Творчая сустрэча хору ветэранаў
Добрай традыцыяй стала супрацоўніцтва творчых калектываў Іванаўскага і Любяшоўскага (Украіна) раёнаў. Так, у маі бягучага года ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню перамогі. Канцэртная праграма была падрыхтавана аматарскім фальклорным ансамблем «Калынонька» Любяшоўскага Дома культуры. Падчас творчай сустрэчы хор ветэранаў «Нязгасны агеньчык» Іванаўскага ЦКіНТ запрасілі ў Любяшоў.
Мастацкі кіраўнік хора Іван Самахавец з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне ў госці. Падрыхтаваўшы канцэртную праграму, прысвечаную Дню пажылога чалавека, нашыя землякі адправіліся ў Любяшоў.
– Мы выканалі беларускія, рускія і ўкраінскія песні. Сваімі галасамі шматлікіх гледачоў радавалі нашы салісты – Уладзімір Селязнёў, Леанід Козіч, Вера Марчук і Надзея Зялёнка, – расказвае Іван Васільевіч. Таксама калектывы мелі магчымасць абмяняцца творчымі планамі, эмоцыямі ад убачанага, дамовіцца аб новай сустрэчы.
Анастасія ЦАЛЮК.