Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Яе вера ў цуд

Количество просмотров:

Валянціна Міхайлаўна Кукса (дзявочае прозвішча Леанюк) нарадзілася ў драўлянай хатцы на ўскрайку вёскі Гнеўчыцы 3 студзеня 1951 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У сям’і гадавалася шасцёра дзяцей. Бацькам жылося ой, як цяжка на атрымліваемыя ў калгасе «палачкі-працадні» за серпавае жніво з люлькаю на плячах.

Дзяцінства не было лёгкім, але праходзіла на ўлонні прыроды. Па-за хатай распасціралася поле – з пагоркамі і лагчынамі, з гаямі і сасоннікамі, з кустоўем на касагорах, з крушнямі камення на ўзмежках,  залацістымі нівамі жыта, блакітнымі разлівамі лёну, ружова-белымі прасцягамі квітнеючай бульбы. З навакольнага поля далятаў тужлівы спеў. Гэта, завяршаючы цяжкі прыпарны дзень, спявала маці разам са жнеямі. Спявалі старажытныя жніўныя песні. Палескія песні і мова на ўсё жыццё запалі ва ўражлівую душу. Таму “вясковасць” і радаводу, і маральна-духоўнага стану ў пісьменніцы была ўвабрана ад нараджэння. Валя расла працалюбівай, што для палешукоў не дзіва, заўсёды дапамагала па гаспадарцы.
З дзяцінства палюбіла Валянціна родную зямлю, бацькоў, настаўнікаў, сваіх землякоў, іх звычаі і традыцыі, палюбіла настолькі, што не змагла пра іх не напісаць.
Працавітыя бацькі-сяляне, вясковае выхаванне змалку навучылі ў поце здабываць свой хлеб, навучылі цярплівасці, адказнасці. Васьмігадовая школа была ў родных Гнеўчыцах, а вось у дзесяцігодку прыйшлося хадзіць у суседні Крытышын. Хто сёння пайшоў бы ў школу па бездарожжы? У Крытышынскай дзесяцігодцы Валя настойліва авалодвала ведамі, шмат чытала, спрабавала сама пісаць. Пасля заканчэння дзесяцігодкі былі гады вучобы ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы. А напачатку ўладкавалася на працу, бо трэба было самой зарабляць грошы. Першае сваё апавяданне «Калінавая слёзка» надрукавала ў абласной газеце «Заря». Праўда, яго пераклалі на рускую мову. Затое колькі было радасці, калі наступны празаічны твор – «Вясковыя малюнкі» – рэдакцыя змясціла на мове арыгіналу, г.зн. на беларускай. І закруціла літаратурнае жыццё, якое трэба было спалучаць з паўсядзённымі клопатамі. Сустрэча з Міколам Пракаповічам, Алесем Каско, Зінаідай Дудзюк і нейкім недасягальным тады Уладзімірам Караткевічам, які заўважыў і ацаніў, як будучую зорачку на небасхіле жаночай прозы, дала своеасаблівы штуршок для далейшай творчасці.
Пасля вучылішча паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на дашкольны факультэт. Неўзабаве выйшла замуж. Нарадзілася першая дачушка, затым другая. Валянціна вучылася, а маці гадавала дзяцей з самага маленства. Паміж бабуляй і старэйшай Святланкай повязь была, можа, яшчэ мацнейшая, чым з маці. У школе дзяўчаткі вучыліся ў Брэсце, а на канікулы – у вёску. Там прырода – Днепра-Бугскі канал, лес, возера…
Усё сваё жыццё прысвяціла дзецям, працуючы выхавацелькай у дзіцячым садку. Была стваральнікам першых беларускамоўных груп у дашкольных установах горада Брэста.
Валянціна Кукса пісала толькі пра тое, што ведала, што перажыла. А ведала больш за ўсё яна дзяцей; і перажыванні іхнія, і свае вакол іх клала сардэчным словам на паперу. Выносіла спачатку на суд сваім выхаванцам у дзіцячым садку, дзе век адпрацавала. І калі яе гадаванцы, слухаючы сваю выхавацельку, глядзелі на яе ва ўсе вочкі, сапучы ў дзве дзірачкі, а потым то ўзрываліся рогатам, то заходзіліся плачам, дазваляла сабе пусціць твор у друк.
Неаднойчы Валянціна Міхайлаўна перадавала свой вопыт слухачам курсаў павышэння кваліфікацыі ў абласным інстытуце, распрацавала і выдала тузін навукова-метадычных прац для выхавацеляў і настаўнікаў па вывучэнні беларускай мовы з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Набыткам для выхавацеляў стаў яе дапаможнік “Вучымся гаварыць па-беларуску «Колеры вясёлкі», які выйшаў у выдавецтве «Полымя»  ў 1998 годзе. У «Пралесцы» друкавала «Заняткі па развіцці маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту».
Бы руплівіца-пчала, Валя Бог ведама дзе знайшла ў сабе патрэбу, сілы і час, акрамя грунтоўнае прозы, унесці важкі ўклад у справу выхавання беларускае будучыні.
Валянціна Міхайлаўна паўжыцця вучылася: пасля інстытута паступіла ў аспірантуру. Здала два кандыдацкія экзамены і рыхтавалася да напісання дысертацыі… І тут здарылася непапраўнае: цяжка захварэла на невылечную хваробу дачушка Святлана. Калі ўсе здаровыя былі, то і працавалася плённа, кожны быў заняты сваёю справай. Ёй перахацелася ўсміхацца. Не пазнавалі сябры. Каля вуснаў з’явіліся зморшчынкі. Усімі намаганнямі яна шукала выйсце. Гэта быў боль душы, прызыў да Усявышняга. Але так было наканавана. Цуда не адбылося: дачушкі не стала.
Пяшчотны сонечны прамень
Да веек больш не дакранецца.
І без мяне наступіць дзень,
І без мяне вясна пачнецца.
Спявала яе Святланка, таленавітая і, галоўнае, маладзенькая, вельмі добрая дачушка.
Валянціна знайшла ў сабе сілы і моц, каб адлюстраваць свае перажыванні ў аповесці «І верыла ў цуд…», якая ўбачыла свет у 1999 годзе ў бібліятэцы часопіса «Маладосць». Галоўная гераіня твора – не проста жанчына, не проста маці. Яна адданая патрыётка сваёй Радзімы, якую непакоіць не толькі невылечная хвароба яе дачушкі, але і шмат якія хваробы грамадства: грубасць, абмежаванасць, чэрствасць, а таксама наступствы чарнобыльскай трагедыі.
У 2005 годзе Валянціна Кукса стала лаўрэатам Берасцейскай мядовай прэміі за кнігу прозы «Створым прастору любові». Сама яна вакол сябе старалася стварыць прастору любові да навакольнага, да дзетак, да блізкага акружэння родных ёй людзей. Пры размове з Валянцінай падкуплялі прастата, шчырасць, жаноцкая абаяльнасць, ужыванне ў размове і на пісьме роднага слова, часта і паляшуцкага, дзіцячая непасрэднасць паводзін і ўспрымання жыцця. Разам з тым уражвалі цвярозасць думкі, разваг, клопат аб іншых, усеабдымная любоў да людзей.
Для сваіх аднасяльчан Валянціна Міхайлаўна паклапацілася, каб аднавіць разбураную святыню: храм Параскевы Пятніцы, які быў вядомы яшчэ з 16 стагоддзя, але быў зруйнаваны ў 1983 годзе. Адпраўным момантам, які прадвызначыў будаўніцтва новага храма, стаў артыкул Валянціны Куксы. Ён быў надрукаваны ў раённай газеце «Чырвоная звязда» вясной 1999 года. Прасякнуты ідэяй адраджэння духоўнасці, ён ускалыхнуў розум мясцовых жыхароў, стаў той жыватворнай кропляй, якая разбудзіла ў іх імкненне да актыўнай дзейнасці.
У верасні 2014 года на 64 го-дзе жыцця Валянціны Міхайлаўны Куксы не стала, але застаўся светлы ўспамін аб гэтай няўрымслівай жанчыне, якая да апошняга ўздыху верыла ў цуд.

Алена БАРЫШЧУК,
метадыст Іванаўскага вучэбна-метадычнага кабінета.