Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Селянін з няўрымслівым характарам, які мае ступень доктара навук

Количество просмотров:

Маё знаёмства з Аляксеем Скакуном адбылося ў 2009 годзе, калі я прыйшоў на пасаду рэдактара прыбужскай раёнкі “Заря над Бугом”. Праз некалькі дзён пасля прызначэння ў кабінеце празвінеў званок: “Ужо больш за тыдзень як на пасадзе, а яшчэ не пазваніў Скакуну?”. Не памятаю, што я тады адказаў, але наша першая размова не па тэлефоне, а ўжывую адбылася праз некалькі дзён.

Цяжка напісаць нешта арыгінальнае пра гэтага чалавека, зыходзячы хаця б з таго, што пра яго пісана-перапісана. Але тым не менш. Што заўсёды, мне здаецца, падкупала ў Скакуне людзей творчых? Яго ўменне знаходзіць з імі агульную мову, павага і разуменне тых, хто меў дачыненне да творчасці, нават такой часам аднадзённай і руціннай, якой можа быць журналістыка. Журналісту складана стварыць доўгажывучы твор, бо, як правіла, напісанае ім жыве ўсяго да наступнага нумара перыядычнага выдання. Часта яго работа, што называецца, ідзе з калёс – сёння падзея, а заўтра пра яе ты павінен выдаць матэрыял.
Пры такой аператыўнасці важным складнікам работы з’яўляецца разуменне гэтай спецыфікі тымі, з кім даводзіцца рабіць. А далёка не кожны кіраўнік адкрыты журналісту, успрымае яго работу як штосьці вартае ўвагі. Супрацоўнічаць даводзіцца з усімі, але ўсё роўна журналісцкаму цэху, зразумела, псіхалагічна былі і застаюцца бліжэйшымі такія людзі, як Аляксей Скакун, з якімі лёгка і камфортна рабіць.
Выхадзец з Дастоева, з маленства добра бачыў нялёгкую долю пасляваеннай заходнебеларускай вёскі. Затым час юнацтва – пара магчымасцяў. Магчымасцяў, якія ў нас, на жаль, часта бываюць страчанымі. Але гэта не пра Скакуна. Якраз ён з’яўляецца прыкладам таго, як гэтыя магчымасці трэба выкарыстоўваць. За вялізным спісам яго званняў і пасад – велізарная няспынная праца.
Не ведаю, як сёння, але ў тую пару, калі я рабіў у Прыбужжы, якраз Астрамечава з’яўлялася нефармальнай сталіцай Брэсцкага раёна. Я бываў там не так часта, але кожны візіт здзіўляў прысутнасцю ў гаспадарцы самых розных людзей. Асабіста мне давялося на астрамечаўскім абшары пабачыць намесніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі, старшыню цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны, былога спікера Сейма Латвіі…
І гэта – толькі кропля ў моры. Я згадаў уласна тыя візіты, каторыя не былі ў цэнтры ўвагі СМІ. А колькі было сустрэч, пра якія не пачуць было немагчыма! У жніўні 2009 года СВК “Астрамечава”наведаў Кіраўнік краіны. Па выніках візіта Аляксандр Лукашэнка назваў гаспадарку ўзорнай, на якую патрэбна арыентавацца і пераймаць вопыт многім сельскагаспадарчым арганізацыям краіны.
Калі пэўная арганізацыя атрымлівае такую характарыстыку з  боку высокага кіраўніцтва, то правіламі ветлівасці прадпісваецца гаварыць, што гэта заслуга ўсяго калектыву. Але ўсё роўна мы разумеем, што такія поспехі наўрад ці былі б магчымыя, калі б не кіраўнік і яго кадры. Так і ў нашым выпадку – Скакун быў і ёсць адным з аўтарытэтнейшых беларускіх аграрыяў.
І не проста аграрыяў. Аляксей Сцяпанавіч – доктар эканамічных навук, аўтар мноства кніг, не кажучы пра артыкулы ў перыядычным друку.
Наша рубрыка, расказваючы пра кнігі і людзей, найчасцей вя-дзе і будзе весці размову пра кнігі мастацкія. Але гэта не значыць, што мы павінны абыходзіць кнігі дакументальныя, выданні прыкладнога характару, якімі найперш з’яўляюцца творы аўтарства Аляксея Скакуна. Яго проза – гэта, паміж іншага, і файная публіцыстыка, жывая і даступная мова. Гэта сапраўдныя падручнікі пра тое, як дабіцца поспеху ў абранай сферы дзейнасці.
Першай кнігай Скакуна, з якою мне давялося азнаёміцца, стаў “Единственный выход”, прэзентаваны мне аўтарам яшчэ ў тым самым 2009 годзе, і мае ўражанні ад творчасці пераважна грунтуюцца на тым першым для мяне выданні. Пазней іншыя кнігі Скакуна ўпэўнілі мяне ў правільнасці першых вывадаў.
Што б хто ні казаў, але кніга практыка, як правіла, чытаецца цікавей, чым кніга тэарэтыка. Так і ў Скакуна: вось вам праблема або пытанне, а вось – магчымыя варыянты рашэння або адказу.
Прынцыпы сваёй работы Аляксей Сцяпанавіч сфармуляваў яшчэ ў кнізе “Право на жизнь”, пазней паўтарыў іх у “Единственном выходе”. Гэтыя прынцыпы – не простыя словы. Скакун сапраўды імі кіраваўся і імкнуўся, каб імі кіраваліся і яго кадры, якія ён сапраўды выхоўваў. Я неаднойчы сутыкаўся з рознымі кіраўнікамі і работнікамі СВК “Астрамечава”. Гледзячы збоку, заўсёды выглядала так, што гэты механізм працуе проста як гадзіннік, наладжаны вопытным майстрам.
Нездарма першы з трох “нэпаў”, пра якія пісаў доктар эканамічных навук Скакун – гэта “навядзенне элементарнага парадку”. Для гаспадара дробязей не бывае – і гэта мне неяк давялося назіраць уласнымі вачыма.
Абласныя “Дажынкі” ў Бярозе. Сярод пераможцаў, якія падымаюцца на галоўную сцэну свята, шмат астрамечаўцаў. Затым, як водзіцца, неафіцыйная частка ў палатках спажывецкіх таварыстваў. У палатку Брэсцкага райпо заходзіць Скакун. Агледзеў сваіх пераможцаў: “Вы – можаце працягваць… А ты – ідзі ў аўтобус! Астрамечава ганьбіць не трэба!”. І хлопцы-землякі дружна памаглі свайму калегу выканаць загад кіраўніка…
Аляксей Сцяпанавіч Скакун шмат год узначальваў Аграпрамысловы Саюз Беларусі. Здаецца, гэта было абумоўлена не ў астатнюю чаргу і яго прынцыповай пазіцыяй па пытаннях развіцця беларускай вёскі, якую давялося адстойваць у канцы 80-х – сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта быў час, калі над аграпрамысловым комплексам краіны навісла рэальная пагроза яго разбурэння дзякуючы ўтапічным ідэям дылетантаў ад палітыкі і эканомікі.
Ідэалізаваны вобраз будучага фермера, які павінен прыйсці на змену “чырвонаму памешчыку”, проста не зыходзіў са старонак друку і тэлеэкранаў. Такія, як Скакун, што бачылі, якой была пасляваенная беларуская вёска, чулі ад старэйшых, што ўяўляла сабой заходнебеларускае сяло да 1939 года, былі далёкімі ад ідэалізацыі ідэі хутарызацыі і адмовы ад буйных сельскіх гаспадарак. Але дзеля захавання беларускай сельскагаспадарчай прамысловасці патрэбна было вытрымаць сапраўдны бой, не ў астатнюю чаргу і інфармацыйны, за розумы, за грамадскую думку беларускага народа.
Не будзе пафасным перабольшваннем, калі скажам, што гэты бой быў выйграны тады, калі Беларусь стала на рэйкі пабудовы сацыяльнай дзяржавы ў сярэдзіне 90-х гадоў.
Але да гэтай пары шмат было і страчана. Што рабіць далей, як вывесці з крызісу сяло? Пра гэта многа пісаў у сваіх кнігах Аляксей Сцяпанавіч. Калі чытаеш тыя радкі, то адчуваеш тую велізарную набалеласць, адкрытасць пачуццяў адносна справы, якой было аддадзена жыццё. Многія з яго ідэй рэалізаваныя дзякуючы Дзяржаўным праграмам адраджэння вёскі.
Сваімі ацэнкамі кніг Скакуна падзяліліся людзі, якія даўно ведаюць Аляксея Сцяпанавіча. Адзін з іх – Аляксей Мікалаевіч Кот, адзначае запатрабаванасць кніг Скакуна. Іх аўтара ён характарызуе як чалавека ўнікальнага, які проста абавязаны дзяліцца сваім багатым вопытам, які бу-
дзе карысны і кіраўніку, і простаму хлебаробу.
Аляксей Кот віншаваў некалі Аляксея Скакуна з 30-годдзем. Нядаўна Скакун павіншаваў яго з 90-годдзем…
Другі чалавек, які шчодра дзеліцца сваімі ўспамінамі пра Скакуна – Васіль Пятровіч Куніцкі: “Гэта чалавек, як беларусы кажуць, з няўрымслівым характарам. Ён усё жыццё не быў спакойным, шукаў новыя падыходы ў развіцці сельскай гаспадаркі. Ніколі не быў кабінетным работнікам. Яшчэ ў тую пару, калі Скакун быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Іванаўскага райвыканкама, ён паспяваў зранку, да планёркі, аб’ехаць некалькі гаспадарак, каб прадметна гаварыць са спецыялістамі.
Гэтая няўрымслівасць характэрная і яго кнігам. Нездарма ж у Аляксея Сцяпанавіча многа сяброў было і ёсць сярод пісьменнікаў і журналістаў – з імі яго аб’ядноўвае адчуванне слова, уменне выказаць думку проста і адначасова па-мастацку. У мяне склалася вельмі харошае ўражанне пра яго кнігі. У іх мы знойдзем звесткі і пра вытокі, і пра станаўленне сельскай гаспадаркі ў нашай краіне. У гэтых кнігах можна знайсці інфармацыю і пра айчынныя наймацнейшыя гаспадаркі, і пра вопыт развіцця аграрнага сектара замежных краін. Аўтар шмат дзе быў – і ў Амерыцы, і ў Нямеччыне, і ў Францыі. І ўсюды ён мог знайсці тую “рызынку”, якую можна было змясціць у кнізе, якая будзе цікавая чытачу. Уражвае вадаспад імёнаў, які характэрны выданням Скакуна: Міхаіл Мясніковіч, На-дзея Ермакова, Сямён Шапіра, Пётр Клімук, дзясяткі іншых вядомых суайчыннікаў…”.
Да гэтых слоў, напэўна могуць далучыцца многія. Спадчына Аляксея Сцяпанавіча Скакуна – гэта не толькі пакінутая пераемнікам моцная астрамечаўская гаспадарка. Гэта і напісанае ім. Абодва бакі яго дзейнасці – і практычны, і інтэлектуальны – адзінае непадзельнае цэлае. У гэтым унікальнасць Скакуна як прызнанага аўтарытэтнага дзеяча сучаснай Беларусі.

Ігар Гетман.