Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Куды пайсці вучыцца?

Количество просмотров:

Гэтым пытаннем задаюцца ўсе вучні, якія падыходзяць да такога адказнага этапу ў сваім жыцці, як заканчэнне школы. І, напэўна, ніхто не зможа паспрачацца з тым, што выбар прафесіі – гэта, бадай, самы галоўны і важны крок у жыцці кожнага чалавека.

Для таго, каб дапамагчы выпускніку правільна вызначыцца з гэтым выбарам працуюць усе: і бацькі, і прадстаўнікі навучальных устаноў, і, вядома ж, педагагічны калектыў кожнай школы. Каб з’арыентавацца і не згубіцца ў гэтым велізарным свеце прафесій на базе ўстановы адукацыі “Сярэдняя школа №4 г. Іванава” 27 сакавіка быў праведзены Дзень прафарыентацыі, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На мерапрыемства было запрошана парадка 500 вучняў 8-11 класаў гарадскіх і сельскіх школ раёна. Дзень прафарыентацыі пачаўся са звароту да будучых выпускнікоў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 г. Іванава С.І. Галёты. Святлана Іванаўна засяродзіла ўвагу на важнасці выбару прафесіі: “У праграме Дня прафарыентацыі прадугледжаны выставы, майстар-класы, прэзентацыі. Прадстаўнікі больш поўна змогуць паведаміць пра сваю навучальную ўстанову, даць індывідуальную кансультацыю і адказаць на ўсе пытанні, якія вас цікавяць. Калі ласка, скарыстайце гэтую магчымасць”.
У фае школы было надзвычай людна. У рамках Дня адкрытых дзвярэй свае стэнды прадставілі вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Ляхавіцкага аграрнага каледжа БарДУ, Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя Кляшчова, Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Пінскага каледжа БрДУ імя А.С. Пушкіна, Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэх-   нікі, Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя г. Драгічына, Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання, Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Proforientacija 2
Proforientacija 3
Proforientacija 4


Адным словам, вучні маглі пазнаёміцца з прафесіяй любой накіраванасці. У ходзе мерапрыемства праводзіліся розныя майстар-класы. У выпускнікоў была магчымасць пагутарыць са студэнтамі, задаць пытанні выкладчыкам навучальных устаноў, паглядзець фота- і відэапрэзентацыі. Найбольш уразіў прысутных майстар-клас Ляхавіцкага аграрнага каледжа: прысутныя назіралі, як трусу рабілі ультрагукавое даследаванне. Навучэнец Пінскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў дэманстраваў працэс кладкі пліткі, а Лунінецкі каледж – розныя віды афармлення страў пры дапамозе гародніны. Дарэчы прадстаўніцай Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці была выпускніца Адрыжынскай сярэдняй школы, адна з лепшых студэнтак каледжа Людміла Кірылюк. Каля дзяўчыны знаходзілася і яе выкладчыца: “Людміла вучыцца ў нашай навучальнай установе па прафесіі повар, думаю, што яна скончыць каледж з павышаным разрадам, яшчэ Люда дадаткова навучаецца па кваліфікацыі афіцыянта. Дзяўчынка вельмі таленавітая, некаторыя рэчы яна робіць лепш за мяне. Я ганаруся, што яна мая выпускніца. Іванаўскае райпо ўжо даслала нам запыт на размеркаванне Людмілы на працу ў рэстаран поварам. Я думаю, што яна сябе добра зарэкамендуе, бо гэта працавіты, творчы і вельмі актыўны чалавек”, – расказала выкладчыца.
Сама дзяўчына кажа, што такую спецыяльнасць выбрала па сваім ўласным жаданні: “Я хацела быць поварам. Хацела навучыцца добра гатаваць стравы, бо гэта прафесія трэба і на працы, і дома. Вучыцца мне вельмі падабаецца. Я рада, што выбрала тое, што мне па душы”.
І такіх гісторый-прыкладаў мноства. Цяперашнія вучні школ слухалі расказы студэнтаў, іх парады. Усё ж такі, як сцвярджаюць многія, вельмі важна, каб тое, чым будзеш займацца ў будучым, падабалася.
Далей па праграме вучні прагледзелі відэаматэрыялы ўстаноў адукацыі. Цесна супрацоўнічае з усімі школамі раёна па пытанню прафарыентацыі выпускнікоў цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава, якой быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры і падрыхтаваны стэнд «Мая прафесія – мая будучыня».

Ірына ЗАЙМІСТ. Фота аўтара.