Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Дынастыя педагогаў

Количество просмотров:

Шмат заслужаных людзей па той ці іншай прычыне былі адзначаны ўзнагародамі ў Дзень беларускага пісьменства. Сярод гэтага шэрагу талентаў асаблівае месца займаюць нашы землякі, якія прысвяцілі доўгія гады сумленнай працы і выгадавалі сабе годны працяг, стварылі моцныя працоўныя дынастыі. Ушанаванне ў рамках рэспубліканскай народна-патрыятычнай прафсаюзнай акцыі «Мы-разам!» стала прызнаннем іх значнасці ў развіцці малой радзімы. Адна з такіх сем'яў – педагагічная дынастыя Котар-Календа-Здрок. Напярэдадні Дня настаўніка мы знаёмім нашых чытачоў з яе членамі.

Старэйшы педагог у сям'і – Лідзія Мікалаеўна Календа (Жаўнерчык). Нарадзілася яна ў даваенны перыяд. У 1957 годзе скончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, пасля чаго была накіравана на працу старэйшай піянерважатай у Моладаўскую няпоўную сярэднюю школу. А педагагічную дзейнасць пачала ўжо ў Глінненскай няпоўнай сярэдняй школе, дзе працавала да 1972 года. Цяга да ведаў і яшчэ больш глыбокага авалодання прафесіяй падштурхнулі Лідзію Мікалаеўну да атрымання вышэйшай адукацыі. З поспехам яна заканчвае Брэсцкі педагагічны інстытут. Пасля чаго на працягу дзесяці гадоў выкладае рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах Глінненскай школы. А затым да выхаду на пенсію ў 1994 годзе тут жа працуе настаўнікам пачатковых класаў.
Лідзія Мікалаеўна Календа – сапраўдны майстар сваёй справы, настаўнік па прызванні. Пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Ганаровыя граматы аддзела народнай адукацыі райвыканкама, райкама партыі, раённага Савета дэпутатаў і Міністэрства асветы Беларускай ССР.
Выхаваная ў настаўніцкім асяроддзі дачка – Людміла Анатольеўна Котар – пайшла па шляху маці. У 1984 годзе яна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Першым яе месцам працы была Оўзіцкая васьмігадовая школа, дзе на працягу двух гадоў навучала дзяцей рускай мове і літаратуры. З 1991 года і па цяперашні час Людміла Анатольеўна працуе выхавальнікам у гарадской СШ №4. У 2010 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела адукацыі Іванаўскага райвыканкама.
Прадстаўніцай трэцяга пакалення педагогаў стала ўнучка Алеся Анатольеўна Здрок. Пайшоўшы па іншай сцежцы (у 2006 годзе скончыла Пінскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў, а ў 2011-м Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі), яна ўсё ж стала педагогам, хаця б і музычнага навучання. Зараз працуе настаўнікам па класу фартэпіяна ў сярэдняй школе № 4 г. Іванава.

Валерый МІХАЛЬЧУК.