Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

За дасягненнямі – праца руплівая

Кажуць, не хлебам адзіным жывы чалавек, маючы на ўвазе, што ў чалавека ёсць не толькі матэрыяльныя патрэбы. Безумоўна, нам жыццёва неабходны ежа, вопратка, утульны дах. Але ж… Ці ж з аднаго толькі цела складаецца чалавек? Ёсць жа яшчэ душа! Глыбокая, дапытлівая, жывая. Леташні год пазначаны змрочным ценем пандэміі, як нішто іншае, яскрава засведчыў праўдзівасць гэтай старажытнай ісціны – не хлебам адзіным… Каб уратавацца ад дагэтуль невядомай інфекцыі, мы вымушаны былі прытрымлівацца неабходных мер перасцярогі, спалучаных з абмежаваннем культурна-масавых мерапрыемстваў, шыкоўных урачыстасцей, творчых сустрэч. Трэба было абкрасці жыццё, каб жыццё зберагчы. Спакваля прыйшло разуменне, што стаміліся мы без свята і песні, без таго спажытку, што жывіць душу. І, пэўна, у нейкія моманты разважалі аб важнасці місіі работнікаў культуры, якія сваёй творчасцю закліканы запальваць у сэрцах людскіх святло. Заўсёды з глыбокай пашанай ставячыся да рупліўцаў культурнай нівы Іванаўшчыны, апошнім часам яшчэ больш пранікліся да іх павагай, бо нават у такі неспрыяльны каронавірусны час не дазволілі яны згаснуць цяпельцу духоўнасці, болей таго, асвоілі новыя формы і спосабы рэалізацыі творчага патэнцыялу.

На гэтым тыдні прафесіяналы падвялі вынікі сваёй дзейнасці за 2020 год. У ходзе пасяджэння вялася канструктыўная размова аб плёне працы, творчых дасягненнях, грандыёзных задумках, а таксама аб праблемных пытаннях у галіне культуры раёна.
Мерапрыемства прайшло з удзелам старшыні райвыканкама А.У. Ткачука, дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу. Анатолій Уладзіміравіч коратка і ёміста пазнаёміў аўдыторыю з асноўнымі тэзісамі маштабнага форуму, у цэнтры ўвагі якога былі і пытанні захавання культурнай спадчыны беларусаў, адказаў на хвалюючыя пытанні. Кіраўнік раёна даў высокую адзнаку дзейнасці зладжанага калектыву культработнікаў, правёў прыемную цырымонію ўручэння ўзнагарод ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выбарчай кампаніі У.Ю. Сініцкаму, дырэктару Моладаўскай ДШМ, В.А. Застроўскай, загадчыцы Полкаціцкага клуба, С.М. Багамаз, бібліятэкару СБ аг. Снітава, Л.Г. Дрычыц, навуковаму супрацоўніку раённага музейнага комплексу імя Напалеона Орды.
На павестцы дня пасяджэння стаяла справаздача начальніка аддзела культуры райвыканкама В.А. Барадзінчык аб выкананні асноўных паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі за 2016–2020 гг.» і вызначэнні задач і напрамкаў дзейнасці на 2021– 2025 гг.
– Адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры з’яўляецца захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны, – канстатавала Валянціна Андрэеўна. – І гэта апраўдана, таму што старонкі гераічнага мінулага нашага народа, багатыя традыцыі, унікальныя аб’екты архітэктуры і культуры заўсёды былі і застаюцца лепшымі ўзорамі патрыятычнага выхавання моладзі, прадметам гонару для ўсіх.

kultura-itogovoe-2


Дзякуючы мэтаваму фінансаванню з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, у 2020 годзе былі завершаны рамонтна-аднаўленчыя работы па аб’екце «Сядзібны дом Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор. Падрыхтавана і зацверджана навуковая канцэпцыя па стварэнні экспазіцыі сядзібнага дома, з прыцягненнем ТДА «Мастак-сэрвіс» выканана мастацкае рашэнне праекта. Праведзена грунтоўная праца па падрыхтоўцы і падачы ў Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь чарговай заяўкі на выдзяленне гранта для афармлення экспазіцыі дадзенага аб’екта і адкрыцця яе ў бягучым годзе для наведвальнікаў. 
Значныя зрухі прыкметны і ў пытаннях захавання і папулярызацыі спадчыны першага майстра старадаўніх фота Аляксея Мінюка. За кошт сродкаў Мотальскага сельвыканкама і бізнэсоўцаў у аграгарадку з’явілася добраўпарадкаваная алея сюжэтных фота мастака, рэалізаваны праз сацыяльныя сеткі праекты «Гісторыя Моталя ў фота», «Стоп-кадр» і інш.
Аддзелам культуры на працягу года вялася работа па вывучэнні архіўных і інфармацыйных матэрыялаў аб страчаных аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны раёна (фамільнай рэзідэнцыі Скірмунтаў у аг. Моладава, маёнтку роду Дастаеўскіх у аг. Дастоева, палацава-паркавым ансамблі князя Вішнявецкага ў Опалі, летняй рэзідэнцыі караля Войцеха Пуслоўскага на беразе возера Завышанскага). Дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама, распрацавана дызайн-канцэпцыя аб стварэнні ў 2021-2022 гг. ландшафтна-культурнага парку макетаў страчаных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Іванаўшчыны ў цэнтры горада. Працягвалася дзейнасць па далейшай папулярызацыі ўнікальнай спадчыны вялікага класіка Ф.М. Дастаеўскага.
Актыўна вялася праца па аб’ектах нематэрыяльнай спадчыны. Рэгіянальная тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду (в. Рылавічы) уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 
У справаздачы быў зроблены акцэнт на асаблівую ролю музеяў у захаванні культурных здабыткаў рэгіёна. Створаныя на базе ўстаноў экспазіцыі, багатыя фондавыя калекцыі па традыцыйнай культуры выклікаюць непадробную цікавасць у рэальных наведвальнікаў і віртуальных падпісчыкаў (музеі актыўна працавалі ў анлайн-фармаце). Досыць папулярнымі сталі анлайн-праекты «Музейнае асяроддзе» музейнага комплексу імя Напалеона Орды, «Незвычайныя вёскі» і «Храмы Іванаўшчыны» Мотальскага музея народнай творчасці, «Зялёная аптэка» Дома траўніка. У музеях раёна ёсць магчымасць атрымліваць інфармацыю праз кюар-коды. На стадыі завяршэння праграма для аўдыягіда з перакладам на тры мовы ў РМК. Дадзеная праца патрабуе працягу і ў перспектыве. 
Прыйшоў час падумаць і аб стварэнні міжрэгіянальнага музейнага праекта (сумесна з Драгічынскім, Пінскім і інш. раёнамі) для паспяховай рэалізацыі 
турпрадуктаў рэгіёна. 
Запатрабаванымі інфармацыйнымі крыніцамі для іванаўцаў з’яўляюцца 19 публічных бібліятэк. У 2020 годзе бібліятэкамі рэалізаваны шэраг значных патрыятычных акцый у рамках Года малой радзімы, актывізавана дзейнасць у інтэрнэт-прасторы, ствараны новыя анлайн-рэсурсы і паслугі, запатрабаваныя сярод насельніцтва.
Згодна з выклікам часу, вымушаны былі працаваць і работнікі клубных устаноў. Канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, шоу-праграмы перайшлі ў віртуальную форму. Праўда, у гэтым напрамку ёсць і шэраг праблемных пытанняў: перш за ўсё, для стварэння якаснага такога кантэнту неабходна сучаснае абсталяванне высокага дазволу, безумоўна, прафесійная падрыхтоўка кадраў. 
Сур’ёзным выпрабаваннем для 13 творчых калектываў раёна ў мінулым годзе была здача экзамена на чарговае пацвярджэнне звання «Народны». З задачай справіліся паспяхова, да таго ж ганаровы статус упершыню атрымаў вакальны ансамбль «Спатканне» СДК аг. Псышчава. Цяпер агульная колькасць такіх калектываў – 27.
Пэўныя крокі здзейснены Цэнтрам культуры і народных традыцый па ўдасканаленні метадычнай работы, накіраванай на распрацоўку плана значных рэгіянальных творчых праектаў на бягучую пяцігодку, павышэнне якасці культурных паслуг, прапанаваных сельскімі ўстановамі культуры.
Адзначана станоўчая работа ўстаноў дадатковай адукацыі (сем школ мастацтваў), кантынгент навучэнцаў якіх на працягу апошніх гадоў захоўвае тэндэнцыю росту. Колькасць вучняў на пачатак навучальнага года склала 1068 чалавек – гэта 4-я пазіцыя ў вобласці. 
Належная ўвага падчас справаздачы ўдзялялася кадраваму пытанню. Упор рабіўся на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў, працу з рэзервам кадраў.
Перад работнікамі культуры раёна пастаўлены сур’ёзныя задачы, якія неабходна вырашаць у найбліжэйшай будучыні.
У абмеркаванні справаздачы ўзялі ўдзел А.В. Піліпенка, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы культуры «Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава», В.Р. Кульбеда, дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці, У.В. Фалітарык, загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага РЦКіНТ.
Падчас мерапрыемства былі ўшанаваны лепшыя калектывы раёна па выніках работы за справаздачны перыяд: сельскага Дома культуры, сельскай бібліятэкі і дзіцячай школы мастацтваў аг. Псышчава; ДК, СБ і музея народнай творчасці аг. Моталь; ДК, СБ і ДШМ аг. Адрыжын.
Рэзюмуючы вынікі года, можна сцвярджаць, што ён быў архіскладаным для рупліўцаў культурнай нівы раёна. Але, нягледзячы на суровыя рэаліі, прафесіяналы працавалі натхнёна і карпатліва. Ёсць канкрэтныя дасягненні, ёсць бачанне праблемных момантаў, пастаўлены амбіцыйныя мэты, на ажыццяўленне якіх у наяўнасці патэнцыял і неабходныя рэсурсы.

kultura-itogovoe-3

Ірына Саломка.