Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Заўсёды з намі Колас і Купала

kolas i kupala2017 год у нашай краіне праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ва ўсю моц гучала іх палымянае, мілагучнае слова ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.І.Панфёрава падчас літаратурна-музычнай вечарыны, прысвечанай слынным сынам роднай зямлі.
Пад ціхую мелодыю песні “Спадчына” вядучыя ў нацыянальных строях распачалі даверлівую гутарку пра волатаў, якія сталі сапраўдным пачаткам усіх пачаткаў у беларускай літаратуры, узнялі яе на сусветны ўзровень.


Аб тым, што час не мае ўлады над творчасцю пісьменнікаў, яскрава расказалі іх вершы ў выкананні чытальнікаў, нашых сучаснікаў, якія натхніліся талентам аўтараў, тонка адчулі хараство і сілу паэтычных радкоў.
Гучалі неўміручыя творы класікаў, пакладзеныя на музыку. З усёй шчырасцю душы, эмацыянальнай узрушанасцю песні выканалі Ірына Куліч і Кацярына Талатыннік, настаўнікі Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды.
У свяце таксама бралі ўдзел артысты тэатральнай студыі “Натхненне” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Фалітарыка. Яны падрыхтавалі тэатралізаваныя імпрэзы, якія дапамаглі запрошаным на вечарыну старшакласнікам другой гарадской школы глыбока пранікнуць у багаты ўнутраны свет мастакоў слова. Гэтаму ж спрыялі відэаролікі, прэзентацыя “Волаты слова народнага” і кніжная выстава-экспазіцыя
“І нясуць паэты праз вякі матчына няскоранае слова”.
Аналагічнае мерапрыемства правяла сельская бібліятэка аг.Тышкавічы сумесна са школьнай бібліятэкай, навучэнцамі і настаўнікамі мясцовых музычнай і сярэдняй школ у рамках агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы па папулярызацыі жыцця і творчасці класікаў беларускай літаратуры.

Ірына САЛОМКА.
НА ЗДЫМКУ: свята ў гонар песняроў у аг.Тышкавічы.