Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

З бабулінага куфэрка

Количество просмотров:

Прэзентацыя выставачнай залы «З бабулінага куфэрка» 20 лістапада прайшла у СДК аг. Опаль у форме пасяджэння дзіцячага клуба «Юны краявед». У пасяджэнні прынялі ўдзел вучні 8 класа ДУА «Опальскі ВПК д/с-СШ Іванаўскага раёна» з настаўнікам гісторыі Г.П. Казлоўскай.

Загадчык СДК аг. Опаль А.П. Карповіч пазнаёміў вучняў з сабраным матэрыялам галаўных убораў, фартухоў, ручнікоў. Са слоў Аляксандра Пятровіча вучні даведаліся аб тым, што мужчынскія і жаночыя касцюмы ХІХ-ХХ стагоддзяў вёсак Опаль, Лядавічы і Туляцічы адрозніваліся ад касцюмаў жыхароў суседніх вёсак. Этнографы чамусьці заўсёды прыраўноўваюць іх да мотальскага строю адзення.
Вучням было цікава пачуць аб тым, што вопратка людзей выраблялася з мясцовай сыравіны – льну і воўны. Фарбавальнікамі лічыліся настоі траў, кары, лісця. Ільняныя тканіны, з якіх шылі кашулі, фартухі, галаўныя ўборы не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі чырвоным геаметрычным арнаментам, які рабіўся натыканнем ці вышыўкай. Чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, таму нанесены арнамент на каўнер, рукавы, ніз вопраткі служыў засцерагальным знакам.
У жаночай вопратцы фартухі былі прыкметнай часткай касцюма. Фартух лічыўся абярэгам жанчыны. Маладыя дзяўчаты ўпершыню пачыналі вышы-ваць ці ткаць самастойна якраз фартух.
Упрыгожваннем фартуха служыла вышыўка, якая складалася з трох гарызантальных палос, зверху фартух збіраўся ў складку, да якой прышываўся пояс. Ніжні край фартуха упрыгожвалі карункамі, вязанымі кручком.
Спадніцы шылі з даматканага палатна і аздаблялі знізу стужкамі. У жаночае святочнае ўбранне ўваходзіў гарсэт, які меў выгляд кароткай безрукаўкі. Шылі гарсэт пераважна з шоўку, аздаблялі нашыўкамі стужак, тасёмак, гузікаў.
Абавязковым элементам строю лічыўся пояс – тканіна, сплеценая ці звязаная, з кутасамі. Будзённым абуткам служылі лапці, святочным – скураныя пасталы і чорныя чаравікі.
Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з палатнянай кашулі, нагавіц, камізэлькі. Кашулі насілі навыпуск, падпярэзвалі поясам, абувалі лапці. Галаўным уборам лічыўся саламяны капялюш ці валеная магерка.

opol-2


Акрамя вопраткі ў экспазіцыі сабраны ручнікі Опальскага краю. Ручнік – найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва, які адлюстроўвае гісторыю народа, яго дух, творчыя памкненні. Ручнік цесна звязаны з жыццём чалавека з моманту яго нараджэння і да смерці. Ён суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара.

Анастасія Каверка, 
вучаніца 8 класа ДУА «Опальскі ВПК д/с-СШ Іванаўскага раёна».