Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

«Вясёлкавы карагод»

Количество просмотров:

Пад такой назвай у апошні дзень вясны на базе чацвёртай гарадской школы прайшоў раённы творчы інклюзіўны фестываль, у якім прынялі ўдзел дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з розных устаноў адукацыі Іванаўшчыны. Свята пакінула пасля сябе шмат пазітыўных эмоцый, яркіх уражанняў і добры настрой.

Мерапрыемства такога кшталту Іванаўскім раённым цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі праводзіцца ўжо не першы раз. Фестываль, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае творчыя здольнасці, прайшоў у выглядзе канцэртнай праграмы. Падчас выступленняў гледачы нават не заўважалі, што ў некаторых рабят ёсць праблемы са здароўем, таму што ўсе дзеткі таленавітыя і артыстычныя, яны ўпэўнена трымаліся на сцэне. У сваю чаргу конкурс, які праводзіўся з мэтай духоўна-маральнага і эстэтычнага развіцця дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, садзейнічае іх сацыялізацыі і паўнавартаснай інтэграцыі ў грамадстве.
У актавай зале чацвёртай гарадской школы юныя артысты з усёй сваёй дзіцячай шчырасцю і непасрэднасцю спявалі, танцавалі, чыталі вершы, паказвалі невялічкія тэатралізаваныя пастаноўкі. Дапамагалі ім у гэтым аднакласнікі, настаўнікі. Разам яны паказалі добрую падрыхтоўку і высокі ўзровень выканаўчага майстэрства. Усяго ў фестывалі прынялі ўдзел трынаццаць каманд.
Журы, канешне, прыйшлося няпроста, бо ўсе канкурсанты аказаліся таленавітымі. А, як вядома, кожны талент знаходзіць сваё ўзнагароджанне. Ацаніўшы ўзровень сцэнічнай культуры, адпаведнасць рэпертуару мэтам і задачам фестывалю, арыгінальнасць рэжысуры канцэртных нумароў, рознабаковасць прадстаўленых жанраў і шмат іншых крытэрыяў, пераможцы ўсё ж такі вызначыліся. Так, першае месца заняла зборная каманда навучэнцаў спецыяльнага класа Іванаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і сярэдняй школы №4 г. Іванава, другое – прадстаўнікі чацвёртай гарадской школы, трэцяе – Снітаўскай базавай школы.

Vjaselkavy Karagod 2
Vjaselkavy Karagod 3


Са шчаслівымі ўсмешкамі пераможцы атрымлівалі заслужаныя ганаровыя дыпломы, усе астатнія ўдзельнікі – Граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама памятныя падарункі і ласункі. Узнагароды дзецям ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла Таццяна Васільеўна Кацымон, дырэктар ДУА “Іванаўскі раённы ЦКРНіР”.
Канцэрт фестывалю падрыхтаваны і праведзены рэжысёрска-пастановачнай групай, сфарміраванай з работнікаў Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Спонсарамі мерапрыемства выступілі Іванаўскае раённае спажывецкае таварыства і РК ГА “БРСМ”.
Дарэчы, каманда-пераможца першага чэрвеня прыняла ўдзел у абласным творчым інклюзіўным фестывалі “Разам мы зможам больш”, прымеркаваным да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Кацярына КАЛЕНДА.
Фота аўтара.