Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Дзяцінства мацярык пад назвай Школа

Количество просмотров:

Кожная школа вартая таго, каб быць усхваленай на газетных старонках, кожны руплівец-настаўнік гэтага варты. У нашым раёне 24 установы агульнай сярэдняй адукацыі, чатыры з іх – гарадскія, а згуртаваная сям’я педагогаў складаецца амаль з 590 прафесіяналаў. Акрамя таго, ёсць жа яшчэ ўстановы дашкольнай і дадатковай адукацыі, раённыя сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе таксама працуюць педагогі. Усім ім – сардэчная ўдзячнасць і пашана. Сёння ж, напярэдадні Дня настаўніка, у цэнтры ўвагі «Янаўскага краю» апынулася школа №4 г.Іванава. Чаму менавіта яна? Таму, што наймаладзейшая (так, так, школа таксама мае ўзрост)? Не, хутчэй, не гэты крытэрый стаў вызначальным у нашай творчай зацікаўленасці, спрацаваў менавіта той факт, што школа адзіная ў горадзе, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, да таго ж, гэта школа з музычным ухілам, прынамсі, нягледзячы на тое, што спецыяльнага аддзялення тут няма, а выкладанне музычных дысцыплін ажыццяўляецца на факультатыўных занятках, гэты тэрмін ужываецца ў неафіцыйных зносінах (для зручнасці дазволім сабе і мы гэтую невялічкую вольнасць).
 

У школу гасцінна расчынены дзверы

Раніца ўрачыста праходзіць па доўгіх школьных калідорах з пранізлівым званком, апавяшчаючы пра пачатак заняткаў. Умомант заціхае мітусня. 773 дзіцяці сустракаюць у класах сваіх настаўнікаў, кожны з якіх нясе на ўрок не толькі трывалыя веды, эрудыцыю, але і цеплыню душы. Магчыма, у школе такая дабратворная атмасфера, што ў ёй працуюць вельмі зычлівыя людзі, апантаныя сваёй прафесіяй.
– Аснову педагагічнага калектыву складаюць вопытныя педагогі, – расказаў дырэктар установы Я.В. Стасюк. – Адукацыйны працэс у бягучым навучальным годзе ажыццяўляюць 115 настаўнікаў. Сорак працэнтаў з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У нас створаны спрыяльныя ўмовы для бесперапыннага і стабільнага павышэння прафесійнага майстэрства: якасць адукацыі стаіць на першым месцы.
Пільная ўвага надаецца працы з маладымі спецыялістамі. Асноўная задача метадычнай работы з дадзенай катэгорыяй настаўнікаў заключаецца ў тым, каб дапамагчы ім прымяніць тэарэтычны матэрыял, атрыманы ў навучальнай установе, да практычных умоў.
Для Ю.В. Калодзіч, выкладчыка англійскай мовы, і У.В. Кажанава, кіраўніка фізічнага выхавання, шлях у прафесію толькі распачынаецца. На гэтым шляху побач з імі тыя, хто ўважліва выслухае, падтрымае, дапаможа слушнай парадай. З часу адкрыцця навучальнай установы (адбылася гэтая падзея ў 1991 годзе) вядуць вучняў па краіне ведаў Л.М. Астаповіч, Н.С. Кісель, І.У. Слуцкая, Л.А. Котар, Н.С. Аўсянік, С.В. Кавалевіч, В.В. Юрчук, А.С. Скошчук, У.І. Муха, С.В. Кульбеда, Ю.С. Сідарчук і інш.
Школа № 4 – пляцоўка для правядзення рэспубліканскіх, абласных і раённых семінараў, конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, майстар-класаў, што дазваляе канстатаваць высокі ўзровень прафесіяналізму і творчага патэнцыялу настаўнікаў. Аб эфектыўнасці работы педагагічнага калектыву сведчыць той факт, што кожны год у вышэйшыя навучальныя ўстановы паступаюць не менш за 50% выпускнікоў (2018/2019 н.г. – 70%), а таксама поспехі вучняў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, навукова-даследчай дзейнасці, творчых конкурсах, спорце. У мінулым навучальным годзе двое вучняў атрымалі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Анастасія Жушма намінавана на атрыманне гэтай прэстыжнай прэміі.
– Недасведчаныя кажуць, што выкладанне прадметаў на роднай мове становіцца перасцярогай бацькам аддаць дзіця ў чацвёртую школу, так як гэтая акалічнасць спалучана з пэўнымі цяжкасцямі ў разуменні і засваенні вучэбнага матэрыялу дзецьмі, – разважае Яўген Васільевіч і тут жа безапеляцыйна заяўляе: – Лухта ўсё гэта! Сёлета ў нашу школу прыйшлі 87 першакласнікаў.
Ёсць шмат прычын, каб вучыцца менавіта ў школе №4. Тут арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні; у старэйшых класах рэалізуецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі для групы навучэнцаў па спецыяльнасці аператар ЭВМ; адкрыты чатыры класы інтэграванага навучання і выхавання няпоўнай напаўняльнасці, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, арганізаваны факультатывы прадметнай скіраванасці, аб’яднанні па інтарэсах, на дагаворнай аснове з бацькамі ва ўмовах самаакупнасці – работа мастацкай студыі «Вернісаж», танцавальнай студыі «Вясёлка», дадатковыя заняткі па вывучэнні англійскай мовы. Адна толькі магчымасць для дзіцяці, не пакідаючы сцены школы, навучацца музыцы чаго каштуе!

Чароўнай музыкі вялікасць

У якую б пару ні завітваў у чацвёртую школу, практычна заўсёды пачуеш тут ці то раскацістыя гукі фартэпіяна, ці то жаласлівы плач скрыпкі альбо пяшчотныя пералівы акардэона. Так званае музычнае аддзяленне – гэта своеасаблівая школа ў школе, дзе пануе непаўторная аўра красы і гармоніі.
– Факультатыўныя заняткі музычнай і харэаграфічнай скіраванасцей наведваюць 275 вучняў, – інфармуе Яўген Васільевіч. – Яны прымаюць удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. У мінулым навучальным годзе імі атрымана больш за 300 узнагарод.
Бліскучыя дасягненні юных музыкантаў – вынік іх супольнай працы з настаўнікамі.
– Гэта незвычайныя людзі, – кажа пра сваіх калег намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.У Гарох, – таленавітыя, крэатыўныя, працалюбівыя. У нашым дружным калектыве пануе дух творчасці. Нехта падасць слушную ідэю, іншыя з інтузіязмам падхопяць – так нараджаюцца цікавыя праекты.
Сёлета настаўніцкая суполка папоўнілася дзвюма піяністкамі. Навічкоў мы прымаем сардэчна. Хачу зазначыць, што многія з цяперашніх калег – нашы выпускнікі, якія пасля сканчэння адзінаццацігодкі прадоўжылі адукацыю ў адпаведным накірунку, а затым вярнуліся на працу ў родную школу.
Нам вельмі не хапае зараз у калектыве Л.В. Перчанка, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Гэта, без перабольшання, чалавек-імперыя, чалавек-эпоха. А ўвогуле, усё ў нас цудоўна, як звычайна, мы ў няспынным творчым працэсе.

Шлях у прафесію адкрылі настаўнікі

– Школьны канцэрт да Дня настаўніка, на які запрашаюцца як сённяшнія педагогі, так і ветэраны галіны, з якімі падтрымліваем цесныя стасункі, рыхтуецца з актыўным удзелам музычнага аддзялення, – паведамляе дырэктар школы. – Настаўнік нават пасля выхаду на пенсію застаецца настаўнікам.
Яўген Васільевіч узначальвае установу адукацыі з мінулага навучальнага года. У яго не надта вялікі педагагічны вопыт – усяго дзесяць гадоў – але гэта не той выпадак, калі маладосць успрымаецца знакам тоеснасці недасканаласці, а, наадварот, яна паказальнік энергічнасці, стымул да працы.
Па прызнанні дырэктара, шлях у прафесію яму адкрылі яго школьныя настаўнікі. Ён і цяпер з душэўным узрушэннем згадвае ўрокі Г.П. Гугельчук, З.П. Навумчык. Не з меншым гонарам кіраўнік школы распавядае пра сваіх сённяшніх калег. Адна з іх – Ірына Іосіфаўна Драчэнка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Па лесвіцы даверу

У чацвёртай гарадской школе Ірына Іосіфаўна Драчэнка працуе з 2001 года. Вядома ж, хвалявалася, калі ўпершыню прыйшла на ўрок: за плячыма быў вопыт работы ў сціплай вясковай школе, а тут… трыццаць тры пяцікласнікі дапытліва глядзяць на яе. Яна павінна была зрабіць усё, каб заваяваць давер  гэтых няўрымслівых цікаўных стварэнняў, адкрыць ім святло роднай мовы, пачуццяў чалавечых.
Вопыт зносін з вучнямі, які настаўніца карпатліва набывала дзень пры дні, год ад году, надае ёй цяпер упэўненасці, але гэта не азначае, што можна задаволіцца дасягнутым: шлях да самаўдасканалення бясконцы, жыццё, новыя веянні часу патрабуюць пошуку новых формаў і прыёмаў у выкладанні прадметаў. Нязменным застаецца хіба што адно: удумлівае стаўленне да кожнага дзіцяці, добразычлівасць адносінаў з вучнямі.
– Калі мой выхаванец не вывучыў урок, ставіць нездавальняючую адзнаку я не спяшаюся, – кажа Ірына Іосіфаўна. – Даю магчымасць выправіць хіб.
У мяне няма любімчыкаў, мне ўсе дзеці падабаюцца, падабаецца іх вучыць. Да прыкладу, у пяты клас прыходзіць малеча непаседлівая, гарэзная, якая хоча ўсё ведаць альбо не хоча нічога ведаць. А мне трэба пражыць, у згодзе пражыць і даверы, з маімі вучнямі да той цудоўнай пары, калі яны імкнуцца да ведаў свядома, спасцігаюць іх мэтанакіравана, бо ўжо намацалі сцежку ў будучыню.
Напэўна, гэтую сваю сцежку з дапамогай настаўніцы адшукала і дзесяцікласніца Дар’я Масюк, пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Але ж для Ірыны Іосіфаўны не важна, каб яе вучні сталі настаўнікамі, галоўнае, каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці.
На пытанне, ці не адчувае настаўніца прафесійнага выгарання, мая суразмоўца, паглыбіўшыся ў сябе, праз імгненне адказала:
– Не, такога сіндрому, які спалучаецца з эмацыянальным апусташэннем і вядзе да вычарпання асобасных рэсурсаў чалавека, дзякуй Богу, у сабе не заўважаю. Але бывае стома, моцная стома, калі хочацца спакою, цішыні. Хутка сілы вяртаюцца. Часта гэтаму спрыяюць самі вучні – сваёй шчырасцю, спагадлівасцю, натхнёнай вучобай, а іншым разам проста ўсцешным словам беларускім – і куды дзяецца стома! Ведаеце, нашы дзеці пры тым, што з задавальненнем спасцігаюць сакрэты роднай мовы, не горш разумеюць рускую і замежныя мовы.

Шчасце настаўніка

У тым, што вучні маюць поспехі ў вывучэнні замежных моў, упэўнілася падчас размовы з выкладчыцай нямецкай мовы С.В. Валашчук.
З дзяцінства Святлана марыла быць… не, не настаўнікам, як гэта часта бывае, а ўрачом. Маці, выкладчыца нямецкай мовы, не руйнавала мары дачкі, не настойвала, каб тая прадаўжала сямейную прафесійную дынастыю. А між іншым, дзяўчынка паўсядзённа знаходзілася ў настаўніцкім акружэнні. А яшчэ з вуснаў маці шчодра лілася такая прыемная слыху нямецкая мова! Гэтая чужая мова так лёгка давалася Святлане ў школе! Гены зрабілі сваю справу: тая, якая, здаецца, яшчэ ўчора марыла лекаваць людзей, пайшла вучыцца на настаўніка замежнай мовы.
Падчас вучобы (ды і падчас працы) былі стажыроўкі ў Германію. Святлана Васільеўна наведвала ўрокі, з асалодай слухала нямецкую гаворку і была прыемна здзіўлена тым, які гонар маюць немцы за сваю мову, культуру.
Зараз настаўніца са сваімі адоранымі вучнямі падтрымлівае сувязі з Гётэ-Інстытутам, адзін з філіялаў якога знаходзіцца ў Мінску. У ходзе супрацоўніцтва з Інстытутам, заснаваным з мэтай дапамагаць тым, хто вывучае нямецкую мову ў якасці замежнай, вучні Святланы Васільеўны ўдзельнічаюць у розных творчых праектах. Так, сёлета адзінаццацікласніца Насця Жушма заявіла пра сябе ў конкурсе «Пісьменнікі будучыні», а таксама намінавана на прэзідэнцкую прэмію.
– Кажуць, настаўнік выхоўвае вучня, каб было ў каго вучыцца, – дзеліцца перадуманым Святлана Васільеўна. – Сапраўды. Мне ёсць чаму павучыцца ў маіх вучняў. Гэта і ёсць шчасце настаўніка.

Ірына Саломка.