Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

«Дзеці – не работа, а стыль жыцця»

Прынцыповая, катэгарычная, патрабавальная — з аднаго боку, неканфліктная, аб’ектыўная і цікавая – з другога, гэтак коратка характарызуюць калегі і школьнікі Іну Міхайлаўну Максімовіч, настаўніцу з трыццацігадовым стажам, якая выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў СШ №4 г. Іванава. Зусім нядаўна, 1 верасня, за значны асабісты ўнёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны раёна Іна Міхайлаўна атрымала Падзяку Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Яе выбар прафесіі на карысць педагагічнай вызначыла выпадковасць. Выпускніцаю школы Іна марыла быць юрыстам ці следчым. Татава міліцэйская «жылка» мела свой вынік: бацькоўскае слова патрабавала паслухмянасці і выканаўчасці ад траіх дзяцей – Іны, Сяргея і Наташы. Абавязковымі яшчэ былі дысцыпліна і павага дзяцей да старэйшых. Гэтыя і іншыя, сфарміраваныя ў сям’і якасці, як здавалася, дапамогуць  працаваць у следчых органах ці юрыдычных структурах. Але лёс склаўся па-іншаму – І. Максімовіч паступіла на гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, які ў 1995 годзе паспяхова скончыла, атрымаўшы спецыяльнасць выкладчыка гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін.
Першае сваё месца працы і дату, калі пачала выконваць абавязкі старэйшай піянерважатай у базавай Перарубскай школе, добра памятае – гэта адбылося 11 студзеня 1988 года. З таго часу працавала і намеснікам дырэктара, і дырэктарам школы, але самым працяглым (амаль 20 год), і напэўна, няпростым і адначасова цікавым на сённяшні момант, Іна Міхайлаўна лічыць настаўніцтва ў чацвёртай іванаўскай школе. Па-першае, дзеці гарадскіх і сельскіх школ крыху адрозніваюцца і кругаглядам, і матывацыяй, па-другое, сваю справу зрабіў той фактар, што пятнаццаць год таму чацвёртая школа, абраўшы беларускамоўны накірунак у навучанні, умоўна набыла патрыятычны статус. Ва ўніверсітэце ж толькі адной студэнтцы ў патоку, менавіта І. Максімовіч, выкладчыкамі рабілася выключэнне ў выглядзе дазволу здачы экзамена па гісторыі Беларусі на рускай мове з-за цяжкасцяў маўлення на роднай мове. З часам, выдатна разумела Максімовіч, мову трэба дасканала вывучыць. Усё-такі партфоліа беларускага гісторыка падразумявае веданне нацыянальнай мовы, якою цяпер педагог валодае на добрым узроўні.
Пра сваіх школьных настаўнікаў Іна Максімовіч гаворыць пафасна – усе яны вартыя, упэўнена жанчына, самых лепшых слоў і кампліментаў: выдатная беларусавед Ларыса Уладзіміраўна Сацута, цікавая настаўніца гісторыі Ніна Піліпаўна Пыркіна, улюбёная ў геаграфію Любоў Мікітаўна Буйко і іншыя настаўнікі былі прыкладам прафесіяналізму, паважлівых адносін да выхаванцаў. У альма-матэр таксама былі свае куміры, з іх загадчык кафедры сусветнай гісторыі Рыгор Рыгоравіч Лазько запомніўся больш за ўсіх. Яго лекцыі па ўсіх прадметах, якія ён выкладаў ва ўніверсітэце, адрозніваліся цікавай падачай матэрыялу і глыбінёй ведаў. Можна сказаць, што менавіта гэты чалавек, як ніхто іншы, паўплываў на асобу гісторыка Максімовіч, якая нават цяпер, будучы настаўнікам вышэйшай катэгорыі, маючы за плячыма трыццацігадовы стаж работы ў дадзенай прафесіі, заўсёды вельмі адказна рыхтуецца да сваіх урокаў, бо гісторыя – дакладная навука, а дзеці-школьнікі, амаль усе, максімалісты, якія не прабачаюць памылак з боку аўтарытэтнага спецыяліста. Аднак самі, як расказвае Іна Міхайлаўна, часта робяць недакладнасці, якія ў перспектыве, так плануе педагог, складуць «Куток гістарычных «ляпаў» – «каналізацыя» (замест каланізацыі), «поезд Вітаўта» (пояс Вітаўта), «дынастыя Рагнедавічаў» (Рагвалодавічаў) і інш. Самае смешнае і запамінальнае з гэтай «оперы», магчыма, наступнае: ідзе экзамен па гісторыі, выпускніца «плавае», адзін з экзаменатараў задае пытанне: «Скажы нам, Вольга, хто быў першым прэзідэнтам СССР?». Оля губляецца, робіць выгляд, што прыгадвае. Тады настаўнік «каверзнага» пытання падказвае: «Ты, безумоўна, хвалюешся, і таму забыла. Мы ўсе гэта выдатна разумеем. Збярыся. Ну, ім быў Міхаіл…». Адказ-пытанне быў адыёзны: «Няўжо Баярскі?». Больш Вольгу не пыталі. Усё было і так зразумела.
Як і любы школьны прадмет, гісторыя, лічыць І. Максімовіч, дадзена не ўсім, хаця некаторыя бацькі прытрымліваюцца іншай пазіцыі, гаворачы што гэта адна з самых лёгкіх дысцыплін у школе. Па-першае, многа што залежыць ад настаўніка і яго ўмення зацікавіць сваім прадметам; па-другое, нельга адмаўляць генны фактар. Але нават дзеці бацькоў, чыя прафесія далёкая ад логікі і канкрэтыкі, па назіраннях настаўніцы, «бачаць» гісторыю: валодаюць розумам і жывым уяўленнем, у іх сфарміравана гістарычнае мысленне, яны арыентуюцца ў часавай прасторы, лёгка супастаўляючы падзеі з розных эпох. Такія выхаванцы – сапраўдны скарб для любога педагога-гісторыка. Наяўнасць зародку гэтых якасцяў у дзяцей Іна Міхайлаўна заўважае адразу, як толькі набірае іх у пятым класе. Пры належнай увазе і ўсебаковым развіцці такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, у класе дзявятым яны могуць стаць прыстойнымі прэтэндэнтамі, каб адстойваць гонар сваёй школы на алімпіядах рознага ўзроўню і дамагчыся там высокіх вынікаў. Праўда, колькасць такіх адораных вучняў і вучаніц за сваю педагагічную практыку Іна Максімовіч можа пералічыць па пальцах. Звычайна, гэта ўнікальныя дзеці, якія многім цікавяцца: прагна чытаюць мастацкую і гістарычную літаратуру, вандруюць,займаюцца ў розных секцыях. Дарэчы, інтэлектуальнаму развіццю і разумовай канцэнтрацыі спрыяе музычны накірунак, які ёсць у яе любімай школе. Музыка, лічыць гісторык, не адцягвае ўвагу ад навучання, наадварот, станоўча ўплывае на развіццё мозга. Яшчэ адзін важны момант – кожны вучань патрабуе індывідуальнага падыходу ў залежнасці ад тэмпераменту, здольнасцяў, асаблівасцяў развіцця псіхікі. Некаму дастаткова сказаць банальнае «малайчына», пахваліўшы як бы наперад, каб пастфактум атрымаць патрэбны вынік – сістэматычную падрыхтоўку і веды. Кагосьці трэба пастаянна трымаць «у абцугах» – любое паслабленне можа стаць прычынай няўвагі да прадмета. Асаблівых адносін патрабуюць дзеці, якія па прычынах, звязаных са здароўем, атрымліваюць хатняе навучанне. За ўвесь час работы іх у Іны Міхайлаўны было чатыры чалавекі. Надомнае навучанне, як правіла, не надта спрыяе паспяховай сацыялізацыі такіх дзяцей. Таму настаўніца мяркуе, што дзеці з інваліднасцю, па магчымасці, павінны быць у асяроддзі сваіх равеснікаў. Карысць для абодвух бакоў максімальная: адныя – вучацца клопату і ўвазе, другія – пераадоленню сваіх комплексаў, кантакту з іншымі, жыццю ў свеце, дзе «за сваё месца пад сонцам, трэба змагацца». Увогуле, сцвярджае Іна Міхайлаўна, «дзеці  – цікавы кантынгент, але гэта не праца, хутчэй – стыль жыцця: яны па-свойму дысцыплінуюць дарослых і навучаюць іх розным карысным рэчам». Гаворачы пра «любімцаў-вучняў», педагог не хавае: заўсёды атрымліваеш задавальненне, калі тваім прадметам цікавяцца школьнікі, пытаюць незразумелае, прыемна весці ўрок тады, калі на цябе глядзяць «жывыя» вочы, што прагнуць новых ведаў. Больш канкрэтна жанчына-педагог гаворыць аб гістарычных асобах, жыццё якіх, без пераўвелічэння, каштуе таго, каб пра іх гаварыць і імі ганарыцца. Асабіста для І. Максімовіч – гэта полацкая князёўна Рагнеда, асветніца і духоўная апякунка Беларусі Ефрасіння Полацкая, савецкі палітык і дзяржаўны дзеяч Пётр Машэраў, рускі цар Павел І, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар і іншыя.
Любімы перыяд у выкладанні айчыннай гісторыі – гэта перыяд ВКЛ. Якраз ён, як ніякі іншы перыяд у гісторыі беларускай дзяржавы, па-першае, працяглы па часе, па-другое, багаты на гістарычных, грамадскіх і культурных дзеячаў, па-трэцяе, спрэчны, калі ўлічыць розныя меркаванні і канцэпцыі гісторыкаў наконт яго генезісу. Увогуле, краіна з такім трагічна-гераічным мінулым, як Беларусь, мае добрую будучыню, таму што гісторыя, на думку настаўніцы, вучыць, насуперак выказванню Гегеля, які сцвярджаў адваротнае. Зазнаўшы горыч людскіх страт, сучаснае і будучыя пакаленні, а іх правільнае выхаванне якраз і лягае на плечы настаўнікаў, у тым ліку і педагогаў-гісторыкаў, не маюць права на памылку. Ва ўсялякім разе, хочацца спадзявацца, што гэта і будзе надзейным компасам у нашым дынамічна-
зменлівым жыцці.

Наталля КАЗАКЕВІЧ.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.