Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Хачу пiсаць аб родным краi

Перачытваю кнiгу вершаў з вясёлкавай вокладкай «Вясна танцуе лiўнямi» (выдадзена ў Iванаве) маёй сяброўкi, былой супрацоўнiцы (на працягу многiх гадоў) нашай райгазеты, вядучай раённага радыё, загад-
чыка аддзела радыёiнфармацыi, галоўнага рэдактара газеты «Форум Реклама», члена Беларускага саюза журналiстаў, апантанай кветкаводкi, аматара прыроды, пажыццёвага карэспандэнта (яна не можа не пiсаць), Леанiлы Кароль.


Перачытваю – i здзiўляюся, i ўсмiхаюся, i, нават, пускаю слязу. Ад жыццёвасцi, ад прыгажосцi, ад паэтычнасцi яе твораў. Чытаеш – i бачыш вёсачку, канаўкi, дзе вясной бялее вясельная чаромха; палi, дзе жыта, пшанiца, ячмень з рамонкамi i васiлькамi; лясочак, дзе гаючыя зёлкi ды грыбы…
I хоць вершы невялiкiя (па памеры), не паэмныя, але жыццёвыя, сэнсоўныя, адчуваецца, што яны напiсаны сэрцам, душою. У гэтым iх прыцягненне, iх магнетызм.
Галоўныя тэмы твораў Леанiлы – гэта прыгажосць роднага краю, любоў да сваiх мясцiн, каханне (i добрае, i горкае), жыц-
цё (у розных яго праявах), яго прыгажосць i непаўторнасць.
Назву кнiгi аўтар узяла з апошняга верша «Вясна танцуе лiўнямi». Але чытаю творы i амаль у кожным вершы знаходжу радок, якi спаўна мог адпавядаць загалоўку кнiгi. Прыгожыя параўнаннi, дзiўныя знаходкi, проста жыццёвыя рад-
кi, якiя хочацца чытаць i перачытваць, хочацца цытаваць. У першым жа вершы «Мой край» мяне ўразiлi ўсе радкi, але найбольш «У чаратах хавае рэчка берагi». У вершы «Маё прызванне» аўтар дае як бы сваё крэда: «Хачу пiсаць аб родным краi… Хай толькi будзе сiнiм неба, хай будзе мiр на ўсёй зямлi». Далей цытую радкi з розных вершаў: «Сарамлiвы чаромхавы пах», «Спяшаюць з луга ў вёску гусi басанож», «Углядаюся ў неба, каб змагла я жнiвеньскi спынiла б зоркапад», «Стагамi хай горбiцца лета», «Тлусты месяц, нiбы качар, захаваўся ў лазнякi», «Я сярод дрэў, як мiж людзей. Мой лес – маё дзяцiнства», «Месячык… гарох вартуе ў агародзе і птушак у малiннiку маiм», «Ранiцай палаючымi кветкамi чэрвень вышываў свае лугi», «Адна шпакоўня шэрым вокам глядзiць кудысьцi ўдалячынь», «У голлi вiшань дрэмле вецер», «Ногi свае за пагорак схаваў туман барадаты», «Узыйшла стагамi сенажаць», «Шлёпае па лужах басаногi дождж», «На маленькай белай аблачынцы жоўтавокi месячык вiсiць», «Лета-лецейка ўдалячынь па канаўкам i мiма адрын, як малое дзiцятка, прабегла», «Чарнавокi
летнi вечар зноў на лавачку прысеў».
Некалькi вершаў хацеў бы працытаваць поўнасцю. Верш «Вярхусце»:
У кiламетры ад гасцiнца
За старым калгасным садам
У чаромхавых хусцiнках
Пазнаю твае прысады.
У блакiтных аканiцах
Ветла кожны дом сустрэне.
За ваколiцай – пшанiца,
Поле жыта i ячменю.
Тут было, вiдаць, калiсьцi
Самаранкi – рэчкi вусце.
Ну а зараз дрэваў лiсце
Спавiло маё Вярхусце.
Гэты верш прысвечаны роднай вёсцы. А верш «Накцюрн» прысвечаны ўсяму роднаму краю:
Люблю пастаяць каля ганку
I проста падумаць аб нечым,
Як вечар накiне на плечы
Ў зорках накiдку-фiранку.
Люблю любавацца прыволлем
Майго беларускага краю.
Я iншых краiн не шукаю.
Тут сэрца жыве ў раздоллi.
I, як працяг гэтай тэмы, кароткi, але такi кранальны верш «На Ляскавiчскiм вадасховiшчы»:
Чародка чаратоў на цiхiм возеры.
Блакiт нябёс купаецца ў вадзе.
Акiну гэта ўсё
прывычным позiркам.
I не знайду такога больш нiдзе.
Здаецца, усё проста, жыццёва, мы ўсё бачым, адчуваем (а можа i не заўсёды), а яна не толькi адчувае, бачыць, а i даводзiць да нас гэта паэтычным радком. Проста – але жыццёва, прыгожа, паэтычна. Таму ў яе «Вясна танцуе лiўнямi і тулiцца да плеч». Я б сказаў, душа танцуе лiўнямi i вершамi прыходзiць да нас.
Хочацца ад сябе i ад усiх, хто любiць паэзiю, ведае, чытае Леанiлу Кароль напярэдаднi Дня друку, якi адзначаецца 5 мая, павiншаваць яе са святам i падзякаваць за ўсё тое, што яна стварыла i творыць. Са святам i здароўя табе, Лёля!

 Уладзiмiр Гетманчук.