Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Жанчына з усмешкай на твары

Количество просмотров:

Самае галоўнае для чалавека – сям’я. Што б ні здарылася ў жыцці: ці радасць, ці гора – ніхто так не падтрымае і не дапаможа, як бацькі.

А для іх найлепшы падарунак – шчаслівыя і радасныя ўсмешкі дзяцей. Шчасце бацькоў у іх дзецях. Вельмі часта бывае так, што бацькі народзяць дзяцей, паставяць іх на ногі, а на старасць гадоў застаюцца самі. Але так быць не павінна. Бо для старэнькіх няма большага шчасця, чым любоў сваіх дзяцей. Менавіта такой шчаслівай матуляй з’яўляецца Ганна Паўлаўна Дэнэйка, хаця яе жыццёвы шлях нельга назваць лёгкім.
Ганна Паўлаўна нарадзілася 7 красавіка 1938 года ў мнагадзетнай сям’і (5 сясцёр і 4 браты), якая жыла на хутары “Тырыбун” Драгічынскага раёна.
Са сваім будучым мужам Паўлам Міхайлавічам яна пазнаёмілася ў вёсцы Карсыні, куды прыехала працаваць у калгас. Пакахалі адзін аднаго і зразумелі, што іх пачуцці на ўсё жыццё. Пасля вяселля маладыя засталіся жыць у вёсцы Карсыні. Там нарадзілі шасцярых дзяцей (5 хлопчыкаў і адну дачушку). Нялёгка жылося Ганне Паўлаўне. Шэсць дзяцей на руках, дамашняя гаспадарка, работа ў калгасе. Муж рана ішоў на работу і працаваў да ночы. Выхаваннем дзетак займалася маці. Яна марыла, каб дзеці выраслі годнымі людзьмі. І, на мой погляд, яе мара спраўдзілася.
“Мы вельмі ганарымся сваёй матуляй. Яна мае вялікі працоўны стаж у сельскай гаспадарцы. З маленства даглядала жывёлу. Бывалі гады, што не мала ні выхадных, ні адпачынку. Сям’я трымала вялікую хатнюю гаспадарку, мела агарод, сад, кветкі. Маці з усім спраўлялася, не прысеўшы, бывала, за цэлы дзень. А колькі ежы трэба было прыгатаваць на вялікую сям’ю! Мы заўсёды былі памочнікамі і, дзякуючы гэтаму, усе звыклыя да любой працы. У гэтым годзе мы прыехалі да матулі на дзень яе 80-годдзя ў вёску Махро. Так як захварэў бацька, ды і матуля ўжо не мае таго здароўя, якое было раней, мы ўсе разам купілі хату ў вёсцы, каля самай малодшай дачушкі Таццяны. Мы вельмі паважаем матулю, сардэчна любім, цэнім яе парады, клопат і хваляванне за нас, даражым кожным момантам, праведзеным разам, чуем яе малітвы, якія дапамагаюць нам па жыцці. І гаворым: жыві доўга, наша родная матуля!”.
Мне было вельмі прыемна пачуць такія словы ад дзяцей Ганны Паўлаўны. Я бачыла шчаслівую ўсмешку на твары жанчыны разам са слязамі радасці, гонару за сваіх дзяцей.
Павіншаваць з юбілеем Ганну Паўлаўну прыйшлі і мы, работнікі сельскага Дома культуры вёскі Махро, народны вакальны ансамбль “Бліскавіца”. Мы парадавалі юбіляршу віншавальнымі песнямі, прыгожымі пажаданнямі і добрым настроем. Ганна Паўлаўна была ўдзельніцай Народнай фальклорнай групы “Залядынская гамонка”, таму з вялікім задавальненнем спявала разам з намі. Ад такіх людзей як яна, мы чэрпаем нашу багатую  духоўную і культурную  спадчыну, нашы песні і абрады.

Ала Клімавец,
дырэктар сельскага Дома культуры в. Махро.