Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

«Зовэмса всі мы лабурамы…»

labury 1Тэатр народнага гумару «Лабуры» ў гэтым годзе святкуе свой 15-гадовы юбілей. Апроч таго, нядаўна калектыў прыехаў са «Славянскага базару», дзе ўпершыню за сваю кар’еру… заспяваў. З гэтых нагодаў мы сустрэліся з Уладзімірам Віктаравічам Фалітарыкам – мастацкім кіраўніком «Лабуроў», які расказаў нам пра тое, чаму не трэба іх параўноўваць з вядомымі «Хмелеўскімі валацугамі», пры якіх абставінах Уладзімір Фалітарык сустрэўся з «Лабурамі», кур’ёзныя выпадкі, якія здараліся з любімым калектывам і яго планамі на перспектыву.

На рэпетыцыі

Неяк напярэдадні выступлення «Лабуроў» на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску, давялося пабываць на рэпетыцыі тэатра народнага гумару. Дзякуючы гэтай выпадковай сустрэчы, я зразумела, што пачутая ў краме думка дзвюх жанчын пра тое, што лёгка спевакам і танцорам, маўляў, голас маеш, танцаваць навучылі, таму жыццё – маліна, укорані няправільная. Чалавеку, які не жыве генеральнымі рэпетыцыямі, сцэнічнымі выступленнямі таго ці іншага калектыву, здаецца, што ўсё проста ў творчых людзей. Аднак мала хто здагадваецца, якая тытанічная праца стаіць за кожным выступленнем, колькі патрабуецца інтэлектуальных намаганняў і фізічных высілкаў, каб скласці праграму выступлення, банальна – стаяць на сцэне, не тоўпячыся; трымаць галаву як належыць акцёрам – высока; не крычаць, а спяваць; усміхацца на ўвесь рот і дарыць радасць нам, незаўсёды ўдзячным гледачам!

Хто такія лабуры?

Са словам «лабур» я была знаёмая яшчэ з дзяцінства, калі пяці-шасцігадовай прыязджала з Іванава ў вёску на канікулы. Тады мая дваюрадная радня, браты і сёстры, крыху падазрона гаварылі суседзям: «Вжэ лабурка прыійхала». Мяне, я толькі зараз прыйшла да разумення, выручала палеская гаворка, якой я заўжды і раней карысталася, і зараз ніколі не грэбую.  Вучачыся ў сталіцы, на зварот у трамваі старэнькай бабулькі, адказала на дыялектнай мове, чым выклікала неймавернае задавальненне ў суразмоўцы, і як мінімум, здзіўленасць у пасажыраў.

labury 2


Лабуры – хто ж яны такія? Гэта людзі, якія, аказваецца, раней збіралі падатак на царкву. Зараз мы таксама ўдзельнічаем у жыцці царквы – даём ахвяраванне за выкананыя святаром Таінствы, проста купляючы свечку ў храме, кладучы грошы на яго будоўлю ці рэстаўрацыю. Раней гэтым промыслам займаліся пераважна мужчыны і ахвяраванне было абавязковым для ўсіх хрысціян. Найбольш верагодна, што назва людзей, якія займаліся збіраннем грошай на мэты царквы, паходзіць ад лацінскага labor, што азначае «праца». Ёсць таксама ўскосныя звесткі, што была калісьці памешчыца Лабарыня. Што б тут не спрычынілася да назвы Іванаўскага тэатра народнага гумару ведайце, калі вы едзеце ў Іванава, ці Янаў, як яшчэ мясцовыя людзі называюць горад, то вы наведаеце лабуроў! Такія прозвішчы, як Бабіч, Тупіца, Куліна, Дарагакупец, Куліч, Туцкі, Мароз і іншыя – лабурскія, і магчыма, іх нават недалёкія продкі карысталіся штучнай лабурскай мовай («ліберскый гаврідній»). Тайная мова ў Беларусі раней была ў зносінах людзей таксама іншых прафесій, напрыклад, крычаўскіх рамеснікаў, дрыбінскіх шапавалаў. Лабуры былі асцярожнымі людзьмі, жадалі быць незразумелымі для незнаёмцаў, таму і прыдумалі сабе мову. Мяркуючы па зборнай лексіцы гэтай таемнай мовы, яе складальнікі былі разумныя і адначасова хітрыя людзі: у яе склад траплялі словы з грэчаскай, лацінскай, нямецкай моў, сустракаліся вузкалакальныя словы, былі нават новаўтварэнні. Невыпадкова таму, што нядаўна на «Славянскім базары», дзе акрамя асноўнага дня выступлення «Лабуры» яшчэ на працягу трох дзён здзіўлялі віцебскіх гасцей незнаёмымі размовамі падчас гулянняў, іх палічылі нейкімі замежнымі гасцямі, рэдка хто здагадваўся, што гэта свае людзі.
Хлопчыкаў ужо з сямі-васьмі год рыхтавалі да магчымага лабарства, таму яны ўжо з гэтага ўзросту абавязкова вучылі штучную мову. З часам інстытут лабарства знік. Масавае закрыццё цэркваў тады ўмомант зрабіла беспрацоўнымі некалі занятых зборшчыкаў сродкаў на царкву. Як памяць аб тых падзеях, мясцовыя рупліўцы-бібліятэкары некалькі год запар займаліся зборам слоў, якімі на працягу доўгага часу карысталіся мясцовыя жыхары-лабары (складзены і выдадзены «Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі»). «Кумса і дэлька шчэ ны шандра», што азначае вядомую жыццёвую філасофію беларуса: «Хлеб і вада – шчэ не бяда».

Пра калектыў

Сучасны калектыў тэатра народнага гумару «Лабуры» налічвае дзесяць чалавек і мае пятнаццаць год гісторыі існавання. Першым яго кіраўніком была Людміла Стэфанаўна Каспяровіч, якая і зараз актыўна жыве жыццём сваіх любімых «Лабуроў». Без іх, дарэчы, не абыходзяцца гарадскія і раённыя мерапрыемствы. Тэатр народнага гумару прымаў удзел у абласным свяце працаўнікоў сяла «Дажынкі-2015», дзе прадставіў разам з народным ансамблем народнай песні «Асалода» (г. Іванава) тэатралізаваную кампазіцыю «Базар», а таксама паказалі гумарыстычную праграму “Бэз мэнэ мэнэ жэнылы”. На абласным свяце народнага гумару ў аг. Спорава (Бярозаўскі раён) у 2016 г. з праграмай «Незвычайны подарунок» калектыў стаў дыпламантам ІІІ ступені. Там, дарэчы, здарыўся кур’ёз з «Лабурамі»: дзіцячая каляска, зробленая з кволага капусняга лісця, баяліся акторы, не вытрымае моцнага ветру пад час іхняга выступлення. Неяк дапрацавалі, аднак хваляванні былі моцныя.
Было з «Лабурамі» і наступнае: калі паказвалі «Незвычайны подарунок», Ларысе Іванаўне Савонік, якая іграла ляльку, у калясцы зрабілася кепска. Яна па-дзіцячы пачала прасіць, каб далі папіць вады, а потым перайшла на размову шэптам, каб хутчэй зразумелі акторы. Розныя выпадкі, адным словам, да якіх ніколі не падрыхтуешся загаддзя, былі з «Лабурамі».
У гэтым годзе Іванаўскі тэатр народнага гумару быў запрошаны на XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Там, у Віцебску, калектыў не толькі прэзентаваў інтэрмедыі, ладзіў гульні, але і заспяваў. Хай сабе песні былі тэатралізаваныя, аднак гэта было ўпершыню, як і сам удзел у такім вядомым фестывалі, выступленне, на якім было адзначана Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Cпецыяльна для сёлетнега «Славянскага базару» была створана новая праграма ад«Лабуроў»: «Зовэмся всі мы Лабурамы». У гэтай адказнай справе дапамагала Людміла Стэфанаўна Каспяровіч, якая тады, у далёкім 2002 годзе, прыдумала назву для будучага калектыву і пра якую з вуснаў удзельнікаў на рэпетыцыі пачула трапную характарыстыку: «Вона в нас як локомотів!». Менавіта тады ёю было прынята рызыкоўнае рашэнне: выкарыстоўваць за аснову пастановак забытую ўжо цяпер лабурскую мову, якой у калектыве карыстаюцца нават паміж сабою: «Шо, цуба, скількы мужык «хобнів» (грошай) прывіз?». «Мы стараемся ўсе нашыя выступленні рабіць з выкарыстаннем лабурскай мовы, але асноўная праблема палягае ў яе незразумеласці для гледача, таму мы чаргуем лабурскя словы з сучаснаю палескаю моваю». Матэрыялы для праграм, увасабляемыя потым на сцэне, як заўважае ў размове Уладзімір Віктаравіч, бяруцца з галавы – пачуты добры жарт, анекдот, вулічная сітуацыя, увогуле ўсё, што чуецца і бачыцца, можа стаць «хлебам».

labury 3


Уладзімір Фалітарык раней нават у думках не марыў пра тое, што стане кіраўніком гэтага экслюзіўнага гурта. На мінулых «Мотальскіх прысмаках» у 2015 годзе паслухаў іх на сцэне, і… «закахаўся». Моцная творчая энергетыка, здаровы гумар, талент удзельнікаў – усё гэта матывавала У. Фалітарыка імкнуцца, каб быць пасля разам.
І вось – генеральны прагон праграмы, з якой едуць «Лабуры» на «Славянскі базар».«Зовэмся всі мы лабурамы…/ Робылы воны мало, / алэ завшы малы грошы», – такая лаканічная візітоўка знаёміць людзей з янаўскімі рэаліямі мінулага. Адаптаваныя лабурскія мянушкі – Раголь Саламонавіч, Кабуля Казіміраўна, Гора Стэфанаўна, Гараголія Карлаўна і іншыя дапамагаюць перанесціся ў далёкія 20-30-ыя гг. мінулага стагоддзя. Безумоўна, вельмі цікавая і актуальная была асноўная праграма, дзе старэнькі Мікіта, як у той вядомай прыказцы, «волас сівее, а галава дурнее», паквапіўся на маладзіцу. Безумоўна, маладая жанчына змагла толькі паслухаць кампліменты ў свой адрас, паўсміхацца... і не адказаць узаемнасцю ўжо сівому дзеду, разумеючы, што іх саюз, калі б ён адбыўся, быў бы хлуслівым і прагматычным. Выснова «Лабуроў»: «Ой, якэе дурнэе старое, нашо гнатыся було за молодэю!», – гучыць і па-старому павучальна, і па-новаму жартаўліва. Усіх прысутных здзівілі танцы ў выкананні “Лабуроў” – «Лабурскія трамбамболі», факстрот «Цуба пьяна, харахоль твэрэзый». Трэба адзначыць, што з імі танчылі ўсе, а разам з тым і гулялі ў розныя палескія гульні. Удзельнікі тэатра народнага гумару “Лабуры” выказваюць шчырую падзяку кіраўніцтву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама, які паспрыяў іх паездцы на «Славянскі базар». Для усяго калектыву ўдзел у фестывалі быў добрым падарункам да іх 15-годдзя.
Паралелі «Лабуроў» з «Хмелеўскімі валацугамі» пасля знаёмства з іх калектывам, манерай выступлення, нават сэнсавым напаўненнем назвы тэатра, разумееш, толькі гіпатэтычныя і палягаюць выключна ў сферы гумару. Мяне дапаўняе Уладзімір Фалітарык: «Мы шчыльна сябруем з жабінкоўскім народным тэатрам гумару, песні і гульні. Вельмі здольныя і таленавітыя ў ім артысты, аднак мэты двух калектываў абсалютна розныя». Яны неаднаразова ўжо пацвярджалі званне «народны». «Лабуры» ў гэтым плане крыху адстаюць, але, як запэўніў нас Уладзімір Віктаравіч, «планы на перспектыву вялікія».
Жыццё, яго добрыя і памылковыя моманты, пераігрываюцца «Лабурамі» на сцэне з тым, каб навучыць чалавека галоўнаму – здароваму гумару ў розных сітуацыях – надзейнайга леку ад псіхалагічнага напружання і дэпрэсіі. А яшчэ, дзякуючы калектыву, мы, сучаснікі, пазнаём унікальнасць нашага таленавітага народа, колішніх жыхароў роднага Янава з тым, каб не толькі помніць, чым жыў тутэйшы люд, але абавязкова ганарыцца ім і спрыяць захаванню пакінутай багатай спадчыны!

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.