Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Каб мова беларуская гучала

Количество просмотров:

У Міжнародны дзень роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага, Адрыжынская сярэдняя школа гасцінна расчыніла дзверы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, што працуюць ва ўстановах адукацыі Іванаўшчыны. Педагогі сабраліся на раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне. Тэма сустрэчы – “Выхаваўчы патэнцыял вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры”.

Праграма мерапрыемства была цікавай і насычанай. З самай раніцы ў вясковай альма-матэр на фоне музыкі беларускіх кампазітараў гучала мілагучнае роднае слова.
Шаноўных гасцей у холе першага паверха ўрачыста сустракалі вучні. Настаўнікаў віталі і запрашалі на шыкоўнае свята апранутыя ў нацыянальнае адзенне вядучыя Дар’я Жванько і Уладзіслаў Брыль. Затым увагу прысутных засяродзілі ансамбль лыжкароў і ансамбль танца “Dance life”, якія падчас выступленняў прадэманстравалі свае творчыя здольнасці.
Семінар прадоўжыўся ў актавай зале, дзе з прывітальным словам да педагогаў звярнулася дырэктар Адрыжынскай СШ І.М. Гарбунова. Яна азнаёміла педагогаў з праграмай Дня роднай мовы і дала агульную характарыстыку ўстанове.
– Сёння ў школе займаецца 107 навучэнцаў, дзейнічае 21 прадметны кабінет, 4 кабінеты пачатковых класаў, бібліятэка, вучэбныя майстэрні, кабінет псіхолага і службы СППС, пакой дзіцячага самакіравання, спартыўная і актавая залы, – паведаміла Іна Мікалаеўна.
Акрамя гэтага, госці праглядзелі цікавую прэзентацыю, у якой расказвалася пра насычанае і рознабаковае жыццё адрыжынскіх вучняў, пра іх поспехі і дасягненні.
У рабоце раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання актыўны ўдзел прынялі і настаўнікі Адрыжынскай сярэдняй школы. Так, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Хайко запрасіла гасцей на адкрыты ўрок па беларускай літаратуры ў 6 класе, дзе вучні вывучалі твор Уладзіміра Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі”. А Ірына Іванаўна Жванько правяла адкрыты ўрок па беларускай мове ў 9 класе па тэме “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Бяззлучнікавыя сказы: будова, значэнне, ужыванне”.
Дарэчы, педагогі, аналізіручы наведаныя заняткі, высока ацанілі якасць правядзення ўрокаў, узровень ведаў навучэнцаў. Вельмі ўразіла і тое, што дзеці свабодна размаўляюць на роднай беларускай мове. Згадзіцеся, у наш час – гэта вялікая рэдкасць.

Odrizhin Seminar 2
Odrizhin Seminar 3
Odrizhin Seminar 4


Даволі цікавай і, бадай, самай запамінальнай часткай мерапрыемства былі тэматычныя перапынкі паміж заняткамі, падчас якіх у выкананні вучняў розных класаў гучалі вершы, песні, прыказкі і прымаўкі на беларускай мове. На працягу дня ўсе класы шчыравалі ў розных конкурсах, віктарынах, інтэлектуальных гульнях, якія патрабавалі ад дзяцей кемлівасці і вынаходніцтва.
Найбольш руплівымі ўдзельнікамі аказаліся самыя маленькія школьнікі, якія за некалькі хвілін перапынку не толькі пазнаёміліся з беларускімі народнымі гульнямі, але паспелі і пагуляць у іх. Праверыць сваю эрудыцыю, а таксама вызначыцца добрым веданнем граматыкі змаглі вучні сярэдніх класаў у час правядзення пазнавальнай гульні-віктарыны “Знаўцы роднай мовы”. Вельмі захапіў прысутных музычны калейдаскоп “Спяваю табе, Беларусь”. Прарэкламаваць творы нашай літаратурнай спадчыны выпала магчымасць старшакласнікам, якія прыгожа чыталі вершы беларускіх паэтаў. Самым цікавым і даволі незвычайным атрымаўся танцавальны перапынак, дзе вучні, настаўнікі і госці прынялі ўдзел у флэшмобе “Танцуем разам”.
У холе была арганізавана кніжная выстава, на якой змяшчаліся кнігі беларускіх аўтараў. Радавалі вока і інфармацыйныя стэнды: “Класіка можа быць брэндам”, “Гістарычны шлях роднай мовы”, “Таямніцы роднай мовы: прыказкі і прымаўкі” і іншыя. Дарэчы, кожны з прысутных мог пакінуць некалькі добрых слоў у кнізе пажаданняў роднай мове і зрабіць здымак на памяць каля прыгожай фотазоны.
Дзень, праведзены ў Адрыжынскай сярэдняй школе, аказаўся надзвычай насычаным. Упэўнена, што свята, прысвечанае Дню роднай мовы, нікога не пакінула абыякавым. Настаўнікі з радасцю выкарысталі магчымасць зносін і абмену вопытам, высока ацанілі работу калектыву дадзенай установы адукацыі.

Кацярына КАЛЕНДА.
Фота аўтара.