Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Можна зрабіць што заўгодна, калі моцна захацець

Количество просмотров:

У маі гэтага года наша зямлячка, выпускніца гарадской гімназіі Елізавета Мацукевіч стала абсалютным пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Гэта выдатны вынік для дзяўчыны, яе педагогаў і родзічаў. Мы вырашылі пацікавіцца ў Елізаветы сакрэтамі яе поспеху і планамі на бліжэйшую будучыню. 

Шчыра кажучы, да гэтага моманту вобраз выдатніка і батаніка ў маім уяўленні быў сфарміраваны рознымі маладзёжнымі фільмамі і серыяламі. Гэтакі эталон маўклівага, засяроджанага ў сабе і закамплексаванага завучкі. Таму быў вельмі здзіўлены ўбачыць перад сабой надзвычай пазітыўнага і энергічнага чалавека. Як высветлілася, такая жыццёвая філасофія характэрная для дзяўчыны, магчыма ў ёй крыецца адзін з сакрэтаў поспеху.
Біялогія, як любімая навука, у жыццё Лізы ўвайшла не так ужо даўно – усяго два гады таму. Праменьчыкам святла і клапатлівым правадніком у гэтае царства стала настаўніца біялогіі гімназіі Валянціна Андрэеўна Лялюк. 
– Мы пачалі займацца з ёй летам перад 10 класам, – распавядае суразмоўца. – І з першых крокаў у нас склаліся вельмі добрыя даверлівыя адносіны. Раней усе прадметы мне даваліся ў роўнай ступені лёгка, і я не магла вылучыць нешта канкрэтнае. Але Валянціна Андрэеўна абудзіла ў ва мне іскру жывой цікавасці менавіта да багатага і прыгожага свету біялогіі. З тых часоў мы шмат прайшлі разам і па шляху пазнання розных абласцей гэтай навукі, і па розных конкурсах і алімпіядах.
Успамінае Лізавета, як крыўдна было ёй атрымаць сертыфікат на першай сваёй рэспубліканскай алімпіядзе.


– Горка было, хоць плач. Думала спачатку парваць і выкінуць бескарысную паперку, – з прыкрасцю кажа выпускніца. – Бо сертыфікат – гэта суцяшальны прыз, які падкрэслівае, што табе чагосьці не хапіла да запаветнага дыплома. А сёння бяру ў рукі абедзьве ўзнагароды і разумею, што шмат у чым дзякуючы гэтаму здолела перамагчы сябе, прыклала больш намаганняў і дасягнула сваёй мары. Бо можна зрабіць што заўгодна, калі моцна захацець.
Да рэспубліканскай алімпіяды Ліза Мацукевіч паспяхова пераадолела тры пачатковыя этапы: школьны, раённы і абласны.
– Заключны этап алімпіяды прайшоў у Пінску на базе Палескага ўніверсітэта, – працягвае дзяліцца ўражаннямі суразмоўца. – Прыехалі самыя таленавітыя школьнікі з усёй краіны (па пяць чалавек ад кожнай вобласці і горада Мінска). Выпрабаванні праходзілі на працягу трох дзён і складаліся з двух тураў. Тэорыя ўключала 80 пытанняў з розных абласцей біялогіі, а практыка – з трох кабінетаў, якія кожны год змяняюцца. Сёлета гэта былі фізіялогія раслін, генетыка і малекулярная біялогія, біяхімія. І неяк з першых крокаў пайшло гладка, па меншай меры, прасцей, чым у вобласці. Выніковых балаў нам ніхто не называў, як высветлілася, гэта канфідэнцыйная інфармацыя, таму нават адрыў ад канкурэнтаў прасачыць было немагчыма. Многія не верылі, што дзяўчына з глыбінкі можа атрымаць перамогу. Адзін хлопец нават здзівіўся: «Ты што, не ездзіла ў БДУ рыхтавацца? А як жа ты будзеш удзельнічаць?». Але нас такіх, з глыбінкі, было шмат, асабліва ў хіміка-біялагічным профілі. І многія дабіліся поспеху дзякуючы сваім таленавітым настаўнікам. У апошні дзень падчас цырымоніі ўзнагароджання, калі прагучала маё прозвішча ў ліку пераможцаў, гэта быў сапраўдны шок і бязмерная радасць. Шчаслівая хадзіла некалькі дзён запар, усё думала, гэта сон і хутка я прачнуся.
На працягу ўсёй доўгай алімпіяднай дыстанцыі дзяўчыну падтрымлівала сям'я – мама Алена Іванаўна і бабуля Марыя Уладзіміраўна. У роднай школе таксама рады і ганарацца за сваю былую вучаніцу. Адной з першых Лізу павіншавала любімая настаўніца Валянціна Андрэеўна. Бо шмат у чым гэта і яе ўзнагарода таксама. 
Як прызнаецца Елізавета, была ў яе яшчэ адна мара – паўдзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе. Яна вельмі складаная і мала хто хоча гэтым займацца. Але, на жаль, у гэтым годзе яна праходзіла ў анлайн-фармаце і Беларусь не падала заяўку на ўдзел. 
Зараз перад дыпламанткай адкрыта мноства дарог. Перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе дазваляе паступаць у навучальныя ўстановы краіны (адпаведнага профілю) без уступных выпрабаванняў. Але свой усвядомлены выбар Елізавета зрабіла даўно – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (фармацэўтычная дзейнасць). Дакументы туды абітурыентка будзе падаваць толькі ў канцы ліпеня. А пакуль пра задумкі на лета дзяўчына кажа так:
– Асаблівых планаў на бліжэйшыя месяцы ў мяне няма. Проста хочацца адпачыць, змяніць абстаноўку, набрацца сіл перад навучальным годам. 
Ну што ж, мне таксама вельмі хочацца, каб у таленавітай дзяўчыны ўсё ў жыцці склалася добра. А атрыманы багаж ведаў дапамог ёй не толькі ў вучобе, але і ў далейшай прафесійнай дзейнасці.

 Валерый Міхальчук.