Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Добра дзецям у «Брыганціне»

Количество просмотров:

Летняя аздараўленчая кампанія школьнікаў працягваецца. Да прыкладу, з 14 па 31 ліпеня на беразе прыгожага возера Завышанскае дзеці адпачываюць у трэцяй змене «Брыганціны» – лагеры з кругласутачным прабываннем. Як паведаміла яго старшы выхавацель Ірына Мікалаеўна Вялічка, за васямнаццаць дзён у трэцяй змене летніка з карысцю правядуць канікулярны час 130 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад шасці да пятнаццаці гадоў. Дарэчы, цана пуцёўкі складае ад 382 да 389,5 рубля, з якіх бацькоўская плата – ад 186 да 193,5 рубля (у залежнасці ад узроставай катэгорыі дзяцей).

З мэтай умацавання здароўя дзяцей у лагеры арганізавана іх паўнавартаснае, збалансаванае пяціразовае харчаванне, знаходжанне на свежым паветры, праводзяцца розныя рухомыя гульні.
– Нашы юныя адпачываючыя з задавальненнем малююць, прымаюць удзел у спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах: дэманструюць свае здольнасці падчас валейбола, футбола, піянербола, выконваюць усе ўказанні інструктараў па фізічнай падрыхтоўцы, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – Выхаванцы «Брыганціны» актыўнічаюць у экалагічных марафонах, конкурсна-гульнявых праграмах, літаратурных віктарынах, дэманструюць крэатыў і творчасць, ствараючы розныя вырабы сваімі рукамі. Адным словам, сумаваць не прыходзіцца, бо час праходзіць весела і пазнавальна.


Праграма трэцяй змены лагера, якая называецца «У рытме лета», сапраўды распрацавана так, каб кожны адпачываючы знайшоў сабе занятак па душы.
– Кожны дзень у нас мае канкрэтную тэму,  – працягвае старшы выхавацель. – У першы дзень дзеці знаёміліся, традыцыйна выбіралі актыў, назву, дэвіз, песню атрадаў, у другі  – быў арганізаваны фестываль атрадных візітовак «Будзем знаёмы». Асаблівая ўвага надаецца культурнаму аспекту, праводзяцца заняткі па інтарэсах. Так, у аўторак хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі ўдзел у святочнай канцэртнай праграме, прысвечанай адкрыццю трэцяй змены, у сераду пазнавальнай атрымалася хвілінка здароўя. У чацвер, у дзень эрудытаў, дзеці з задавальненнем прадэманстравалі свае інтэлектуальныя здольнасці падчас турніру па шашках і шахматах «А вам слабо?», гульні «Што?Дзе?Калі?». Спадзяемся, што шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў у адпачываючых застанецца пасля запланаванай паездкі на свята горада ў Іванава, якая адбудзецца 21 ліпеня.
Добра дзецям у «Брыганціне», пра гэта яскрава сведчаць іх шчаслівыя тварыкі.
Калі вы жадаеце, каб ваш сын ці дачка выдатна адпачнулі, сталі яшчэ больш здаровымі і дужымі, запрашаем у «Брыганціну» (чацвёртая змена летніка будзе функцыянаваць з 4 па 21 жніўня).

Кацярына Кухарчук.