Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Памяць у шыльдзе

Количество просмотров:

Вуліцы Леніна, Гагарына, Самуйліка, Герасімава, Кунькова, Рубановіча, Нямытава, Быцко – тапанімія вёскі Махро, якая ў імёнах захавала гісторыю краіны, янаўскай зямлі. Спынімся на апошняй назве. Ці ведаеце вы, хто такі Іван Быцко, у гонар якога названа вуліца? Яшчэ зусім нядаўна, да канца 2017 года, гэтая вулачка называлася Калгаснай. Але жыхары Махро вырашылі, што ёсць назва больш годная: яны напісалі калектыўны зварот, каб імя Івана Герасімавіча Быцко, былога дырэктара ААТ «Баравіца», было ўвекавечана ў назве вуліцы. Гэтую ідэю падтрымалі Махроўскі сельскі Савет, камуністычная партыя, савет ветэранаў раёна. З усіх бакоў І.Г. Быцко характарызавалі як значную асобу ў гісторыі раёна. Прызналі здольнасці кіраўніка і на высокім узроўні: Іван Герасімавіч быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Поспех да І.Г. Быцко прыйшоў не адразу. Іван Герасімавіч яго каваў гадамі. Пачаўшы працаваць радавым калгаснікам калгаса «За мір», вартыцкі хлопец праходзіў кожны крок свайго працоўнага шляху – вырас да галоўнага інжынера калгаса імя Леніна, а потым і да дырэктара «Баравіцы». Увогуле на сельскагаспадарчай ніве Іван Быцко правёў 43 гады, а гэта большая частка жыцця, на карысць роднага раёна пры гэтым было аддадзена больш за 30 гадоў.
Такую характарыстыку даў Івану Быцко першы сакратар  райкама КПБ П.У. Дабрадзей: «Пры жыцці Іван Герасімавіч быў бясспрэчным аўтарытэтам для жыхароў не толькі Махро, але і ўсяго наваколля. Яго паважалі ў раёне і вобласці. Дзякуючы яго людскім якасцям, сумленнасці і прыстойнасці, прафесіяналізму і вялікай працаздольнасці, уменню працаваць з людзьмі, прадпрыемства лічылася адным з лепшых у галіне». Таксама заўсёды адзначаліся добрыя адносіны І.Г. Быцко да людзей: «… імкнуўся аператыўна вырашаць не только вытворчыя праблемы, але заўсёды вельмі ўважліва адносіўся да патрэб працаўнікоў прадпрыемства і жыхароў Махроўскага сельскага Савета, не пакідаў без увагі ні адну просьбу ветэранаў вайны і працы», – так пісаў у падтрымку перайменавання вуліцы В.П. Куніцкі, старшыня савета ветэранаў вайны і працы.
Івану Герасімавічу ў кастрычніку споўнілася б 70 гадоў. І няхай І.Г. Быцко ўжо не сярод нас – яго імя, яго ўчынкі і добрасумленнасць засталіся ў людской памяці.


 Яніна Гарадзецкая.
 Фота з архіва.