Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Без піджака: дэжавю Анатоля Зыбянка

Количество просмотров:

Гэта, безумоўна, метафара, якая проста ўказвае на стан чалавека не ў кіраўнічым крэсле. Анатоль Уладзіміравіч Зыбянок – першы кіраўнік ААТ «Белсолад» (1981-2005), на сустрэчу прыйшоў у гальштуку. Мабыць, магія дзелавога касцюма – не толькі ў тым, што ён частка дрэс-коду любога кіраўніка, якая, як ні круці, нават візуальна адрознівае яго ад падначаленых. Яна застаецца з табой на ўсё жыццё і тады, калі ты даўно ўжо атрымліваеш пенсію і працуеш на дачы ці адпачываеш на Нарачы. З кім параўноўвалі яго працаўнікі – любімыя белсоладаўцы, чаму завод мог не запрацаваць, якую якасць характару Зыбянка многія лічылі «казырной» і што рабіць, каб прадпрыемства заўжды заставалася паспяховым – у размове з Анатолем Зыбянком, чалавекам-легендай, які аддаў «Белсоладу» амаль дваццаць пяць год.

Як не помніць?

Першае, што здзівіла мяне ў дыялогу з маім суразмоўцам – дык гэта фенаменальная памяць на лічбы і даты, нават  саракагадовай даўніны. Анатоль Уладзіміравіч, нібыта з паперы, дакладна аперыраваў рознымі сумамі і вытворчымі паказчыкамі. Ён, паверце на слова, помніў колькі каштавала вытворчая частка і ў агульным будаўніцтва завода, якім быў курс даляра ў 80-ыя гады, колькі тады засталося нявыкарыстаных грошай, якая вага была трансфарматара, што ўсталёўвалі ў канцы 80-ых у нашым горадзе, якім быў штатны састаў работнікаў, у тым ліку колькі працавала мужчын і жанчын асобна ў кожным цэху, калі і ў якім аб’ёме была выпушчана першая партыя соладу на заводзе, у якія краіны ішлі яго пастаўкі… На маё зразумелае здзіўленне: «І вы ўсё дагэтуль помніце!», ён спачатку лаканічна адказаў запытаннем: «Як не помніць?», дадаўшы: «Белсолад» – гэта частка мяне і майго жыцця. Нашаму гораду неймаверна пашанцавала, што прадпрыемства было пабудавана не ў Оршы ці Высокім, а якраз тут. Дзе вытворчасць – там рабочыя месцы, зарплаты, вядомасць мясціны. Аналагічных соладавых заводаў па ўсім Саюзе было пабудавана толькі тры – ва Украіне ў г. Славута (Хмяльніцкая вобласць), горадзе Тэкеле (Казахстан) і ў нас. Беларускі завод быў уве-дзены ў эксплуатацыю першым, нягледзячы на тое, што справа з будоўляй пачалася пазней. Сродкі, выдзеленыя на яе, нават сёння гучаць салідна – 54 млн. рублёў, на той час гэта складала 78 млн. даляраў. Гэта вялізныя грошы! Нарматыў будаўніцтва ў пяцігодку не быў выкананы – многа фінансаў забірала афганская вайна. У снежні 1988 года савецкае кіраўніцтва настойвала на поўным уводзе ў эксплуатацыю соладавага, але я, як кіраўнік, не мог закрыць вочы на некаторыя недапрацоўкі. Хто ведае, ці была б у яго будучыня, калі б тады я згадзіўся? Напэўна, у той час, ды шмат у якіх выпадках потым, мяне выратоўвала мая прыродная ўпартасць. Гэтую якасць майго характару многія лічылі «казырной». Я з гэтым вызначэннем цалкам згодны. Кіраўнік, на мой погляд, павінен быць непахісным, цвёрдым у сваіх рашэннях, не перакладваць адказнасць на падначаленых. На прыёмку завода ў эксплуатацыю прыязджалі нават з Камітэта дзяржаўнага кантролю з Масквы. Потым быў перыяд стабільнасці – за савецкім часам, пасля – пэўнае зніжэнне вытворчасці, дыверсіфікацыя рынкаў збыту, адным словам, у розныя перыяды мы разам са сваім калектывам годна, я лічу, вытрымлівалі ўсе выклікі часу. Былі і непаразуменні, і цяжкасці. Спярша, калі неабходна было набіраць рабочыя кадры, завабіць людзей у 80-я гады ў горад было ой як няпроста, нават абяцаючы кватэру і годны заробак. Як ні круці, у сельскага чалавека свая псіхалогія і адарвацца ад зямлі – сапраўдны па тым часе подзвіг для большасці. Некаторых работнікаў, асабліва кваліфікаваных, прыходзілася шукаць за межамі нават нашай вобласці. А пасля распаду Саюза былі іншыя праблемы – вытворчая стабільнасць знікла, прыйшлося самому шукаць кліентаў, якія б купілі наш солад. Нельга было дапусціць панікі сярод працаўнікоў – зніжэння росту іх заробку, пагаршэння сацыяльнага пакету і г.д.»

«Наш Берыя!»

Пра тое, якім быў іх першы кіраўнік, я папрасіла расказаць тых, хто працаваў тады разам з ім. Гаспадарчы падыход, уменне прыняць рашэнне, як пазней высвятлялася, правільнае, настойлівасць, патрабаванне жорсткай дысцыпліны, цвёрдасць, уніканне ў тэхналогію вытворчасці і іншыя моцныя якасці характару, як стала вядома, складалі сутнасць гэтага кіраўніка. Не буду раскрываць імя жанчыны, няхай гэта будзе таямніцай, якая расказала, што асабіста для яе Анатоль Зыбянок запомніўся не толькі як кабінетны кіраўнік. Ён, з яе слоў, калі ўзнікала пільная неабходнасць, мог дапамагчы нават выправіць хіб у рабоце пэўнага механізма абсталявання: «Прыходжу неяк, а ён рамантуе разам з хлопцамі-слесарамі. Закінуў гальштук за каўнер і ўсё тут». А хтосьці помніць, як Анатоль Уладзіміравіч тройчы ніколі не паўтараў заданне-просьбу. Два разы дазвалялася работніку нешта не зразумець, забыць, аднак магчымасці трэцяга разу ніколі не было ні для кога. А нехта найперш запомніў яго верхні дрэс-код – чорнае паліто, акуляры і чорную шляпу як у Лаўрэнція Берыі. Таму і называлі: «Наш Берыя!». На запытанне: «Ці імпанавала Вам такое параўнанне?», – Анатоль Уладзіміравіч толькі ўсміхнецца, а пасля з доляй праўды дадасць: «Раней непісьменныя, у плане рабочыя, тыя, хто адразу працаваў пасля школы, не заканчвалі ВНУ і ведалі, у некаторых выпадках больш, чым сённяшнія многія пісьменныя людзі».

Так не пойдзе!

Заняўшы пасаду кіраўніка соладавага завода, як ён першапачаткова называўся, у трыццаць два гады, Анатоль Уладзіміравіч прызнаецца: часам не хапала простага жыццёвага вопыту, мудрасці, дальнабачнасці. Самы просты прыклад – працоўная змена па першым часе доўжылася восем гадзін. Лёгка палічыць, што было чатыры змены. Але гэта было нязручна ў арганізацыйным плане. «Таму хутка я зразумеў, што так не пойдзе, і мы перайшлі ў дзвюхзменку,– з запалам расказвае былы кіраўнік. – Ці тое, што некаторую, пераважна марудную справу, якасна лепш робяць жанчыны, а не мужчыны, я дапяў таксама пазней. Увогуле, нашыя беларускія жанчыны, як мне здаецца, мабыць, самыя адказныя ў свеце маці і жонкі, а яшчэ яны – сумленныя працаўніцы. Ва ўсялякім выпадку ў маёй практыцы асаблівых пытанняў з жанчынамі-работнікамі не ўзнікала».

Сакрэт перспектывы

Сённяшні час, лічыць Анатоль Зыбянок, суперімклівы і канкурэнтны. «З аднаго боку, напэўна, не памылюся, калі скажу, што амаль кожны год трэба ўкладваць грошы ў тэхналагічныя ноу-хау, каб вытрымліваць канкурэнцыю з сусветнымі вытворцамі любой прадукцыі, і нашай, солада для прыгатавання піва, таксама. З другога боку, важным для «Белсолада» з’яўляецца якасная сыравіна – ячмень півавараны. Таму, як бы банальна гэта ні гучала, я пажадаю добрасумленных вытворцаў гэтага злака, якаснага зерня і смачнага соладу. У цэлым – заўсёднага росквіту любімага мной «Белсолада».

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.
Фота з архіва А. Зыбянка.