Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Узвысіцца да любові

Бадай, кожнаму хоць аднойчы даводзілася сутыкнуцца з сітуацыяй, калі вынашаныя, дэтальна прадуманыя ідэі па нейкіх непрадказальных абставінах ляцяць у тартарары і падзеі развіваюцца па зусім іншым сцэнарыі. Так, як кажуць, не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Але мо і добра, што немагчыма прадбачыць ўсё да драбніц, разлічыць цюцелька ў цюцельку. На тое яно і жыццё, каб здараліся ў ім неспадзяванкі, сюрпрызы.


Так сталася і са мной. У чаканні запланаванай сустрэчы з героем мяркуемага журналісцкага опуса абмазгавала кола пытанняў, адказы на якія хацела пачуць ад свайго суразмоўцы. Думалася, што дыялог наш будзе пададзены чытачу ў жанры інтэрв’ю, у якім актыўнасць на сябе возьме рэспандэнт, сам жа інтэрв'юер застанецца ў цяні.
Далікатны стук у дзверы – у мой рабочы кабінет уваходзіць незнаёмец. Зразумела, гэта і ёсць мой госць – Валерый Мароз, наш зямляк, палкоўнік запасу, журналіст па прызванні, аўтар кніг «От Берестья до Бреста из века в век», «Сквозь годы и грозы 20 века» ( у суаўтарстве), «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны», шэрагу краязнаўчых артыкулаў. За развіццё гістарычнага краязнаўства Валерый Вячаслававіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага (з нагоды ўзнаўлення крыжа Еўфрасінні Полацкай).
Мы, прызнацца, нават не паспелі толкам пазнаёміцца, абмяняцца агульнапрынятымі этыкетнымі фразамі, як пачалося гэта самае «інтэрв’ю». Чым нязмушаней цякла гутарка, чым болей сагравалася даверам, тым яскравей усведамлялася, што інтэрв’ю лопаецца як мыльная бурбалка, бо з прычыны абмежаванасці фармату газетная паласа магла б умясціць усяго адно пытанне і адказ на яго, паколькі кожны адказ інтэрв’юіраванага быў заглыблены ў разважанні, вычарпальны. Скарачаць шчыра і талкова выказанае да трафарэтных фраз з мэтай уціснуць у вузкія рамкі – як душу выняць, як здзек учыніць. Значыць, бывай, інтэрв’ю! Прыкінула, у такім раскладзе ёсць свае плюсы: цяпер у мяне з’явіцца магчымасць уставіць свае пяць капеек, выказаць уражанне аб чалавеку.
Малюючы партрэт земляка, найперш хочацца адзначыць яго шырокую эрудыцыю, шляхетную інтэлігентнасць, патрыятызм памкненняў і душэўную чуйнасць. У адносінах да яго дарэчным будзе сцвярджэнне класіка айчыннай літаратуры Кузьмы Чорнага «Чалавек – гэта цэлы свет». Свет гэты для Валерыя Вячаслававіча пачынаецца, канечне ж, з жыццёвых вытокаў, з непаўторнай малой радзімы. Першыя згадкі краязнаўцы аб родным горадзе сягаюць у сівую мінуўшчыну і датычацца назвы Самаранкі. Па старажытнай легендзе, некалі рэчка была даволі глыбакаводнай ды і характар мела наравісты. Здарылася аднойчы маладой князёўне з немаўлём на руках пераходзіць раку, уцякаючы ад чужынцаў-праследавацеляў. Магутная бурная плынь падхапіла хлапчанё і схавала ў сваіх грозных глыбінях. Колькі маці ні шукала сына ў неспакойнай вадзе, усё марна. Тады ў адчаі жанчына паслала рацэ цяжкі праклён: «Перасохнуць табе, каб кожнае дзіця магло прайсці па тваім русле!». З тае пары стала рачулка мялець. Адсюль і назва: Самаранка – «сама сябе раніла».
Валерый Вячаслававіч нагадаў гісторыю самабытнага мястэчка Янава, дзе жыло шмат яўрэяў, а таксама лабуроў, вынаходлівых, прадпрымальных людзей, якія валодалі адмысловай мовай і рабілі вялікую справу – вандруючы па свеце, збіралі ахвяраванні на будаўніцтва храмаў.
– І як вынік, – канстатаваў краязнаўца, – у 17–18 стагоддзях на тэрыторыі Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў было пабудавана больш за сто храмавых святыняў, якія належалі розным канфесіям.
– Мы можам ганарыцца гэтым, – працягваў мой субяседнік. – Да таго ж у Опалі захавалася царква Святой Параскевы Сербскай, пабудаваная ў форме хрысціянскай базілікі (тып пабудовы, які складаецца з розных па вышыні нефаў, цэнтральны з якіх звычайна самы высокі і больш шырокі). Уявіце сабе, ва ўсёй Беларусі да нашых дзён захаваліся ўсяго толькі дзве базілікі і адна з іх – у нашым куточку.
Валерый Вячаслававіч распавёў шмат цікавага пра сакральную архітэктуру Брэсцкага Палесся. Здзіўляцца таму не прыходзілася: ён на гэтай справе ўсе зубы з’еў. Цягам дзясятка гадоў карпатліва рыхтаваў матэрыялы для кнігі «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны». Грунтоўнае, даволі ёмістае (у паўтысячы старонак) даследаванне – неацэнны скарб, унікальнае выданне ўнікальнага чалавека.
Навуковая дзейнасць хоць і важная, ды далёка не адзіная тэма, якую мы абмеркавалі падчас сустрэчы, бо жыццё чалавечае складаецца не толькі са значных грамадскіх падзей, а ў большасці з нейкіх, здавалася б, нязначных эпізодаў, якія ўразаюцца ў памяць, зберагаюцца ў душы многія гады. Адна к такіх згадак – велікоднае Іванава пары маленства Валерыя Вячаслававіча. Разам мы «прайшліся» па гарадку, выбеленым да яснаты (тады бялілі тратуары, падмуркі будынкаў, агароджы, камлі дрэў, якіх шмат расло на вуліцах). Янаўцы ідуць у храм парамі: імпазантныя мужчыны, маладзіцы ў карункавых шалях. Ад навакольнай чысціні, а магчыма, ад душэўнага ўзрушэння і трапяткой радасці аб Хрысце Уваскрэслым, горад здаваўся сапраўны святочным, незвычайна ўрачыстым.
З цеплынёй, удзячнасцю сардэчнай расказваў мой суразмоўца пра школьных настаўнікаў: С.С. Лазюка, М.П. Лазюк, І.Ф. Куліну, Н.Ф. Пыркіну, М.П. Гарупу і інш. Настаўнікі, кнігі, сямейнае акружэнне, а яшчэ культурнае асяроддзе – гэта той фундамент, на якім фарміравалася асоба нашага земляка.
Дзякуючы ўменню апавядальніка красамоўна абмалёўваць сітуацыю, я бачыла няўрымслівага хлапчука, разумнага, дапытлівага, апантанага кнігамі. Але ж паслухмяным і бездакорным у паводзінах Валерыка можна было назваць хіба толькі з нацяжкай. Часам ён мог схітрыць і не пайсці ў школу, каб пачытаць мастацкую літаратуру.
– У дзесяцігадовым узросце асіліў Баляслава Пруса, Гюстава Флабэра, Мікалая Гогаля, – расказвае Валерый Вячаслававіч. – Бывала, звечара намечу твор, які буду чытаць на наступны дзень. Раніцай прыкінуся, што нездаровіцца мне. Маці дазволіць самастойна вырашаць ісці ў школу ці заставацца дома. Пойдзе на працу. Як толькі за ёю зачыняцца дзверы, я – да кніжнай шафы. А там… запаветнай кнігай і не пахне: яна ўжо паспела перакачаваць у надзейную маміну схованку. Мудрая, добрая мама… А з якім гонарам хадзіў я ў бібліятэку, каб узяць кнігі для стрыечных бабуль Вольгі і Фёклы Мароз, што жылі з намі пад адным дахам, з якой асалодай слухаў абмеркаванне імі прачытаных твораў! Тады, пэўна ж, не ўсведамляў, што ўсё гэта акажа моцны ўплыў на фарміраванне майго светапогляду. Мне шчасціла на знаёмствы з цудоўнымі людзьмі. Ува мне, тым, які я ёсць сёння, – часцінка ад кожнага з гэтых неардынарных асоб.
Валерый Вячаслававіч даўно жыве ў горадзе над Бугам. Лічы, берасцеец са стажам. Аднак уражлівая душа яго прывязана да зямлі. Як ні дзіўна, менавіта ў стасунках з ёй знаходзіць ён адхланне. Таму з імпэтам будаваў дачу на ўлонні вёскі Млыны ў Камянецкім раёне. Сюды ахвотна прыязджае сям’я: дзве дачкі, таленавітыя і паспяховыя, – бясконцы гонар бацькі, а таксама спадарожніца па жыцці.
– Верагодна, не быў я ідэальным мужам для маёй Людмілы, – прызнаецца Валерый Вячаслававіч. – Паглыблены ў працу, не заўжды выказваў ёй увагу, якую яна заслугоўвае, але, здаецца, я імкнуўся, каб родныя мае былі шчаслівыя.
Разглядаючы сямейныя фотаздымкі, заўважаю на адным пустое крэсла ля каміна.
– Такой я ўбачыў самоту, калі Людміла не змагла прыехаць са мной у вёску, – растлумачыў зямляк. – Гэты фотаздымак даслаў ёй.
Думаецца, на самой справе жанчына, якой мужчына такім нетыповым чынам прызнаецца ў каханні, не можа быць няшчаснай.
У вясковай цішы неўтаймоўная натура Валерыя Вячаслававіча дае пра сябе знаць асабліва адчувальна. Тут добра ладзіцца праца інтэлектуальная і фізічная. Мужчына не можа заставацца звычайным абывацелем, паглыбленым толькі ў дробныя ўласніцкія інтарэсы. Жыць па прынцыпе «нічога не знаю – мая хата з краю» – не пра яго. Сведчанне таму – тры крыжы, якія па ініцыятыве і з актыўным удзелам натхнёнага рупліўца «выраслі» ў ваколіцах Млыноў. Адзін – Пятнічны – адлюстроўвае пакуты Хрыстовы на Галгофе, другі – Суботні, журботнага цьмянага колеру – нагадвае пра знаходжанне Распятага ў труне, трэці, упрыгожаны кветкамі – Велікодны – апавяшчае пра перамогу жыцця над смерцю.
Кожнаму ў жыцці даецца свой шлях, дакладней, магчымасць выбудаваць яго, бо, якім ён будзе, шмат у чым залежыць непасрэдна ад чалавека. Шлях, які прайшоў Валерый Вячаслававіч, шырокі, асветлены сонцам яго душы. Каб пракласці такі маршрут, неабходна ўзвысіцца да любові, бязмежнай, самаахвярнай. Па сутнасці, усе мы, хто прыходзіць у свет зямны, створаны Усявышнім для таго, каб любоўю чалавечыцца. Але ў кожнага свой п’едэстал любові. У адных – ледзь прыкметны, у іншых, тых, хто здольны на няпростае ўзыходжанне дзеля нацыі, людства, – высокі, моцны. Ён будзе бачны ўсім праз дзесяцігоддзі, стагоддзі. З кагорты апошніх – Валерый Мароз.

 Ірына Саломка.