
Як кашуля ў полі вырасла
Гэты сакрэт адкрываюць для сябе наведвальнікі Мотальскага музея народнай творчасці.
Супрацоўнікамі ўстановы распрацаваны музейна-педагагічны занятак па апрацоўцы ільну і атрыманні льнянога валакна, прадуктам перапрацоўкі якога з’яўляецца льняная тканіна і ў рэшце рэшт камфортная, трывалая вопратка.
Гасцям апавядаецца пра ўсе этапы гэтай няпростай справы. Яны маюць магчымасць не толькі ўбачыць, але і пакратаць расліну, кудзелю, старадаўнія інструменты і прыстасаванні і, самае захапляльнае, могуць самі паспрабаваць намотваць нітку на «цывку», прасці льняную пражу, адчуць сябе майстрамі народнага ткацтва.
Наведвальнікі музея зазвычай адзначаюць, што працэс атрымання кашулі, якая «ў полі вырасла», даволі працаёмкі, затое настолькі інтрыгуючы, што ад занятку такога, кажучы вуснамі народа, за вушы не адцягнеш.