Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

У вечар золкі песняю сагрэліся

Количество просмотров:

Мала, відаць, было прастору шырокаму фестывальнаму дзейству ў сценах будынка раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, таму неўзабаве яно перамясцілася на шырокую плошчу пад асмужаны вечаровай сінню шацёр нябесны.

Гаманой-смехам поўнілася наваколле. Раз-пораз то тут, то там падавалі галасы залівістыя баяны, гулка выбухвалі бубны, снаваліся няспешныя размовы. “Адкуль будзеце, панове? – цікавілася маладзіца ў апранутых у святочныя строі палякаў і, атрымаўшы адказ на сваё запытанне, з ахвотай распавядала, што ў Польшчы ў яе жывуць родзічы. Дыялог быў прыемны, нязмушаны. Прыезджыя казалі, што ім “сподобам” у нашым горадзе”.
Між іншым мароз штукарыў не на жарт: калоў рукі вострымі іголкамі, нахабна дыхаў у твар пранізлівым ветрам. Але як толькі сцэнічная пляцоўка ажыла задушэўнай песняй пра вішню, што расцвіла пад акном шырокім, цёплым духам павеяла, расквітнелі зычлівыя ўсмешкі. “Сагрэемся песняй!” – падбадзёрвалі артысты. І гледачы з ахвотай падпявалі, рабілі фотаздымкі з дапамогай камер мабільных тэлефонаў. Незвычайна кранальна было чуць у выкананні мужчынскага хору з Польшчы бадзёрую песню на беларускай мове – роднай мове людзей, да якіх яны завіталі ў госці, – сведчанне павагі да нашага народа, прызнанне яго нацыянальнай ідэнтычнасці.
Успыхвалі таямнічым святлом рознакаляровыя ліхтары на навагодняй ёлцы, гарэзліва перамігваліся вясёлыя сябры-снегавікі, гулялі ў сняжкі дзеці, танцавалі дарослыя – студзеньскаму марозу давялося скарыцца перад цеплынёй сэрцаў чалавечых, цеплынёй сяброўскіх стасункаў.

Ірына САЛОМКА.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.