Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Велікодны трыумф

Количество просмотров:

Шыкоўнае свята «Прыйшло Вылычко з чырвоным яічком», арганізаванае народным фальклорным гуртом «Залядынская гамонка» (мастацкі кіраўнік Ірына Кацко), адбылося ў сельскім Доме культуры в. Залядынне.

Вялікдзень – самае шанаванае і радаснае свята хрысціян, бо кожны шчыры вернік выдатна ўсведамляе кошт збавення Госпадам усяго чалавецтва ад цемры граху. Ім стала цяжка-пакутлівая і глыбока-прынізлівая смерць Сына Божага. Вера ў магутнасць яго пахіснулася нават у любімага апостала Пятра, які пад ціскам гвалту і цемрашальства натоўпу тройчы адрокся ад Хрыста. Пра недаравальную памылку людзей спявалася на свяце ў песні «Чырыз полэ шырокэ», згодна якой Маці Божая пайшла па свеце, шукаючы свайго любімага Сына, сустрэла яна трох Анёлаў, якія расказалі: «люды взялы твойго сына замучылы» – «на крыж рукы роспыналы, гвоздём ногы прыбывалы». Уваскрэсенне Збаўцы стала паваротным момантам у гісторыі, таму што яно падарыла працяг развіцця нашага грамадства. Пра выключнасць гэтай падзеі гавораць радкі: «І Ангелы на ныбысах, // І всі радуюця на зымлі, // Всюды чуіцця з ныбэс: // Хрыстос воскрэс! Хрыстос воскрэс! // Хрыстос воскрэс!».
Хрыстосавацца, ці вітаць сустрэчнага воклічам  «Хрыстос уваскрос!», па праваслаўнай традыцыі, можна ажно да свята Ушэсця. І гэтым таксама падкрэсліваецца важнасць Хрыстовага ўваскрашэння, якое дало надзею на будучае жыццё чалавецтва. Першы тыдзень па Вялікадні напоўнены асаблівай радасцю: царкоўныя званы звоняць па-велікоднаму «голосно», галоўным пажаданнем усім людзям з’яўляецца «хай у душі пануе свято, // І здоровья хай будэ багато».


Са святкаваннем Вялікадня, як нагадалі ўдзельнікі «Залядынскай гамонкі», звязаны розныя сімвалы, жыццёвыя правілы і прыкметы. Безумоўна, самымі галоўнымі на стале ў гэтае свята з’яўляюцца велікоднае яйка і святая булка: «Котылося яічко / З горы на долыну, // Прыкотылось прамэсэнько // До нас у гостыну» і «А за ім прышов Вылыкдынь. // Нысэ білу пасху, // Даруючы усім свою любов і ласку!». Асаблівасцю свята цяпер і раней з’ўляецца тое, што людзі ходзяць у госці, прыносячы падарункі – фарбаваныя яйкі. З імі ў розных мясцовасцях ладзяцца гульні – «Біткі», «Круцёлка» і іншыя. Калі сэнс «Біткоў» – у тым, каб знайсці яйка-мацук, то па выніках другой гульні, «Круцёлка», ужо забытай па сённяшнім часе, вызначаецца чалавек, для якога да самага канца год будзе шчаслівым і плённым. Уладальнік яйка, якое даўжэй за астатнія круціцца, і ёсць пераможца. У Залядынні гэтыя гульні з гасцямі свята праводзіла жартаўлівая кабета Ала Клімавец, дырэктар СДК в. Махро, якая з рэтра-возам прыехала са сваёй вёскі. Жанчына як з рога сыпала жартамі, вясёлымі смяшынкамі, нават  паспрабавала за гульнёй у «Біткі» спадабацца аднаму хлопцу:
– Дывлюся я на тыбэ, чоловічэ, гочэй ны могу одвысці, так ты мні понравывся. Як зовуть тыбэ, соколык?
– Іван.
– Ны дарма ногы до тыбэ прывылы, гэто ж мое самэ любымэ імя…


Пасля гульняў і забаў Ала на развітанне раздае ўсім прысмакі, падчас частавання якіх гурт спявае мясцовую песню «З сыром пырогы». Гэтая музыкальная кампазіцыя, у якой расказваецца пра каханых, з якімі здарылася няшчасце – падчас сустрэчы ў лесе на іх «напалы ворогы, //Забралы дівчыноньку і з сыром пырогы». А малады хлопец «не разгубіўся» – параіў «мысліўцам дзеўку забраць, але аддаць пірагі». У 2015 годзе ў вёску завітала знакамітая Аксана Вечар – аўтар праграмы «Наперад у мінулае», збіральніца аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага багацця беларусаў. Песня «З сыром пырогы» ў далейшым была ўпадабана гуртам «Folcore» і пераапрацавана на сучасны лад.
Філасофскі падтэкст «З сыром пырогы», а таксама народнай казкі «Жылы-булы дід да баба» (выканаўца Ірына Карачун), мясцовая «Санта-Барбара» ад Наташы з Адрыжына, накіраваны на тое, каб праз песню і жарты, пасмяяцца з некаторых чалавечых заганаў, якія часам не заўважныя для асабістага вока. Разам з выкрыццём «неідэальнасцяў» характару – абмежаванасцю розуму, паспешлівым высновам – акцэнт на мерапрыемстве быў зроблены на мудрасці селяніна, які верыў у тое, што «на Вылыкдынь оповночы усі звіры говорать по-чоловічому», а таксама на ведах пра тое, што пажадана пакуль выпякаюцца да свята пірагі, каб ніхто не зайшоў у хату, велікоднае яечка клалі пад вулеі, каб раіліся пчолы, а шкарлупінне ад фарбаваных яек вывешвалі на палках у агародах, каб у зямлі не заводзіліся чарвякі.
Разам з ушанаваннем па ўсіх правілах Вялікадня, вытрымліваючы ўсе перасцярогі, чалавек, селянін у тым ліку, клапаціўся пра будучае жыццё – дабрабыт і здароўе сям’і, каб быць у пары сабе і дзецям, аб прыплодзе ў хляве, ураджаю на ніве. Нездарма таму калектывам «Залядынскай гамонкі» выконвалася павучальная песня «Було в хлопця пять дывок»: «Варварка – добрая хозяйка, Марына – дівчына-картіна, Катэрына – хвайна людына, Ганна – хороша панна, а п’ята –  горбата, алы на грошы багата». Мараль гэтай песні, дзе хлопец «да ўсіх сватаўся, ды адзін застаўся» у тым, што трэба вельмі ўдумліва ставіцца да сваіх дзеянняў.
Весялосць, радасць, адным словам, трыумф Вялікадня працягваўся ў скоках «Гусака», «Трамбамболей», бяседзе за велікодным сталом з дэгустацыяй мясцовых страў – «чыбрыків», «бобэныків», «капусныків», «пшоныків», «выхватків» і інш. І разам з прыгашчэннем залядынскай смакаты, сэрца білася часцей, найперш, ад усведамлення велічы для беларусаў гэтага свята, а таксама ад апантанасці лю-
дзей, якія зберагаюць найвялікшы скарб любога народа – веру, мову, традыцыі, песні. Сакрэт будучыні беларусаў акурат хаваецца ў іх захаванні.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.
Фота аўтара.