Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Творчая імпрэза Андрэя Мазько “Радкі, напісаныя лёсам”

Количество просмотров:

І лірык, і філосаф, і добры гаспадар… Так можна сказаць пра таленавітага паэта Андрэя Мазько, творчая сустрэча з якім адбылася напрыканцы лістапада ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна.


Андрэй Іванавіч Мазько нарадзіўся ў в. Упірава Іванаўскага раёна. Выхоўваўся і вучыўся ў Гарадзецкай, Жабінкаўскай, Пружанскай школах-інтэрнатах.
У 1977 годзе закончыў з адзнакаю Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі ў Мінску і да 1982 года працаваў галоўным інжынерам калгаса “Кастрычнік” Іванаўскага раёна. Без адрыву ад вытворчасці завяршыў вучобу ў аспірантуры БІМСГ. Узначальваў аддзел па эканоміцы і рыначных адносінах, упраўленне гарадской гаспадаркі, працаваў начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры Іванаўскага райвыканкама, намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама.
Аўтар паэтычных зборнікаў “Жывы калодзеж”, “Днi i ночы мае”,  шматлікіх публікацый у калектыўных зборніках, часопісах, альманахах, газетах рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню.
Андрэй Мазько – наш сапраўдны сцэнічны артыст, песеннік, паэт, актывіст творчай літаратурнай суполкі. Ён шмат ездзіць па берасцейскім рэгіёне, часта выступае перад чытачамі, улюбёнымі ў мастацкае слова, беларускую мову, паэзію. Сёлета прымаў удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства, якое праводзілася ў Полацку.
Свае актавыя залы, вучэбныя класы, сцэнічныя пляцоўкі паэту ахвотна прапануюць бібліятэкі, школы, палацы культуры. І скрозь ён жаданы і паважаны госць.
Вось і гэтым разам Андрэй Іванавіч амаль дзве гадзіны трымаў у эмацыянальным палоне сваіх чарговых слухачоў-брастаўчан – прыхільнікаў паэзіі, пранікнёна чытаў ім свае вершы, шчыра дзяліўся з прысутнымі сваімі пачуццямі, жыццёвым вопытам, шматгадовымі назіраннямі. Расказаў паэт і пра цеснае супрацоўніцтва з вядомым брэсцкім кампазітарам Васілём Кандрасюком, з якім яны стварылі не адну песню. Прадаўжалі б тварыць і далей, але жыццё кампазітара нечакана абарвалася ў 2013 годзе…
На творчай сустрэчы прысутнічала моладзь з Брэсцкага каледжа бізнесу і права. Менавіта для падрастаючага пакалення паэт знайшоў мудрыя і важкія словы, засяродзіў увагу на тым, якую вялікую ролю мае ў жыцці чалавека сям’я, родны куточак, як неабходна ўсё жыццё быць рупліўцам на працы і адказна ставіцца да любых даручаных спраў.
Маладыя людзі ўважліва і з вялікай цікавасцю слухалі паэта, задавалі пытанні, у тым ліку і пра літаратурную творчасць, натхненне і ўменне сумяшчаць адказную працу з паэзіяй.
Падтрымаць выступоўцу добрымі словамі прыйшлі сябры і калегі па пяры Аляксандр Валковіч, Зінаіда Дудзюк, Любоў Красеўская, Мікола Панасюк, Таццяна Шульга. Так, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч са шчырасцю падкрэсліла, што творчасць Андрэя Мазько – лірычна-кранальная і шчымліва-крынічная. Асабістыя пачуцці,  перажыванні, думкі паэта набываюць незвычайную глыбіню і шырокую маштабнасць, бо кожны аўтарскі радок, кожная страфа напоўнены асаблівай цеплынёй і любоўю да сваёй Бацькаўшчыны, роднай Беларусі, сваіх землякоў, любай сэрцу маленькай Радзімы. Апроч усяго, у творчасці Андрэя Мазько ёсць моцная апора, гэта – паэтычны талент, нязломная воля і імкненне з кожным разам узняцца на прыступку вышэй. І гэтая душэўная сіла, сардэчная прыгажосць і пяшчота, паэтычная крылатасць аўтара прыцягваюць і заварожваюць душу чытача напоўніцу і без астатку.
Напрыканцы творчай вечарыны як аматар песеннага жанру Андрэй Іванавіч усім прысутным узняў настрой добрай песняй, выконваючы яе пад гітару.   

Надзея ПАРЧУК,
сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.