Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

На 108-м годзе жыцця памёр Барыс Кіт – найстарэйшы беларус свету

Количество просмотров:

Чалавек унікальнай долі, вядомы матэматык, таленавіты фізік, доктар філасофскіх навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, сябра Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы сябра Брытанскага і Нямецкага міжпланетных таварыстваў. Тым не менш, яго імя не вельмі вядома сярэднестатыстычнаму беларусу. Таму трохі раскажам пра гэтага чалавека.


Яго жыццё ўнікальнае ўжо хаця б працягласцю веку – амаль 108 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, куды яго бацька выправіўся ў заробкі з роднай Навагрудчыны. Якраз з Пецярбургам-Петраградам звязаныя яго першыя дзіцячыя ўспаміны. У 1918 годзе сям’я вяртаецца ў Беларусь, будуе хату ў Карэлічах. Праз два гады, у 1920-м, памірае маці Барыса.  Бацька хутка зноў ажаніўся, у сям’і з’явіліся дзеці ад новага шлюбу, але мачыха была добрай і спагадлівай і да свайго гадаванца Барыса.
У 1926 годзе Барыс Кіта (у той час прозвішча яго гучала рыхтык так) паступіў у шосты клас Навагрудскай беларускай гімназіі. Два гады адвучыўся Барыс у гімназіі, адхадзіўшы кожны дзень з дому да гімназіі і назад 20 кіламетраў пешшу. Затым паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Аднак  матэматыкам мог і не стаць. Б. Кіт пра гэта пісаў: «Яшчэ з часоў гімназіі я страшэнна любіў гісторыю. Калі запісваўся ў Віленскі ўніверсітэт, хацеў паступаць менавіта на гісторыю. Гляджу: перад акенцам на гістфак стаіць сто чалавек. Направа ж прымалі дакументы на матэматыку, і там было якіх пяць чалавек. Так я стаў матэматыкам».
Будучы студэнтам трэцяга курса ўніверсітэта, ён паралельна настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі. У 1934 годзе была зачынена Навагрудская беларуская гімназія, а яе вучням прапаноўвалася працягваць навучанне ў Польскай дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Каб не дапусціць пераходу гімназістаў Радаслаў Астроўскі, яе былы дырэктар, просіць Барыса Кіта, як вядомага на Навагрудчыне чалавека, перавезці ўсіх жадаючых у Віленскую гімназію. Барыс Уладзіміравіч цэлы дзень стаяў у варотах і сустракаў вучняў-беларусаў, агітуючы іх ехаць вучыцца ў Вільню.
Пасля зменаў, якія адбыліся ў верасні 1939 года,
Б. Кіт быў прызначаны дырэктарам Беларускай гімназіі ў Вільні. У гэтым жа годзе Вільня адышла пад Літву, стаўшы Вільнюсам, а таму ў хуткім часе выхаванцы Віленскай гімназіі былі пераведзены ў Навагрудак, дзе аднавіла працу Навагрудская беларуская гімназія. Барыс Кіт быў прызначаны яе дырэктарам.
У хуткім часе пасля пачатку нямецкай акупацыі Кіта арыштавалі, але дзякуючы заступніцтву былога вучня справу не толькі закрылі, але і далі дазвол працаваць на пасадзе дырэктара гандлёвай школы ў Маладэчне.  У 1944 годзе, не спакушаючы долю, выехаў на Захад, дзе працаваў і вучыўся на факультэце медыцыны Мюнхенскага ўніверсітэта (1945-1948), а потым з сям’ёй эміграваў у Амерыку. У ёй Барыс Кіт знайшоў прызнанне, вядомасць, прыналежнасць да амерыканскай навуковай эліты.
Ён стаў аўтарам першага ў гісторыі навукі падручніка аб усіх магчымых палівах для ракетных сістэм. Кніга выйшла ў 1960-м годзе, ёю карысталіся раней і выкарыстоўваюць цяпер тыя, хто займаецца праблемамі касмічных даследаванняў. Прадмову да падручніка  напісаў Тэадор фон Карман – адзін з вялікіх вучоных ХХ стагоддзя, які назваў кнігу Барыса Кіта самым лепшым даведнікам па праблемах ракетнага паліва.
Затым Кіт працаваў у міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі, пасля быў дарадчыкам прэзідэнта Міжнароднай карпарацыі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі па пытаннях метадаў сувязі з Месяцам. Якраз Кіт падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на гэты спадарожнік Зямлі. У асабістым архіве Барыс Кіт меў, у прыватнасці, падзяку ад прэзідэнта Эйзэнхаўэра.
Выйшаўшы на пенсію, вучоны пераехаў у Германію (Франкфурт-на-Майне), стаў прафесарам матэматыкі Еўрапейскага аддзела Мэрылэндскага ўніверсітэта. Чытаў лекцыі ў філіялах Нюрнберга, Вісбадэна, Дармштадта і інш. Разам з тым напісаў і ў 1983 годзе (у 73 гады!) абараніў доктарскую дысертацыю.  У свой прыезд летам 1992 года ў Беларусь ён сустрэўся з многімі вядомымі людзьмі: міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам, касманаўтам Пятром Клімуком, літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам...
Восенню 1992 года Б. Кіт праз Міністэрства замежных спраў Беларусі перадаў сваю навуковую і асабістую спадчыну ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе адкрыта яго мемарыяльная экспазіцыя, якая налічвае каля 20 экспанатаў. Барыс Кіт – ганаровы доктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Ганаровы грамадзянін Навагрудка (1994). Яго біяграфія ўкладзена ў капсулу часу, якая замуравана ў сцяне Капітолія.
Пахавалі Барыса Уладзіміравіча Кіта на праваслаўных могілках у нямецкім Вісбадэне. З прычыны яго смерці спачуванне родным выказала Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.