Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Водар «восеньскага першацвету»

Количество просмотров:

Зазвычай першацветы з’яўляюцца на свет вясновай парой, калі афарбоўваюцца яснюсенькай сінню нябёсы і пад яскравымі промнямі сонца смягнуць на лугах і палетках снегавыя залевы. Ніхто асабліва й не дзівуецца раскошы цвіцення – гэта закон жыцця.

А зрэдку здараецца і так, што нейкая прыпозненая кветачка, насуперак закону матухны-прыроды, выблісне ў слотную восень, з’яўленнем сваім нечаканым выклікаючы ў сузіральнікаў відовішча ашаламляльную радасць.
“…сярод шэрай галоты – дзве свечачкі. З белымі венчыкамі. На дрэўцы, якое не паспела парадзіцца вясной”, – распавядае пра расквітнелую восенню маладую грушу Валерый Кухарчук у прадмове да свайго новага зборніка “Восеньскі першацвет”. Думаецца, выданне стане для чытачоў інтрыгуючым восеньскім першацветам, водарам якога захочацца наталіць душу і атрымаць асалоду ад яго адмысловай красы.

Кніжачку ў адзін з вераснёўскіх дзён прынесла ў рэдакцыйную ўстанову Ларыса Сямёнаўна, мама Валерыя Анатольевіча. Пры сустрэчы жанчына паведаміла, што неўзабаве паедзе ў госці да “амэрыканскіх” дзяцей і ўнукаў, што там, за акіянам, у яе нарадзіліся праўнукі, якіх яна яшчэ не бачыла. Нягледзячы на тое, што мая суразмоўца расказвала пра сямейныя радасці, у вачах яе палыхаў смутак. Было зразумела, што мацярынскае сэрца тужыць па дзецях і, неспакойнае, любячае, настойліва кліча яе, жанчыну паважанага веку, у далёкую вандроўку.
Ларыса Сямёнаўна, перадаўшы зборнік, матэрыялы для якога яе сын здаў у выдавецтва падчас свайго прыезду на радзіму ў снежні 2017 года, казала, што “Валерцы было б шыкоўным падарункам атрымаць водзыў на яго выданне”. Было зразумелым жаданне маці дагадзіць сыночку. Часу ў запасе не было, і не хацелася “праглынуць” кнігу ў спешцы – хацелася “смакаваць” сакавітае слова майстра, разважаць аб прачытаным, звяраць па ім нейкія свае згадкі-ўспаміны.  Але кніга прачыталася на адным дыханні, а роздум аб ёй, шчыра кажучы, найперш адрасаваны не аўтару (хай ён мне даруе), а нашым шаноўным іванаўцам.

***
Зборнік, у якім знайшлося месца публіцыстыцы, нарысам, апавяданням, эсэ, складаецца з раздзелаў “Правінцыйны інтарэс”, “Лёсы людскія”, “Са скарбонкі памяці”. Аўтар, мяркую, рабіў гэты падзел, зыходзячы з жанрава-тэматычнага прынцыпу. Прызнацца, асабіста для мяне кніга мае дзве выразна акрэсленыя часткі: першая, значна большая, напісана шчырым беларусам на беларускім матэрыяле; другая, невялічкая, але змястоўная, належыць пяру чалавека, які воляй лёсу апынуўся на чужыне.
Чытаючы старонку за старонкай, разумееш, што мастаку слова ёсць клопат пра ўсё жывое на зямлі. Тэмы для творчасці ён чэрпаў з народнага жыцця, якое само “падкідвала” сюжэты. Героямі твораў станавіліся найчасцей не нейкія там звышстварэнні, а звычайныя людзі – са сваімі пакручастымі лёсамі, вялікімі і малымі справамі, душэўнымі памкненнямі, чалавечымі вартасцямі і слабасцямі. Тым не менш, апавядальнік умеў знайсці ў кожным з іх адметнасць і непаўторнасць, дзякуючы чаму яны і бачацца чытачу неардынарнымі, унікальнымі. Майстру (такое складваецца ўражанне) не прыходзілася доўга і нудна карпець, каб распавесці пра таго ці іншага героя: некалькі ўдалых штрыхоў да партрэта – і вобраз раскрыты надзвычай ярка, запамінальна, агаляецца ўнутраная сутнасць чалавека.
Пад кніжнай вокладкай знайшлі сваё адлюстраванне жыццёвыя эпізоды нядаўняга мінулага роднага куточка. З любасцю распавядае журналіст пра адраджэнне праваслаўных храмаў, няхітры вясковы ўклад, прыцягненне роднай зямлі, нашы ўмалотныя нівы, утульныя вуліцы Іванава ў каляровай квецені, самабытны Моталь, які здзіўляе Еўропу кулінарным фэстам “Мотальскія прасмакі” (і не толькі), згадваюцца па-
дзеі літаратурнага жыцця. Закранаюцца аўтарам балючыя пытанні людской чэрствасці, абыякавасці, хвалюе праблема выраджэння вёсак, зберажэння і прымнажэння здабыткаў нацыянальнай культуры, духоўнасці, захавання гістарычнай памяці, бо ён не хоча, каб беларусы былі “Іванамі, не ведаючымі радства”.
У зборніку ўвекавечаны слынныя людзі Іванаўшчыны і Берасцейшчыны, многіх з якіх, на жаль, ужо няма сярод нас: Марыя Пятроўна Гарупа, чалавек актыўнейшай жыццёвай пазіцыі, ветэран педагагічнай працы Сяргей Пятровіч Сыраежка, ветэраны Вялікай Айчыннай Мікалай Паўлавіч Гулевіч, Іван Міронавіч Ніканчук, Сяргей і Марыя Піліповічы з аграгарадка Моталь, літаратары і журналісты Уладзімір Сітуха, Галіна Бабарыка, Любоў Красеўская, Марыя Ляшук, Уладзімір Гетманчук. Ды ці пералічыш усіх?
А ўвогуле на старонках выдання шмат эпізодаў паўся-
дзённага правінцыйнага жыцця. Аўтар знарок не вышуквае гераічнага ці трагічнага, ад якога – ком у горле, у гэтым жыцці, ён проста занатоўвае тое, што бачыць. Але як занатоўвае! Адразу адчуваецца почырк майстра. Трапная мастацкая дэталь нават чытачу без асаблівых схільнасцей да фантазіравання дазваляе яскрава ўявіць сітуацыю. Возьмем для прыкладу “Правінцыйнае эсэ, ці Падарожжа праз Юхнавічы да Пінску”.
“Вунь да супрацьлеглых аўтаматычных дзвярэй прытуліўся шэра-
твары, у кепцы з “пупам”, але ў цэлым апратны мужычок. Ён зладзеявата хавае ў жмені за спіной струменьчык дыма… Людзей у форме не відаць – тады смачна зацягваецца смярдзючай “прымінай”, “суседка насупраць пранізвае затуманеным зрокам аконнае шкло… Ярка-карычневыя вусны кранае іранічная “джакондаўская” ўсмешка, а вочы застаюцца сумнымі, крыху ўздрыгвае выбеленая макіяжам скула”, “кульгае няголены, брыдкаваты тып”, “увагу прыцягвае яйкападобная галава пасажыра, патыліцу якога добра відаць праз лаўку наперадзе”. “Станцыя Юхнавічы.Вёска гэтая ў Іванаўскім раёне лічыцца цыганскай… Тым часам цягнік пачынае рухацца, а з тамбура ў салон крыху раслейшыя заштурхоўваюць пару мурзатых малых…
- Людзі доблыя, мы вам песню заспяваема…
І без “антракту”:
Над городом тишина,
по небу плывет луна.
Не спит и сидит одна только мама…

Затым гутаперчывыя ножкі клыпаюць па хісткаму праходу, маленькія ручкі цягнуцца да пасажыраў.
…А на ўваходзе – новая гастралёрша. Яўна старэйшая за сваіх папярэднікаў, яна выводзіць несфарміраваным яшчэ дзявочым галаском душашчыпацельную:
Косари на лугу
Размахалися острыми косами…”.

З цеплынёй прыгадвае Валерый Кухарчук прыгоды са свайго маленства, эпізоды з сямейнай хронікі, не без гонару канстатуе, што ён “быў каваля унукам. Шторанку, ледзь сонца ўстане, малым малаточкам грукаў па струнах пявучай сталі”.
У “Скарбонку памяці” ўвайшлі хвалюючыя ўспаміны пра першыя крокі да творчасці, пасяджэнні літсуполкі “Ясельда” ў рэдакцыі раённай газеты, дзе, дарэчы, сустрэў сваю другую палавінку, сваю Надзею, апавяданні, сямейныя чытанкі, педагагізмы, у якіх “…напаўжартаўлівых, напаўсумных, але, несумненна, павучальных” – “толькі невялікая доля аўтарскага домыслу”, усе яны “пачутыя ці перажытыя”.

***
…У той свой першы пасля расстання прыезд на Радзіму Валерый Анатольевіч, седзячы ва ўтульнай рэдакцыйнай “кухні” за кубачкам гарбаты, даверліва дзяліўся з намі думкамі-перажываннямі за час з 12 снежня 2014-га, які стаў “рубіконам паміж зруйнаванымі мастамі з рэальнага “учора” і не ўзведзенымі ў майбытнае “заўтра”, калі ён звольніўся з працы ў рэдакцыі раённай газеты. Госць (цяпер ужо госць) расказваў пра “амэрыканскую” рэчаіснасць, пра тое, як ён уладкаваўся з сям’ёй у Юціцы (горад у штаце Нью-Ёрк), як прыстасоўваецца да новага ладу жыцця, хвалюючыся, прызнаўся, што “лечыцца” ад настальгіі па радзіме сустрэчамі з землякамі-славянамі, сярод якіх палячка Барбара, гаспадыня прадуктовай крамы.
Паненку павітаю: “Добры дзень!”
“Дзень добжы!” –
 усміхнецца гаспадыня.
І настальгіі неадступны цень
Ад дотыку славянскасці загіне.
…А мы – пра Польску
з Белаю Зямлёй,
Што лекуюцца водарам Палесся.
У Юціцы – снягі, а там вясной
Напоўнілася шчодра паднябессе.
Як песня гаманлівае ракі,
Мілуе душу голас адмысловы.
Там – іншаземцы, тут мы – землякі.
Нас паяднала роднаснае слова.

Многія з момантаў той сардэчнай размовы творца выклаў у заключным матэрыяле зборніка, які назваў “Па той бок” – з чыстага ліста”. З гэтай назвай мне хочацца паспрачацца, дакладней, з другой яе часткай, бо, канечне ж, нягледзячы на карэнныя змены ў біяграфіі Валерыя Кухарчука, жыццё “па той бок” ён усё ж пачаў далёка не з чыстага ліста: у Амерыку ён “прыхапіў” цеплыню свайго сэрца, талент і неацэнны жыццёвы вопыт, дарагія ўспаміны, любоў да роднай старонкі. Зрэшты аўтар і сам з гарачым пачуццём кажа: “Я з Бацькаўшчынай кантактаў не губляў і не губляю. Бо Радзіма назаўсёды ў чалавека адна.
…А што будзе далей? Загадваць на глыбокую перспектыву – справа мала-прадуктыўная. Дакладна ведаю, што ў чарговы раз пастараюся завітаць у госці на свята беларускага пісьменства”.

***
У прыродзе ўсталявалася журліва-задуменная, лагодная восень. Адспявала, адгаманіла ў нашым горадзе свята беларускага пісьменства. Не прыехаў на ўрачыстасць Валерый Кухарчук: відаць, няпроста пераадолець бязмежнасць акіяна, які раздзяляе “амэрыканскую” Юціку і беларускі Янаў. Але ў дар сваім землякам і як напамін пра сябе журналіст пакінуў “Восеньскі першацвет”, напоўнены непаўторным водарам Айчыны. У лірычна-філасофскай прадмове да зборніка аўтар выказвае шчымлівае шкадаванне, што восеньскі першацвет прыпознены, ён не стане плодам – “зіма на парозе”. Але ж у дачыненні да кнігі з азначэннем “прыпознены” і канстатаваннем, што “ён не стане плодам” хочацца паспрачацца: думаецца, зборнік з’явіўся якраз своечасова, бо цяпер роздумы аўтара аб бацькоўскім куточку, людзях роднага краю, памятных падзеях, надзеях і сумненнях душы кранаюць чытачоў больш глыбока, прымушаюць задумацца аб спрадвечных каштоўнасцях. Кожным сваім творам, радочкам кожным майстар слова сцвярджае высокія ідэалы, у ліку якіх – любоў да малой радзімы. Ёй, адзінай і найлепшай, да скону дзён заставацца ў сэрцы Вялікай Бацькаўшчынай. Таму мы і жывем…


Ірына САЛОМКА.