Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Ордэнам Маці адзначаны мацярынскія заслугі Вольгі Сергіевіч з аг. Рудск

Уяўляючы будучую размову са шматдзетнай маці, думалася аб тым, што, верагодна, на парозе хаты мяне з цікаўнасцю сустрэнуць няўрымслівыя стварэнні – дзеці. Прадчуванні не падманулі.

– Я Міхаіл, – напускаючы на сябе важнецкі выгляд, адрэкамендаваўся русявы хлопчык у блакітнай кашулі, – а гэта Насця, сястрычка мая, – пазнаёміў з сарамяжлівай дзяўчынкай, якая нерашуча спынілася ў праёме дзвярэй. Бадай, на гэтым запас сур’ёзнасці ў непаседлівага жэўжыка вычарпаўся, бо ў наступную хвіліну яго вочы хітравата бліснулі і ён выдаў тыраду, ад якой было хоць стой, хоць падай.
– Пяцёра іх у мяне, – пачынае дыялог пра найдаражэйшае сваё багацце – дзяцей – мая суразмоўца.
– Я маму вельмі люблю! – урачыста, стараючыся агарошыць мяне гэтай грандыёзнай навінай, паведамляе Міша.
– І я вельмі люблю, – больш стрымана, узважваючы сваю думку, дадае Настачка.
– Мама добрая, – працягвае хлапчанё. – Я дапамагаю ёй рабіць хатнія справы: прыбіраю ў пакоі, падлогу мыю, ложак засцілаю. А цацкі мае нават нідзе не валяюцца.
– Сынок на бацьку падобны, – канстатуе Вольга Васільеўна.
– Я падобны на маму, – пратэстуе гарэза.
– І ўсё ж на тату, – даводзіць сваё жанчына.
– На маму падобны я! – не здаецца Мішка. – Праўда, мама?
Відавочна, малы сапраўды вельмі любіць сваю матулю і яму хочацца зрабіць ёй прыемнае, а разам з тым даказаць госцю, што яго мама найлепшая ў свеце.
Старэйшая дачка Вольгі Васільены і Аляксея Васільевіча, Валерыя, пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа працуе ў ААТ «Савушкін прадукт» у Брэсце, у згаданай установе адукацыі вучыцца яе брат Раман.
Напачатку сямейнага жыцця Вольга і Аляксей не планавалі быць шматдзетнай сям’ёй. Калі ж на свет з’явіліся дачушка і сын, маці часта лавіла сябе на думцы, што і трое, нават пяцёра дзяцей не былі б вялікім цяжарам.
– Першынцам чакалі дзяўчынку, – апавядае Вольга Васільеўна. – Так і адбылося. А праз два з паловай гады нарадзіўся наш Ромка. Назвалі яго ў гонар майго дзядулі, які вельмі любіў і мяне, і мужа майго. Як жа радаваўся дзед нараджэнню першага ўнука-хлопчыка (бо дагэтуль усе дзяўчынкі былі)! На той час ён ляжаў у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы, дык штодзень прыходзіў да радзільнага будынка, каб палюбавацца праз акно на немаўля.
Насцечка ўсцешыла бацькоў сваім прыходам у жыццё праз шэсць гадоў пасля нараджэння Рамана, а зноўку праз шэсць гадоў шчаслівая мама вярнулася з раддома яшчэ з адным сыночкам.
– На трынаццатым тыдні цяжарнасці падчас ультрагукавога даследавання мне напрарочылі, што выношваю хлопчыка, – з усмешкай паведамляе Вольга Васільеўна. – Ромка быў на сёмым небе ад шчасця. Ён вельмі чакаў брата і імя яму прыдумаў – Міша. А на дваццатым тыдні медыкі вынеслі вердыкт супрацьлеглы: дзяўчынка павінна нарадзіцца. Гэта была драма для Рамана. Зачыніўшыся ў пакоі, ён дзве гадзіны пераварваў сітуацыю. Потым выйшаў і сказаў: «Нічога, тады будзе Маша». Аднак жа… нарадзіўся хлопчык. Пры выпісцы Ромцы першаму далі патрымаць брата, і ён плакаў ад шчасця. І дома ўжо не выпускаў малога з рук і цалаваў, цалаваў яго. Ён стаў самым надзейным абаронцам для Мішкі, нікому не дазваляў нават голасу павысіць на яго.
На сённяшні дзень усеагульным любімцам у сям’і лічыцца найменьшанькі – трохгадовы Цімафейка. Адчуваючы бязмежную любоў, малы расце бясстрашным і надзвычай дапытлівым. У хаце і на падворку, мабыць, няма таго куточка, які б ён не абследаваў. Больш таго, Цімафей і да суседскай сядзібы цікавасць мае непрыхаваную. Адно шкада, агароджа стрымлівае яго невычэрпнае імкненне пазнаваць свет. Дык неўгамонны карапуз знайшоў і тут выйсце: назбірае ў родным падворку яблыкаў альбо ігруш і праз ячэйкі сеткі-рабіцы перадасць суседцы. Тая ў знак удзячнасці пачастуе малога цукеркамі, да якіх ён надзвычай ахвочы.
– Дзеці нашы аднолькава любімыя, хоць і розныя па характарах і інтарэсах, – адзначае Вольга Васільеўна. – Лерка ўраўнаважаная, з сур’ёзным стаўленнем да жыцця, і гэта надае мне адчуванне спакою за яе. Я ёй цалкам давяраю. Ромка валявы, адказны і ўпарты, пэўна, найбольш упарты з усіх нашых дзяцей. Насцечка – спартсменка. Ёй даспадобы футбол, тэніс, а ўвогуле яна любіць збіраць грыбы, вудзіць рыбу. Мішка – гумарыст, камунікабельны аж занадта, ён летуценны, рамантычны, яго лёгка пакрыўдзіць, але ён адыходлівы, крыўдаваць доўга не ўмее. Цімафейка энергічны, гіперактыўны, да ўсяго яму ёсць справа.
Вольга Васільеўна завярае, што мацярынскія клопаты дастаўляюць ёй шмат радасці. Яна заўсёды адчувае дапамогу мужа, які працуе ў Іванаўскім райаграсервісе, ды і старэйшыя дзеці з задавальненнем сочаць за малодшымі. Дэвіз сям’і такі, што, калі працаваць, дык працуюць усе, калі адпачываць, таксама разам.
У прасторным катэджы Сергіевічаў – чысціня і ўтульнасць.
– На першым часе стварэння сям’і жылі ў мацярок мужа і маёй, – успамінае гаспадыня. – Канешне ж, марылі пра ўласны дом. Будавацца вырашылі ў роднай вёсцы (сіла прыцягнення малой радзімы для мяне не пусты гук). Муж не пярэчыў. Стараліся як найболей работ выканаць самастойна. Удваіх залівалі сцяжку падлогі, удваіх круцілі гіпсакартон, самі тынкавалі сцены. Перабраліся ў новабудоўлю, дзе ўсё яшчэ патрабавала дапрацоўкі. Нават дзвярэй у пакоях не было. Тады двое дзетак у нас ужо падрасталі. Але не адчувалі мы цяжкасцей. Маладыя былі, шчаслі-і-івыя…
Прысядзібны ўчастак Сергіевічаў складае 30 сотак. На гэтым кавалку зямлі хапае месца для агародных раслін, бульбы, яблынь, галубікі. Сумесныя клопаты спрыяюць згуртаванню сям’і, ствараюць атмасферу даверу, падтрымкі.
– «Волечка, дачушка, як ты з усім гэтым спраўляешся!» – здараецца, завохкае маці, маючы на ўвазе несканчоны пералік і хатніх, і мацярынскіх, і прафесійных абавязкаў, – расказвае Вольга Васільеўна. – А я і сапраўды асаблівых складанасцей не маю. Магчыма таму, што люблю. І сям’ю, і дом свой, і прафесію, якая таксама будуецца на цесных стасунках з дзецьмі. Офісная руціна – не па мне. Адна толькі думка аб працы ў чатырох сценах, ахінутых цішынёй, палохае. Мне падабаюцца непрадказальныя школьныя будні, вясёлы гармідар на перапынках, камунікаваць з дзецьмі падабаецца і мова мілагучная беларуская, якую выкладаю сваім вучням і любоў да якой у маім сэрцы выпеставала настаўніца Валянціна Васільеўна Вабішчэвіч.
Пяцёра дзяцей Вольгі Васільеўны ў паўсядзённасці бачаць яе і ў строгіх настаўніцкіх строях, і ў зручным спартыўным касцюме, і ў просценькім хатнім халаце, яны ведаюць яе як кампетэнтнага і аўтарытэтнага прафесіянала, і як руплівую гаспадыню, і як мудрую, пяшчотную маму – скрозь і ўсюды яна з’яўляецца для іх непераўзыдзеным узорам жаноцкасці, гаспадарчасці, мацярынства. «Каб жа мне сустрэць такую дзяўчыну, як ты, мама! Такую ж прыгожую, клапатлівую, любячую», – скажа ў хвіліны даверлівай гутаркі старэйшы сын. Ці ж гэта не самая што ні на ёсць выдатная адзнака матчынага падзвіжніцтва?
Уганараванне жанчыны ордэнам Маці сям’я ўспрыняла як прызнанне на дзяржаўным узроўні яе мацярынскіх заслуг.
– Гэта пачэсна, гэта прыемна і надзвычай адказна, – прызнаецца шматдзетная жанчына. – Святы бацькоўскі абавязак – вырасціць дзяцей сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Самае важнае для нас не тое, якую прафесію абяруць нашы дочкі і сыны, якіх матэрыяльных выгод дасягнуць ці ў якой мясціне знойдуць сваё чалавечае шчасце, – галоўнае, каб дзеці нашы праз усё жыццё пранеслі ў сэрцах сваіх чалавечнасць, былі добрымі, спагадлівымі людзьмі, не прайшлі міма чужой бяды.
Слухаючы разважанні жанчыны, удастоенай ордэна Маці, становіцца зразумелым, што нараджэнне і выхаванне дзяцей – гэта не проста асабісты выбар, а складаная місія і выключная праца, якая патрабуе каласальных фізічных сіл, эмацыйнай устойлівасці і самаахвярнасці, што нясе такая жанчына на сваіх плячах часцінку будучыні краіны.
І яшчэ адну асаблівасць заўважаю ў гэтыя імгненні пранізлівай жаночай шчырасці: словы «мой», «мацярынскі» міжволі замяняюцца на «наш», «бацькоўскі», тым самым сцвярджаючы, што ўзнагарода – сумеснае дасягненне бацькоў, чый уклад у выхаванне будучага пакалення важкі і неаспрэчны. Ордэн – не адно толькі трывалы сплаў томпаку, срэбра і пазалоты, але і высакародны сінтэз напружаных будняў, бяссонных начэй, балесных трывог і трапяткіх спадзяванняў – уседаравальнай мацярынскай і бацькоўскай любові.

 Ірына Саломка.