Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

І пішуцца вершы аб роднай старонцы...

Количество просмотров:

Адзін мудры чалавек сцвярджаў, што “жыццё багата не колькасцю пражытых дзён, а тымі днямі, што былі значнымі і таму запомніліся”. Бясспрэчна, што такім жыццёвым святам-адкрыццям садзейнічаюць незабыўныя сустрэчы з родным домам, родным словам, сябрамі-аднадумцамі, з якімі можна падзяліцца самымі патаемнымі думкамі і пачуццямі, сустрэчы з куточкамі прыроды-матухны - з усім тым, за што кожны з нас нясе адказнасць усё сваё свядомае жыццё.

Таму, пэўна, не памылюся, калі выкажу думку, што такім святам-адкрыццём для нас стала літаратурная гасцёўня “І пішуцца вершы аб роднай старонцы…”, прысвечаная Году малой радзімы, Дню беларускага пісьменства, які знойдзе прыпынак у гэтым годзе на Іванаўшчыне.
Невялічкі ўтульны пакойчык Тышкавіцкай сельскай бібліятэкі ў гэты святочны дзень па запрашэнні яе добразычлівых гаспадынь Іны Сямёнаўны Данілевіч і Алены Маркаўны Маліч наведалі старшакласнікі мясцовай сярэдняй школы, настаўнікі, былыя паляводы, жывёлаводы, медыкі, каб зноўку апынуцца ў свеце чароўнага паэтычнага слова, трапнай гумарэскі, задушэўнай народнай песні. Аўтарамі гэтых цудоўных творчых знаходак сталі тышкаўцы, людзі, неабыякавыя да сваіх каранёў, горача ўлюбёныя ў родную вёску і ў яе краявіды, здольныя адкрыць свае душы праз трапнае слова і меладычную народную песню.
Адкрылі свята паэзіі вершы Васіля Сцяпанавіча Каткаўца, загадчыка ад-
дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага раённага выканаўчага камітэта, аўтара паэтычнага зборніка “Васільковы палетак”, ура-джэнца вёскі Тышкавічы, напісаўшага тэкст гімна Тышкавіцкай сярэдняй школы “Белая птушка Палесся”. Рэўнасна берагуць землякі Васіля Сцяпанавіча яго “палетак васільковы”, пад вызначэнне якога і трапляе паняцце культура ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Калі ж на ім працуюць сейбіты, якія роўня Васілю Каткаўцу, дык і аддача ад яго, палетка гэтага, надзіва вялікая.  Вымяраецца яна, праўда, не тысячамі тон атрыманага зерня, не сотнямі тысяч літраў надоенага малака, але ёсць і тое, што не менш важна, чым тоны і літры, і што ўратуе  чалавецтва. Таму так задушэўна прагучалі радкі паэта-земляка ў выкананні дзевяцікласніцы Кацярыны Бартош “На радзіме ў в. Тышкавічы”:
Мне выпала шчасце тут нарадзіцца,
Мне выпала шчасце
жыццё тут спазнаць,
Да светлай крыніцы жыцця
 прычасціцца
І краю свайго прыгажосць адчуваць.
Мне выпала шчасце
спяваць і танчыць,
Да самай раніцы слухаць расу
І сполахі барваў-зарніц няньчыць,
І радасць адчуць, і сябе, і красу.

Ва ўнісон гучалі мелодыі ў выкананні юных цымбалістак Ірыны Аніскавец, Арыны Бартош і выкладчыка школы мастацтваў, баяніста Андрэя Мазько, а таксама ў выкананні падрастаючых гітарыстаў і баяністаў Мікалая Барташа, Кірыла Каткаўца, Ксеніі Бартош, Насці Палюховіч, Андрэя Новіка разам з выкладчыкам Таццянай Мазько.
Не хлебам адзіным жыве чалавек. Таму цяжка ўявіць цяпер жыццё без звароту да духоўнасці, дзе бяруць перавагу духоўныя, маральныя і інтэлектуальныя інтарэсы над матэрыяльнымі. У гэтым цвёрда пераканана былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Іванаўна Маліч, аўтар светлых, пяшчотных радкоў, надрукаваных у раённай газеце.
Выказала жаданне прысутнічаць і прыняць удзел у літаратурнай гасцёўні і Ала Іванаўна Каткавец, былы карэспандэнт раёнкі “Чырвоная звязда” і абласной газеты “Зара”, заснавальнік і рэалізатар праекта газета ў газеце “Ясяльдзянскі край”, аўтар вершаў, нарысаў, гумарыстычных замалёвак. Да яе ў тышкаўцоў асаблівыя адносіны: гэта чалавек вялікага сэрца і добрай душы, маці, адправіўшая ў самастойнае жыццё трох прыёмных дзяцей, якіх і цяпер лічыць сваімі, роднымі. Таму не дзіўна, што паэтычныя радкі Алы Іванаўны, пачутыя ад самога аўтара, суправаджаліся ўдзячнымі апладысментамі.
А тры гумарыстычныя замалёўкі, прагучаўшыя ў аўдыторыі, выклікалі ў слухачоў радасную ўсмешку.
Дзейснай падтрымкай гэтага святочнага настрою стала выступленне песеннага ансамбля “Журавушка” Тышкавіцкага ДК у складзе Зінаіды Бартош, Ніны Бондар, Ганны Бартош і Таццяны Ксёнда пад акампанемент  гарманіста Івана Кандзярэшкі.
Творчасць – гэта не прафесія, гэта стан душы, які дае магчымасць у метафарычнай падачы раскрыць самае запаветнае і таямнічае.  І каб мець падставу для творчасці, на думку Генрыха Ібсена, трэба каб само жыццё наша было змястоўным. Справядлівасць гэтых слоў падмацоўваецца творчымі здабыткамі Вольгі Аляксандраўны Хала і Марыі Якаўлеўны Аніскавец, Таццяны Феадосьеўны Каткавец. Яны даўно развіталіся з любімай справай, якой аддана служылі большую частку свайго жыцця. Аднак творчая іх натура патрабуе бесперапыннай дзейнасці, пастаяннага тварэння, так як па-за тварэннем няма і не можа быць творчасці. Прадуктам гэтага тварэння Вольгі Аляксандраўны і Марыі Якаўлеўны сталі вершы-прысвячэнні бацькам, дзецям, сябрам-аднадумцам, блізкім людзям. А Таццяна Феадосьеўна стала актыўным удзельнікам, салісткай ансамбля “Журавушка”, у знак павагі і ўдзячнасці сваім вядомым землякам, родзічам, сябрам у хвіліны творчага парыву прысвяціла шмат вершаў-песень, якія неаднаразова гучалі са сцэны ў адрас знакамітага ансамбля “Знаходка”.
Парадаваў прысутных сваімі юнацкімі вершамі і старшыня Мотальскага сельскага Савета Сяргей Мікалаевіч Піліповіч, пацвердзіўшы яшчэ раз справядлівасць афарызма, што “вялікая душа, як вялікі касцёр, здалёк бачна”.
Стала ўжо аксіёмай сцвярджэнне, што без ведання гісторыі сваёй маленькай радзімы, немагчыма веданне гісторыі сваёй Айчыны. Тым больш відавочна, што таму, хто не памятае мінулага, наканавана перажыць яго зноўку. Таму ў праграму літаратурнай гасцёўні ўвайшлі ўрыўкі з артыкулаў “Веліч мацярынскіх сэрцаў”, “ Іх вайна застала ў калысцы” і верш сямікласніцы Марыі Бартош “Прадедушка”, дзе выказана еднасць і вернасць пакаленню абаронцаў Айчыны ў час ваеннага ліхалецця.
Амаль дзве гадзіны паэтычнай сустрэчы праляцелі як адно імгненне.
А апафеозам яе стала ўручэнне сувеніраў гасцям – буклетаў “Нашы знакамітыя землякі”, падрыхтаваных калектывамі сельскай і раённай бібліятэкі. Таму хочацца пажадаць руплівым захавальніцам  кніжнага скарбу творчага ўзлёту, узаемапаразумення і невычэрпнай працавітасці.

Іван Шпак,
старшыня Тышкавіцкай пярвічнай ветэранскай арганізацыі.