярод  дзяцей i юнацтва «Без дружбы мне – як без вады i хлеба», прысвечанага 70-гадоваму юбiлею паэтэсы Нiны Мацяш. Прыемна канстатаваць, што пераможцамi конкурса сталi адразу ажно тры пасланцы Іванаўшчыны. Гэта вучні Мотальскай сярэдняй школы Наталля Данiлевiч, Псышчаўскай СШ – Дзмiтрый Лукашэвiч з в. Вартыцк (на фота зверху), сярэдняй школы №3 г.Іванава – Уладзіслаў Адамовіч. Сярод іншых лаўрэатаў – вучанiцы гiмназii №4 г.Брэста Вiкторыя Здановiч і Елізавета Калінка, студэнтка чацвёртага курса Брэсцкага тэхнiчнага ўнiверсiтэта Алена Парфянюк. Пераможцаў конкурсу вiталi i ўручылi дыпломы i падарункi старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Анатоль Крэйдзiч i галоўны рэдактар часопiса «Маладосць» Святлана Дзянiсава. З красамоўнымі прамовамі да юных і сталых літаратараў Берасцейшчыны звярнуліся паэт Анатоль Шушко, празаік Валерый Гапееў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас, дацэнт кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Уладзімір Сенькавец. Чаго вартае адно толькі пранізлівае, натхнёнае дэкламаванне Уладзімірам Адамавічам з трыбуны верша ўладальніцы дыплома другой ступені Алены Парфянюк!

Не дыхай на мае далоні,
Я болей не хачу цяпла.
Усё, мой дружа, з нас даволі.
Бач, завіруха замяла
Усе шляхі да майго сэрца,
І ты адлігі не чакай,
Бо мне увек не адагрэцца
Каля цябе.Усё.Бывай.

luninskaia vosen 05

Радкi, напiсаныя ад шчырага сэрца, нiколi не губляюць сваёй першароднай свежасцi, бо яны пра самае светлае, дарагое i мiлае. У iх гучыць трывога i радасць, адчай i вера, трапяткое каханне, шчымлiвае прызнанне ў адданай любовi да роднай старонкi, да яе мiнулага і сучаснага.

 

luninskaia vosen 06


На свяце «Лунiнская восень» былi падведзены таксама вынiкi Лунiнецкага раённага лiтаратурнага конкурсу сярод школьнiкаў, прысвечанага творчасцi Мiкалая Елянеўскага. Iмёны пераможцаў агучыў начальнiк аддзела адукацыi, спорту i турызму Лунiнецкага райвыканкама Iван Раковiч. Удзельнiкi лiтаратурнага свята наведалi Цэнтр культуры i народнай творчасцi ў вёсцы Вулька-1, які стаў лаўрэатам прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi  Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Госцi пазнаёмiлiся з працай народных умельцаў цэнтра, уласнаручна маглі паваражыць з утокамі на “бабуліным” ткацкім станку, пакруціць верацяно ля пралкі з кудзеляй, паглядзелi цудоўную гумарыстычную сцэнку з жыцця глыбiнкi, дарэчы, напiсаную i пастаўленую дырэктарам гэтай установы культуры Вольгай Мялюх i мясцовымi артыстамi-аматарамi.

luninskaia vosen 07


Далей шлях удзельнiкаў свята прадоўжыўся сустрэчамi ў райцэнтры. Пiсьменнiкi Берасцейшчыны ўсклалi вянок да помнiка Якубу Коласу ў Лунiнцы. Шмат станоўчых эмоцый выклікаў агляд выставы работ юных мастакоў – выхаванцаў раённай школы мастацтваў – у мясцовым кінатэатры. Незабыўныя ўражанні пакінула таксама экскурсія ў Лунінецкую цэнтральную раённую бібліятэку, дзе працуюць не толькі рэўнасныя захавальнікі і шчырыя прыхільнікі літаратурнага слова, але і надзвычай творчыя ўмельцы. У прыватнасці, нікога не пакінула абыякавым выстава скульптурных шэдэўраў (інакш не скажаш), выкананых дырэктарам бібліятэкі са звычайных макаронаў-вермішэляў.
Да новых сустрэч, “Лунінская восень”!

Валерый КУХАРЧУК.