Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

У пахмурную пагоду дорыць сонца «Асалода»

Ад розных жыццёвых праяў можна атрымаць асалоду: ад шораху хрусткага снегу пад нагамі ў лютаўскі марозны поўдзень, ад вясновай квецені і ліпеньскіх навальніц. Асалода ад сустрэчы са светлым чалавекам, ад здзяйснення мары, ад набыцця шыкоўнай сукенкі. А яшчэ… ад песні. Асабліва калі гэтая песня ад народнага ансамбля «Асалода».

Існуе думка, што ў імені закладваецца лёс. Праз прызму ўспрымання творчасці гурту можна сцвярджаць, што імя і сапраўды спрацоўвае на ўсе сто: ад «Асалоды» атрымліваеш асалоду самую вытанчаную.
Нядаўна маштабнай канцэртнай праграмай слынны калектыў адзначыў 15-годдзе творчай дзейнасці. У святочнай зале раённага Цэнтра культуры і народных традыцый падчас юбілейнай імпрэзы яблыку не было дзе ўпасці. Ці ж гэта не яскравы доказ папулярнасці ансамбля, высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства артыстаў, імкнення душы чалавечай да прыгожага?
– Сардэчныя віншаванні ў свой адрас атрымалі ад кіраўніцтва райвыканкама і аддзела культуры, з падтрымкай якіх наша канцэртная дзейнасць развіваецца дынамічна і гарманічна, – расказаў Васіль Гарох, першы і адзіны кіраўнік «Асалоды», чалавек, надзелены бясспрэчным талентам, памножаным на багаты прафесійны вопыт. – Радасць з нагоды свята раздзялілі з намі прадстаўнікі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, творчыя людзі Брэст-
чыны і, канечне, шматлікія прыхільнікі нашай творчасці. Мы дорым гледачам сваё песеннае мастацтва ад шчырага сэрца. І зваротная сувязь з імі, якая праяўляецца ў адпаведным эмацыйным водкліку на песні, цёплых усмешках, гарачых апладысментах, – самы дзейсны стымул да далейшага ўдасканалення, пошуку новых сродкаў самавыяўлення, імкнення да ідэалу.
Першыя з’яўленні навастворанага калектыву на сцэнічных пляцоўках паўтара дзясятка гадоў таму не засталіся па-за ўвагай іванаўцаў. Песні былі розныя па тэматыцы і манеры выканання: то бадзёрыя, заліхвацкія, часам перавітыя жартоўнымі дыялогамі-мініяцюрамі, то велічна-спакойныя, як рачная плынь, лірычна-ўзнёслыя. Яны бралі сэрца ў чароўны палон. Было зразумела, што нарадзіўся на свет унікальны гурт, са сваім адмысловым голасам і стылем. Адметнымі былі нават строі артыстаў: на белым фоне – ясна-зялёны колер, ды яшчэ аздаблялі вопратку залацістыя ўзоры ў выглядзе выспеленых каласоў. Васіль Віктаравіч кажа, што ячменныя каласы сімвалізавалі ААТ «Белсолад», на базе якога і заявіў пра сябе гурт, дзякуючы ідэйнаму натхняльніку генеральнаму дырэктару прадпрыемства Мікалаю Кендзе, апантанаму аматару музычна-песеннай творчасці. Але ж для большасці людзей знешні выгляд асалодаўцаў атаясам-
ліваўся з квітнеючымі краявідамі роднай Беларусі.
Ля вытокаў ансамбля стаялі, фарміравалі яго вобраз Людміла Пятроўна Гарох, жонка Васіля Віктаравіча (менавіта яна, маючы багаты рэжысёрскі вопыт, стварыла сапраўдныя шэдэўры на сцэне), Мікалай Лук’янчук, Валянціна Балюк, Марыя Зубач, Валянціна Шумак, Ірына Дробат, Генадзь Турчык, Павел і Юрый Рынкевічы, Аляксандр Чашун, Валерый Козел, Валянціна Трапачка, Лідзія Сяглюк, Эдуард Брыль, Мікалай Япішка. Так і пачаў крочыць па прасцягах музычнага мастац-
тва новы ансамбль, якому праз два гады было прысвоена ганаровае званне «Народны». У 2014 годзе, змяніўшы сваю прапіску, ён стаў вядучым творчым калектывам Іванаўскага раённага ЦКіНТ.
Пятнаццаць гадоў плённай дзейнасці ансамбля – гэта насычанае жыццё з хвалюючымі ўражаннямі, гастролямі і перамогамі ў прэстыжных конкурсах і фестывалях. З часам змяніўся склад калектыву. Цяпер маюць гонар быць асалодаўцамі выдатныя музыкі і спевакі Вольга Кухарчук, Таццяна Палянская, Кірыл Сафронаў, Таццяна Касянюк, Дзмітрый Страпко, Кацярына Мазырчук, Улад Балюк, Аксана Картавіцкая, Мікалай Гарох, Аліна Берташ, Наталля Лістраценка, Алена Струк. У калектыву шмат арыгінальных ідэй і планаў. Значыць, прыхільнікаў творчасці ансамбля чакаюць незабыўныя спатканні з акрыленай песняй. І хай толькі паспрабуе азмрочыць нашы пачуцці бляк-ла-шэры задожджаны свет! Дакранецца да сэрца песня «Асалоды» – і нават у пахмурны дзень засвеціць у душы прыветнае сонца.

 Ірына Саломка.