Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

«Ёсць працяг жыцця»

Количество просмотров:

sahanchukТым надвячоркам яна не ўседзела ў хаце: накіравалася ў пясчаныя кар’еры, дзе аблюбавалі сабе месца крамяныя, са слізкімі шапачкамі, маслякі.
Кошык напаўняўся. Жанчына настолькі захапілася працэсам, што ў нейкі момант нават спалохалася ад неспадзеўкі: над галавой гучна залапаталі крыллем нейкія вялізныя птахі. Гэта былі журавы. Птушкі, набраўшы вышыню, накіраваліся ў той бок, дзе ляніва плёскалася аб бераг плынь Няслухі. Ператварыўшыся ў чорныя кропкі, яны спакваля растварыліся ў ружаватай смузе даляглядаў.
Збор грыбоў страціў сваю прыцягальную сілу. Таму, узяўшы ў рукі веласіпед, які чакаў непадалёк, падалася дамоў. Колы ахвотна беглі па ўтаптанай сцяжыне. Сэрца жанчыны птушыным крылом трапятала ў грудзях, у ім усё яшчэ не пераставала гучаць жураўлінае ўстрывожанае “курлы”.
“А над Няслухай журавы клічуць зорку раннюю,- аднекуль з глыбіні душы вырваліся радкі. Пакуль прыехала дамоў, нарадзіліся яшчэ два: “А мы з табой цяпер на “Вы”, насуперак каханню”.
Так з’явіўся верш Лізаветы Саханчук “А над Няслухай журавы”. Твор даў назву паэтычнаму зборніку, які сёлета ўбачыў свет.

 

Пульсуюць вершы…

Літаратурная сустрэча з аўтарам кнігі адбылася напрыканцы кастрычніка ў раённай бібліятэцы.
Жанчына – багіня дабра і святла,
Жанчына – багіня кахання,
Любіць – дык да болю,
згарэць – дык да тла –
Вось сутнасць яе існавання.
Гэтымі радкамі прадставіла аўтарку вядучая літаратурнай сустрэчы Ніна Куліч.
Знаёмства з творчасцю Лізаветы Саханчук (Балюк) пачалося экскурсам у яе біяграфію.
Нарадзілася паэтэса ў вёсцы Трыліскі. Дачка настаўнікаў, яна і для сябе абрала  педагагічную сцежку. Працавала выкладчыцай роднай мовы і літаратуры, гісторыі ў Гарбахскай і Яечкавіцкай школах.
-  Першы свой верш напісала ў школьным узросце,- успамінае гераіня сустрэчы.- Даслала ў дзіцячы часопіс. Не надрукавалі. Параілі ў лісце, каб шукала вобразы. А што гэта такое? І дзе шукаць тыя вобразы (смяецца)?
 - Зноў звярнулася да творчасці, будучы ўжо ў сталым узросце, - вядзе шчыры дыялог з аўдыторыяй Лізавета Сямёнаўна.
З таго часу яе вершы друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Асабліва ж плённае творчае супрацоўніцтва (што і не дзіўна) склалася ў аўтара з раённай газетай “Чырвоная звязда” і літаб’яднаннем “Ясельда.
-   “Гэто вона од Сымэна набраласа,”- разважалі вяскоўцы, маючы на ўвазе майго бацьку, спевака-гумарыста, які славіўся на ўсю ваколіцу як аўтар і выканаўца “вострых”прыпевак, - працягвае аповед жанчына. Сваю лірычную споведзь-успамін яна перамяжоўвае чытаннем вершаў. А іх у невялічкім па фармаце зборніку назбіралася, бадай, болей за сотню.

Шлях у Паэзію праходзіць праз душу

У якасці эпіграфа да зборніка аўтар выкарыстала верш іераманаха Рамана (Аляксандра Мацюшына), які пераклала на беларускую мову:
Жыві з душой і светлым лікам,
Дзівуйся зоркам уначы.
Не можаш стаць ракой вялікай –
Дык хоць крынічкаю журчы…
Кніга складаецца з васьмі раздзелаў, у якіх творы пададзены па тэматычным прызнаку. Па словах самой аўтаркі, найлепш у яе атрымліваецца жаночая лірыка. Хаця дыяпазон яе творчасці не абмежаваны: ад гумарыстычна-іранічных вершаваных абразкоў з жыцця вяскоўцаў да асэнсавання праз асабістае светаўспрыманне агульнанацыянальных праблем.
Яна чуйна рэагуе на падзеі сучаснасці, імкнецца асэнсаваць мінуўшчыну. У творах знайшлі адлюстраванне трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і афганскі кафлікт, чарнобыльская катастрофа. Уражлівая душа адгукаецца на пытанні маральна-духоўнага парадку.
У адпаведнасці з класіфікацыяй, прынятай у паэзіязнаўстве, лірыка бывае пейзажнай, інтымнай, філасофскай, грамадзянскай. У творчасці Лізаветы Саханчук - нярэдка гэта сплаў некалькіх вышэйназваных характарыстык ў адным асобна ўзятым вершы. Бывае няпроста вылучыць, напрыклад, чыста пейзажны твор. Часцей атрымліваецца так, што апісанне прыроды падаецца ў адзінстве з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя альбо пейзажныя малюнкі гарманічна перацякаюць у філасофскія роздумы. Сустракаюцца і такія камбінацыі: сплятаюцца ў непадзельным адзінстве глыбокія інтымныя перажыванні  і філасофскія абагульненні або пейзаж пададзены з такой шчымлівай любоўю, што твор уздымаецца да грамадзянскай лірыкі (наўздзіў пяшчотнай, не пампезнай), хаця, па ўсім відаць, аўтар і не ставіла перад самой мэту ўзвялічыць яго да вышыні грамадзянска гучання. Гэта выцякае з самой глыбіннай сутнасці жаночай прыроды: любіць – дык да болю.
Няма ў вершах паэтэсы дутай пыхлівасці, надуманай пафаснасці. Не вылучаючыся дзёрзкай эксперыментальнасцю, прамоўніцкім тэмпераментам, спакойныя, узважаныя, як плынь Няслухі,творы, тым не менш, хвалююць глыбокай пачуццёвасцю ў выяўленні душэўнага настрою, кранаюць душу хваляй пяшчоты.
Інтымнасць інтанацый, прачулая і спавядальная манера гаворкі вызначаюць стылёвую адметнасць вершаў.
Лірычная гераіня - жанчына сталага веку, умудроная жыццём, бясконца ўлюбёная ў жыццё. Яна не хоча здавацца старасці і верыць, што “старасць – гэта не пра мяне”.

“Дывлюсь я на нэбо,
тай думку гадаю”, альбо
Гісторыя аднаго твора

Бацька Лізаветы Сямёнаўны, чуючы ўкраінскую песню, што пачыналася словамі “Дывлюсь я на нэбо, тай думку гадаю”, заўсёды плакаў. “Гарілка плачэ”, - выносіла вердыкт маці, ведаючы, што “чарка” зазвычай выклікае ў людзей павышаную пачуццёвасць, сентыментальнасць.
- Аднойчы, - успамінае Лізавета Сямёнаўна, - па тэлевізары гучаў знаёмы матыў. Бацька (не на падпітку, цвярозы) плакаў шчырымі слязьмі. Я стала дапытвацца, у чым справа, чаму такое ўздзеянне аказвае на яго сто разоў чутая-перачутая песня. І вось што распавёў бацька...
Здарылася гэта напрыканцы вайны ў Кёнігсбергу.
Бацька мой быў паднявольным рабочым на нямецкім падземным авіяцыйным заводзе. Вязняў выстраілі на тэрыторыі завода ля калючага дроту, дзе адлівалі халодным металічным бляскам варожыя кулямёты. Сцераглі абяздоленых аўчаркі з вышчаранымі зяпамі. Немцы, не менш азвярэлыя, чым аўчаркі (непадалёк чуўся гул савецкай кананады, нашы наступалі), выгрузілі з платформаў таварняка (на супрацьлеглым баку дроту размяшчалася чыгуначная станцыя) палонных украінцаў. Знясіленыя, параненыя, ледзь жывыя, яны падтрымлівалі адзін аднаго ў няроўным страі.
У галаве бацькі (пэўна, і не толькі бацькі) балючым свердзелам круцілася думка: “Каго будуць расстрэльваць: тых, хто працуе ў нямецкай падземцы, ці тых, каго прывезлі з фронту?”
І раптам у стоенай напружанасці з боку ўкраінцаў пачуліся словы песні: “Дывлюсь я на нэбо, та й думку гадаю…”
Кулямёты павярнулі свае смяртэльныя дулы на спевакоў. Песня была расстраляна разам з тымі, хто адважыўся яе выканаць. Нелюдзі пагрузілі целы на платформы, і састаў загрукатаў коламі…
Трагічны эпізод, адышоўшы ў гісторыю, не зацерся ў напластаваннях часу, а з дапамогай чалавечай памяці і таленту ўваскрэс у вершаваных радках.
Магчыма, і не варта было вылучаць згаданы верш сярод астатніх, але ж, па-першае, ён вельмі расчуліў удзельнікаў сустрэчы, а па-другое, яшчэ адзін эпізод дзікунства, бесчалавечнасці фашызму хацелася пакінуць сучаснікам і нашчадкам як перасцярогу ад разгортвання новых ваенных канфліктаў.

Слова пяе і ляціць
крылата

Ва ўступным слове да зборніка Валянцін Перапёлкін адзначыў, што адна з яскравых асаблівасцей лірыкі паэтэсы - гэта мілагучнасць і напеўнасць вершаў. Кампазітар, да таго ж, даказаў праўдзівасць свайго выказвання на справе: напісаў на словы паэтэсы непаўторную музыку. Такім чынам, між дзвюма таленавітымі асобамі склаўся прыгожы творчы тандэм, на фоне якога завязалася яшчэ і шчырае сяброўства.
У супрацоўніцтве паэтэсы і кампазітара нарадзіліся ажно 12 песень!
Але гэтым не абмяжоўваецца кола людзей, уцягнутых у творчыя стасункі. У рамках літаратурнай сустрэчы адбылася прэм’ера песні “Падары мне, восень…” у выкананні Марыі Чэкан.
Алена Утыра нагадала слухачам адну з цудоўных песень, правераных часам:
Я не плачу – горкі пах палыну
Слёзы выціскае, не іначай.
Іх схаваю ў белую хусціну,
Каб ніхто ніколі не пабачыў.

Вяртанне “журавоў”

У мове нашай перац ёсць і соль,
Майго народа мудрасць і аснова.
І можа падтрымаць, суцішыць боль
На роднай мове сказанае слова.
Прарочыя радкі Лізаветы Саханчук аб роднай мове знайшлі сваё яркае пацвярджэнне падчас сустрэчы. Кожны прысутны адчуў гэтыя і “перац”, і “соль”, і лекавую сілу роднага слова.
Плыла лагодная плынь даверлівай размовы, гучалі вершы і песні, іскрыліся ўсмешкі, часам крадком выціраліся кропелькі слязінак, што зблудзілі на вейках. У адрас паэтэсы прачулыя словы выказалі Надзея Паліўка, Ларыса Дрычыц і іншыя.
Вечарына атрымалася.
Кожны, каму пашчасціла быць на сустрэчы, напаіў душу святлом паэтычнага слова. Гэтае слова не паляціць з ветрам, не знікне, бо знайшло сваё ўвасабленне ў кнізе. І кожны раз, як возьмеш у рукі зборнік, яно вернецца да цябе - гаючае, жыватворнае…
Разважаючы пра сэнс зямнога існавання, аўтар піша:
Я буду жыць! Я буду жыць заўжды!
Кім буду я? Лісточкам ці травінкай?
А можа, стану кропелькай вады
І з аблачынак упаду расінкай?
Услед за лірычнай гераіняй верша сцвярджаю: “Ёсць працяг жыцця…”

Ірына САЛОМКА.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.